Дваровыя тэрыторыі каля дамоў савецкай забудовы могуць добраўпарадкоўваць разам мясцовыя ўлады, службы ЖКГ, жыхары, і прыклад такога ўзаемадзеяння ёсць у Полацку. Пра гэта паведаміў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч пасля асабістага прыёму ў Полацку.
На прамую тэлефонную лінію звярнулася больш за 30 чалавек. Самая вялікая колькасць пытанняў датычылася жылфонду: трэшчыны ў дамах, холад у кватэры, праблемы дрэннай вентыляцыі, аплата камунальных паслуг, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Па кожнай з заяўленых праблем памочнік Прэзідэнта даручыў разабрацца дэталёва, паведаміла БелТА.
Як распавёў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, штогод у горадзе добраўпарадкоўваюць 15-17 двароў за кошт бюджэтных сродкаў. Анатоль Ліневіч адзначыў, што да планавага аб'ёму можна на конкурснай аснове дадаваць яшчэ 3-4 дадатковыя аб'екты, дзе жыхары гатовыя стаць дольшчыкамі ў правядзенні капрамонту. Гэтае пытанне мясцовая ўлада возьме на разгляд.
Нямала зваротаў было наконт стану дарог. Праезная частка некаторых вуліц, аддаленых ад цэнтра горада, у міжсезонне становіцца непраходная для аўтатранспарту з-за ямін і лужын. Пешаходныя дарожкі альбо адсутнічаюць, альбо прыйшлі ў заняпад. Старшыня райвыканкама па кожным з заяўленых пытанняў зрабіў распараджэнні, некаторыя звароты ўзяў на асабісты кантроль.
Пенсіянерка з Полацка турбавалася з нагоды частых выпадкаў махлярства з банкаўскімі карткамі. Яе знаёмыя нярэдка станавіліся ахвярамі нядобрасумленных людзей, якія нажываюцца на даверлівасці пажылых людзей і ўмеюць падманам выцягнуць іх зберажэнні. Заяўніца прапанавала на вялікіх рэкламных білбордах размяшчаць інфармацыю аб хітрыках, на якія ідуць віртуальныя злачынцы. І скласці для пенсіянераў спецыяльную памятку. Анатоль Ліневіч адказаў заяўніцы, што яе прапанова будзе разгледжана, а мясцовыя ўлады абавязаліся правесці разам з банкамі асветніцкую работу сярод пенсіянераў.
Некалькі чалавек, якія дазваніліся на прамую лінію, і тыя, хто прыйшоў на асабісты прыём, расказалі аб праблеме, звязанай з пераходам на электрычнае ацяпленне дамоў. Старыя лініі электраперадачы і падстанцыі не могуць вытрымаць нагрузкі, якая павялічваецца, а таму неабходна будаваць новыя падстанцыі, мяняць электрасеткі. Анатоль Ліневіч адзначыў, што гэтая праблема актуальная не толькі для Полацкага раёна, але і для іншых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Яе рашэнне — ва ўзвядзенні новых, больш магутных падстанцый, і гэтая работа вядзецца паэтапна. Распрацаваны графік будаўніцтва, у адпаведнасці з якім ажыццяўляецца мадэрнізацыя энергасістэмы.
У рэгіёнах працягваюцца сустрэчы і прамыя лініі прадстаўнікоў улады з насельніцтвам. Такая форма ўзаемадзеяння на практыцы даказала сваю эфектыўнасць. Галоўнае — пачуць і дапамагчы людзям вырашыць іх надзённыя пытанні, што і адбываецца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/anatol-linevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/asabisty-pryyom-gramadzyan
[5] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-telefonnaya-liniya
[6] https://zviazda.by/be/tags/dobrauparadkavanne