Над гэтым прыйдзецца працаваць усім дзяржаўным органам на працягу пяці гадоў, адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Людміла Канановіч. Пашыранае пасяджэнне гэтай камісіі, прысвечанае аплаце працы ў бюджэтнай сферы, з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прайшло ў Палаце прадстаўнікоў.
З 1 студзеня 2020 года Указам Прэзідэнта № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый» у Беларусі ўкаранёны новы механізм налічэння заробкаў бюджэтнікам. Згодна з ім, аплата ажыццяўляецца па тарыфнай сістэме, якая ўключае базавую стаўку і 18-разрадную тарыфную сетку, а заработная плата складаецца з акладу, стымуляцыйных і кампенсацыйных выплат.
«З увядзеннем новай сістэмы аплаты працы на адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сталі паступаць звароты, скаргі, якія змяшчалі звесткі пра зніжэнне ўзроўню заработнай платы. Гэта патрабавала маніторынгу і вывучэння праблемнай сітуацыі практычнага прымянення абноўленых падыходаў да аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях. Па выніках маніторынгу ўрад прапанаваў асобныя падыходы скарэктаваць для павышэння ролі матывуючага складніка ў заработнай плаце», — нагадала Людміла Канановіч і дадала, што змяненні ўступяць у сілу з 1 ліпеня бягучага года.
Парламентарый адзначыла, што важны кірунак Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны — рост даходаў насельніцтва, у тым ліку і работнікаў бюджэтнай сферы.
«Індыкатары (росту. — «Зв.»), якія вызначаны Праграмай, у першую чаргу — суадносіны заработнай платы асобных катэгорый работнікаў з сярэднерэспубліканскім узроўнем. Індыкатарам для педагагічных работнікаў — давядзенне да 100 працэнтаў гэтых суадносін, настаўнікаў — да 106 працэнтаў, прафесарскага складу і ўрачоў — да 150 працэнтаў, сярэдняга медыцынскага персаналу — да 90 працэнтаў, работнікаў сферы сацыяльнага абслугоўвання — да 80 працэнтаў, работнікаў фізічнай культуры і спорту — да 105 працэнтаў. Усім дзяржаўным органам прыйдзецца на працягу пяці гадоў працаваць над тым, каб гэтыя індыкатары былі выкананы», — канстатавала Людміла Канановіч.
Член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Анатоль Дашко ў размове з журналістамі адзначыў, што асаблівую ўвагу па пасяджэнні звярнулі на практыку гадавога выкарыстання Указа Прэзідэнта № 27. Прававы акт значна спрасціў і дэбюракратызаваў сістэму налічэння заробкаў. У зімовую сесію дэпутаты закончылі прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым указам — абнавілі восем законаў, Працоўны кодэкс.
«Калі пачалі прымяняць гэты ўказ, з'явіліся скаргі ад работнікаў, таму стварылі міжведамасную рабочую групу, якая іх аналізавала. У ёй былі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, прафсаюзаў, уключаліся і дэпутаты. Амаль праз год пасля з'явіўся Указ № 482, які палепшыў механізмы, што былі недапрацаваны», — сказаў Анатоль Дашко.
Паводле яго слоў, па новым указе сёлета з ліпеня на прэмію супрацоўнікам можна будзе накіроўваць да 20 % фонду заработнай платы, а з будучага года на аздараўленне будуць выдаткоўваць аклад. Бюджэтнікі з ліпеня 2021 могуць разлічваць і на матэрыяльную дапамогу ў памеры 0,3 ад акладу.
«Усе гэтыя стымуляцыйныя выплаты і надбаўкі будуць кожны год пераглядацца па Указе № 482. Гэта будзе адбывацца з сярэдзіны года, каб у наступным было павышэнне. Асноўная задача — стымуляваць работнікаў да годнай працы», — падкрэсліў дэпутат.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-kananovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-dashko