17 сакавіка 2021 года ў сталічнай бібліятэцы-філіяле № 1 імя Л. М. Талстога адбылася імпрэза пад назваю «Калючыя юбілеі».
Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і вучні 10 класаў гімназіі № 56 г. Мінска сустрэліся з рэдакцыяй часопіса сатыры і гумару «Вожык». Галоўны рэдактар Юлія Зарэцкая расказала пра легендарную гісторыю выдання, сённяшні дзень і планы на будучае. Звярнула ўвагу, што нядаўна ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Беларуская сатыра», прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзю часопіса «Вожык». Моладзь задавала шмат пытанняў, цікавілася работай рэдакцыі, адметнасцю выдання.
Юлія Зарэцкая правяла невялікую «жартоўную» віктарыну. Найбольш актыўныя яе ўдзельнікі атрымалі падарункі і шаржы, якія намеснік галоўнага рэдактара, вядомы мастак-карыкатурыст Аляксандр Каршакевіч ствараў літаральна на іх вачах.
Прысутныя засталіся задаволеныя такой цікавай, пазнавальнай і вясёлай сустрэчай, а загадчык бібліятэкі Лола Іназемцава запрасіла рэдакцыю адкрыць пазней ва ўстанове юбілейную выставу карыкатур.
Цыля АЧАКОЎСКАЯ, супрацоўнік бібліятэкі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vozhyk-3
[2] https://zviazda.by/be/tags/padzei
[3] https://zviazda.by/be/tags/kalyuchyya-yubilei