Калі казаць пра сатыру ў айчыннай літаратуры, то першая асацыяцыя, якая ўзнікае, звязана з Кандратам Крапівой. Але імя яго немагчыма ўспамінаць без згадкі пра часопіс «Вожык».
Аб’яднаць дзве ідэі — 125-годдзе з дня нараджэння айчыннага сатырыка і 80-годдзе сатырыкагумарыстычнага выдання — паспрабавалі стваральнікі літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Беларуская сатыра», што днямі адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Праз дакументы, датычныя дзейнасці часопіса «Вожык», аўтографы класікаў, творы якіх друкаваліся пад яго вокладкай, малюнкі, што ілюстравалі «калючыя» старонкі, а таксама фотаздымкі і шматлікія сувеніры-падарункі, што ў розныя гады рэдакцыя атрымала ад чытачоў, можна прасачыць этап за этапам гісторыю станаўлення аднаго з найстарэйшых айчынных літаратурных выданняў. Так, пад адной з вітрын — «Выпіска пратакола пасяджэння Бюро ЦК КП(б)Б ад 22 мая 1945 года» аб пераўтварэнні газетыплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў сатырыка-гумарыстычны часопіс «Вожык». «Устанавіць наклад выдання 20000 асобнікаў, перыядычнасць 2 разы на месяц, аб’ём 8 старонак, кошт аднаго нумара 1 рубль», — менавіта з гэтага дакумента пачалося існаванне «Вожыка», які з таго часу і па сёння нястомна працінае калючкамі вострых кпінаў і трапных жартаў заганы асобна ўзятых тыповых характараў і грамадства ў цэлым. Карыкатуры, якія аздабляюць выстаўку, належаць пэндзлю розных мастакоў: хтосьці з іх — Сяргей Волкаў, Анатоль Волкаў — тварылі ў ранейшыя дзесяцігоддзі, іншыя, напрыклад, Аляксандр Каршакевіч, працуюць у складзе рэдакцыі цяпер.
Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены партрэты, фатаграфіі і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы, эпісталярыі, кнігі з аўтографамі, рукапісы, розныя нумары часопіса «Вожык».
Кандрат Крапіва, дарэчы, ад самага пачатку выдання быў галоўным рэдактарам агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а з моманту ператварэння выдання ў «Вожык» узначаліў і гэты часопіс.
У адкрыцці выстаўкі бралі ўдзел супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Вожык» на чале з галоўным рэдактарам Юліяй Зарэцкай, а таксама ўнучка Кандрата Крапівы Алена Атраховіч, па словах якой у паўсядзённым жыцці, як яна адзначала, Кандрат Кандратавіч усміхаўся не так і часта — амаль заўсёды заставаўся сур’ёзным. Здымкаў, на якіх Крапіва ўсміхаецца, вельмі мала, але адзін з іх наведвальнікі могуць убачыць у літаратурна-дакументальнай экспазіцыі музея. З выстаўкай можна азнаёміцца да пачатку мая.
Яна БУДОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/kandrat-krapiva
[4] https://zviazda.by/be/tags/vozhyk-3