Байцы беларускіх студэнцкіх атрадаў прымуць удзел у І Міжнародным будаўнічым чэмпіянаце ў Сочы, які пройдзе з 20 да 23 красавіка.
Запрашэнне беларускаму боку накіраваў Цэнтральны штаб Расійскіх студэнцкіх атрадаў. Каманда павінна складацца з 12 удзельнікаў. Паколькі іх чакаюць сур'ёзныя спаборніцтвы, адбіралі самых падрыхтаваных — тых, хто ведае будаўнічую справу і мае вялікі вопыт удзелу ў будатрадаўскім руху. Касцяк каманды склалі прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Байцы беларускіх і расійскіх будаўнічых атрадаў будуць спаборнічаць у пяці намінацыях. Агульнакамандныя намінацыі — «Мантаж тэхналагічных трубаправодаў», «Ахова працы», «Агульнабудаўнічыя работы», індывідуальныя — «Неразбуральныя метады кантролю», «Электразваршчык ручной зваркі». Усе яны аб'яднаны ў мультыкамандную намінацыю «Найлепшая пляцоўка па ўзвядзенні». Гэта самая маштабная і відовішчная намінацыя чэмпіянату, у рамках якой адбываецца сімуляцыя рэальнага будаўнічага працэсу на пляцоўцы прамысловага аб'екта. А гэта значыць, што для намінацый будуць створаны асобныя міні-будаўнічыя пляцоўкі.
Пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы. Акрамя таго, будзе падрыхтавана шырокая дзелавая праграма. Але самае галоўнае, што хлопцы змогуць прадэманстраваць свае напрацоўкі і абмяняцца вопытам.
Дарэчы, падчас промапраекта «Выбіраем студатрад!», які стартаваў у пачатку сакавіка і будзе доўжыцца да ліпеня ўключна, ужо запісаліся больш за 4,5 тысячы маладых людзей. Гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якія выказалі жаданне папрацаваць у вольны ад вучобы час.
Прэв'ю: 123.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/studatrady
[4] https://zviazda.by/be/tags/sochy
[5] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0