Кастынг, мэтай якога было адабраць прэтэндэнтаў на ролю вядучых інтэрактыўнага маладзёжнага праекта «ПІН_КОД» на «Беларусь 2», выйшаў на фінішную прамую. Цяпер на працягу двух месяцаў 12 таленавітых школьнікаў і студэнтаў будуць праходзіць прафесійнае навучанне ў камандзе «пінкодаўцаў».
— Да фіналу ў выніку дойдуць не ўсе, таму што кожны тыдзень прэтэндэнты павінны будуць выконваць творчыя заданні, якія маюць дачыненне да тэлевізійнай вытворчасці, а вынікі іх намаганняў ацэніць прадзюсарская група тэлеканала «Беларусь 2». Тыя, хто набярэ найменшую колькасць балаў, будуць пакідаць спаборніцтва. Але ўратаваць ад «вылету» зможа «імунітэт» ад гледачоў, якія змогуць аддаваць свае галасы за «любімчыкаў», — расказвае кіраўнік праекта «ПІН_КОД» Ягор Шолькін.
Варта адзначыць, што кастынг па адборы прэтэндэнтаў на ролю вядучага маладзёжнага праекта быў распачаты ў лютым у рамках праекта «Хачу ў тэлевізар», і на яго падало свае заяўкі больш за паўсотню чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Аднак у лік шчасліўчыкаў трапілі толькі самыя крэатыўныя і вясёлыя. І цяпер будучых тэлевядучых чакаюць 12 майстар-класаў, дзе яны змогуць зазнаць усе тонкасці работы ў прамым эфіры, навучацца самастойна ствараць сюжэты і ўдасканаляць тэхніку валодання мовай. Імя пераможцы, які пройдзе ўсе выпрабаванні і трапіць на запаветную вакансію, гледачы даведаюцца летам. З 26 сакавіка па пятніцах гледачоў пачалі знаёміць з усімі прэтэндэнтамі, а сачыць за перыпетыямі спаборніцтва аўдыторыя можа з аўторка да пятніцы ў 15.45 на «Беларусь 2».
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/hachu-u-televizar
[5] https://zviazda.by/be/tags/pinkod-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-2-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/kastyng-vyaduchyh