Калі хочацца паглядзець на стварэнне тэатральных спектакляў з ракурсу мастака па касцюмах, то варта завітаць у Музей тэатральнай і музычнай культуры, дзе праходзіць выстаўка Таццяны Лісавенкі «Тэатр у маім жыцці».
— Калі гаварыць пра мяне як пра гледача, то я больш люблю пластычныя, музычныя спектаклі. Але ў тэатры мяне заўсёды прываблівала закулісная гісторыя. І я трапіла ў тэатр па простым супадзенні, калі Барыс Іванавіч Луцэнка, рыхтуючы пастаноўку «Амфітрыёна», прапанаваў мне ў 1990 годзе паспрабаваць сябе ў якасці мастака па касцюмах. І гэта быў мой дэбютны спектакль, — расказвае Таццяна Лісавенка. — А потым новая прафесія зацягнула... Мяне курыраваў Яўген Волкаў, ён у той час працаваў галоўным мастаком НАДТ імя Максіма Горкага. Сустрэчы з новымі людзьмі — акцёрамі, рэжысёрамі... Было вельмі цікава і ў навінку. Плюс хацелася больш прасторы для творчасці і рэалізацыі. Так крок за крокам я апынулася ў тэатральнай прасторы. Не адразу ўсё складвалася. Напрыклад, другая пастаноўка ў маім жыцці з'явілася, мабыць, толькі гады праз чатыры, хоць я вельмі пра гэта марыла, перш за ўсё, з-за той асаблівай энергетыкі, якая існуе ў тэатральным свеце. Я магла ствараць нават без ганарараў — так мне было цікава ўзаемадзейнічаць з творчымі людзьмі.
Быў у жыцці мастачкі перыяд, калі з 1985 да 2013 года распрацоўвала дызайн трыкатажных палотнаў і мадэляў адзення для фірмы «Алеся». Акрамя гэтага, яна з 2016 года выкладае тэатральны касцюм у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А мастаком сцэнічнага касцюма Таццяна працуе з 1992 года і мае ў сваім творчым партфоліа ўжо больш за 70 пастановак у самых розных тэатрах Беларусі. Сёння яна з цеплынёй узгадвае сваё супрацоўніцтва з Барысам Луцэнкам, Валянцінай Ераньковай, Віталём Краўчанкам, Уладзімірам Пятровічам і многімі іншымі.
Напрыклад, у 2011 годзе Таццяна Лісавенка распрацавала дызайн касцюмаў да балета «12 крэслаў», а ў 2013-м — да мюзікла «Соф'я Гальшанская» для Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. У розныя часы супрацоўнічала з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета, дзе зараз з рэжысёрам Ганнай Маторнай працуе над пастаноўкай «Дзікага палявання караля Стаха», а да гэтага быў іх сумесны спектакль «Труфальдзіна з Бергама». На рахунку і сумесная творчасць з Магілёўскім драматычным тэатрам, з тэатрам Генадзя Гладкова
«Тэрыторыя мюзікла», з тэатрам аднаго акцёра «Зніч», з тэатрам Славы Іназемцава... Пералічваць можна доўга, але галоўнае, што Таццяна Лісавенка па-ранейшаму не губляе цікавасці да любімай справы і працягвае ствараць.
На выстаўцы ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры прадстаўлена рэтраспектыва эскізаў касцюмаў у асноўным жаночых гераінь, здзейсненых мастачкай на працягу 28 гадоў творчай дзейнасці. Спяшайцеся пазнаёміцца з маленькай часткай закулісся сцэнічнага касцюма!
Алена ДРАПКО
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/kascyum
[6] https://zviazda.by/be/tags/zakulisse
[7] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lisavenka
[8] https://zviazda.by/be/tags/vystauka