У нумары «Звязды» за 26 сакавіка прачытала праўдзівую гісторыю Мікалая Старых «Даюць? Бяры...» [3] і адразу ўспомніла, як сама афармляла пенсію.
Гэта было даўно, у 1999 годзе. Прыехала я ў Вілейку, зайшла ў бухгалтэрыю РАНА. Бухгалтар — як тое дыктаваў закон — выбрала гады з маім самым высокім заробкам, потым сакратарка выпісала ўсе даныя з працоўнай кніжкі; загадчык РАНА падзякаваў мне за працу і паставіў свой подпіс.
Гэтыя дзве паперы я занесла ў аддзел сацыяльнага забеспячэння райвыканкама і, не патраціўшы паўдня, са спакойнай душой паехала дамоў.
Аднак назаўтра мне пазванілі. Жанчына з райсабеса назвала свае прозвішча і пасаду, спытала, ці не магла б я пад'ехаць яшчэ раз напісаць заяву, што выходжу на пенсію на восем дзён пазней, бо так, маўляў, прападае год стажу?..
Я, вядома ж, згадзілася: паехала, перапісала заяву. Была думка ўзяць з сабой хоць каробку цукерак, але ў раёне ўсе ведалі, што ніякіх падарункаў інспектар не бярэ, хоць дабра для людзей робіць шмат, прычым — не парушаючы ніякіх законаў...
Прозвішча той жанчыны (язык не паварочваецца назваць яе чыноўніцай), на жаль, не ў памяці. А вось яе саму я ўспамінаю часта. І толькі дабром!
Л. М. Чыгрынава, г. Мінск
Прэв’ю: pravo.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[3] https://zviazda.by/be/news/20210325/1616691105-vyasyolyya-gistoryi-chytachou
[4] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnaya-padtrymka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pensiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty