На наступным тыдні, 7 красавіка, праваслаўныя вернікі сустрэнуць свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. З гэтай нагоды ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» адбудзецца паказ тэматычнага праекта і трансляцыі святочнай Літургіі.
У 8.25 гледачоў чакае выпуск праграмы «Размовы пра духоўнае», якая раскажа пра гісторыю, традыцыі і значэнне свята Благавешчання для хрысціян, а адразу пасля «Беларусь 3» запрашае на пазнавальную экскурсію ў вёску Ляды Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе знаходзіцца Лядзенскі Свята-Благавешчанскі мужчынскі манастыр — ён стане не толькі прадметам пільнай увагі аўтараў праграмы «Святыні Беларусі», але і аб'яднае вернікаў перад тэлеэкранамі ў 9.00 падчас прамой трансляцыі Літургіі на Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. Дарэчы, на канале «Беларусь 1» напярэдадні трансляцыі ў 8.50 са Словам на свята Благавешчання да тэлегледачоў звернецца Мітрапаліт Веніямін.
Таксама ў планах медыяхолдынга — паказ у прамым эфіры багаслужэнняў на Вербны тыдзень і Светлае Хрыстова Уваскрэсенне па календары праваслаўнай канфесіі.
Нагадаем, што на гэтым тыдні з нагоды Вялікадня па календары каталіцкай канфесіі з 1 да 4 красавіка ў эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 3» чакаецца шэраг святочных трансляцый з Мінскага архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, рымскага Калізея і Ватыкана.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-3
[6] https://zviazda.by/be/tags/blagaveshchanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/pravaslaue