Як толькі ў нас з'яўляюцца лішнія грошы, адразу ўзнікае пытанне, куды іх укласці, каб яны прынеслі нейкі дадатковы прыбытак. У фінансістаў наконт гэтага прапаноў хапае. Аналітыкі ўпэўненыя, што грошы павінны працаваць нават тады, калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць — тут кожны выбірае свой алгарытм.
Уклад з'яўляецца адным з варыянтаў, які дапаможа зберагчы і разам з тым пусціць у абарачэнне і прымножыць свае грашовыя сродкі. Аднак, каб не пралічыцца з такой інвестыцыяй, варта спачатку разабрацца, на што звярнуць увагу, каб у выніку не застацца ў мінусе.
Валюту зберажэнняў выбірайце самі
Нядаўна добры знаёмы майго бацькі (абодвум ужо за 80) нечакана звярнуўся да мяне з просьбай. Справа ў тым, што гэты ўжо немалады чалавек вырашыў памяняць валюту сваіх зберажэнняў. Валют на рынку шмат, а якую выбраць, ён не ведае.
Найлепшай валютай для зберажэнняў гэтай вясной стане долар, расказаў эксперт па фондавым рынку адной маскоўскай інвестыцыйнай кампаніі Дзмітрый Бабін. Па словах фінансіста, валюты, якія былі фаварытамі летась, паступова ператвараюцца ў аўтсайдараў, хоць і даражэлі апошнія 9 месяцаў. Гаворка ідзе пераважна пра валюты еўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у зону еўра (Балгарыя, Венгрыя, Данія, Польшча, Румынія, Харватыя, Чэхія, Швецыя), а таксама валютах тых краін, якія развіваюцца, і з сыравіннымі эканомікамі, якія будуць «падаць» у параўнанні з доларам, удакладніў эксперт.
Ён параіў інвестарам асноўную частку сваіх укладанняў трымаць у доларах у найбліжэйшай перспектыве. Акрамя таго, па словах эксперта, у шэрагу валют ёсць і так званыя нярыначныя рызыкі, якія варта ўлічваць: напрыклад, расійскі рубель недаацэнены ў адносінах да долара, паколькі «знаходзіцца пад ціскам геапалітычных пагроз», адзначыў Бабін.
Ад сябе асабіста я дадаў бы, што калі вы не збіраецеся за мяжу, тады трэба выбіраць валюту для інвестыцый, дзе самая маленькая маржа (розніца паміж купляй і продажам банкнотаў). У нашых беларускіх рэаліях гэта якраз долар. Але не варта забываць, што самыя вялікія працэнты па ўкладах прысутнічаюць менавіта ў рублёвых дэпазітах. І яшчэ нагадаю, што курс долара нязменна стаяў на адным месцы на працягу амаль двух з паловай гадоў, аж да лета мінулага года. Потым яго «сарвала». Можа, хопіць ужо «амерыканцу» расці?
Лепш усё-ткі безадзыўны...
Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы — цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі.
Самы выгадны адзыўны дэпазіт па долары тэрмінам ад 35 дзён да 13 месяцаў прадугледжвае ўсяго толькі 0,75 % гадавых. Даходнасць укладаў у еўра ў залежнасці ад укладу — 0,1-0,5 %. Адзыўныя ўклады можна папаўняць на працягу ўсяго тэрміну захоўвання.
Акрамя таго, як вы здымаеце грошы датэрмінова, працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Зараз умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Дапусцім, ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць за ўсё 0,1 або 0,2 працэнта даходу. Прыкладна такая ж тэхналогія падліку працэнтаў і па рублёвых адзыўных дэпазітах, толькі першапачаткова стаўкі там вышэйшыя.
Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі па заканчэнні таго тэрміну, які паказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабнейшыя і вышэйшыя.
Максімальная стаўка на безадзыўныя ўклады на адзін год цяпер роўная 2,3 % гадавых. Праўда, у сярэдзіне сакавіка часова (два тыдні) праіснавала новая прапанова ад Белгазпрамбанка — уклад на 13 месяцаў пад 2,4 % у доларах і 1,75 % у еўра. Максімальная стаўка ў іншых банках — 2,3 %, па ўкладах у еўра —1,3 %.
І яшчэ. Валютныя ўклады тэрмінам да двух гадоў абкладаюцца падаходным падаткам у 13 %. Напрыклад, «чыстая» стаўка па ўкладзе пад 2,3 % на 13 месяцаў будзе прыкладна роўная 2 % гадавых.
Дагаворы анлайн і на вялікія першапачатковыя сумы — у рублях
Беларускія банкі цяпер з задавальненнем бяруць любыя сумы рублёў на любы час. Галоўнае, каб уклады былі безадзыўныя. Сярэднія працэнты па дэпазітах на тэрмін ад 180 дзён да 24 месяцаў пачынаюцца ад 16 % да 17,5 %. Праўда, ёсць уклады, дзе працэнты дасягаюць 19 % і 19,1 %. У першым выпадку гэта ўклад, дзе мінімальная сума пачынаецца з 5000 рублёў, у другім — дагавор лічыцца заключаным без фізічнай прысутнасці кліента ў банку, у рэжыме анлайн. Каб прыцягнуць кліентаў, банкі сёння прапануюць нядрэнныя працэнты на безадзыўныя ўклады нават на кароткія тэрміны. Стаўкі памерам 12,6 % — 14 % гадавых цяпер можна знайсці на дэпазіце на тэрмін 35, 65 і 95 дзён.
Таксама трэба памятаць, што стаўка фіксаваная, але ёсць нюансы... Большасць дэпазітаў, асабліва з невялікімі тэрмінамі, мае пастаянную працэнтную стаўку, якая самастойна банкамі мяняцца не можа. Наогул, банкі цяпер не могуць памяншаць стаўкі па дэпазітах у аднабаковым парадку. Гэта стала правілам, якое зафіксаваў рэгулятар раней. З названага правіла маецца выключэнне: дагаворы са зменнай стаўкай, што залежыць ад паказчыка, змяненне якога адбываецца незалежна ад банка. У прыватнасці, такім параметрам можа быць стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка. Таму некаторыя банкі, апісваючы стаўку на працяглыя тэрміны, адзначаюць, што яна роўная стаўцы рэфінансавання плюс-мінус нейкі працэнт.
Акрамя таго, банкі пазбавіліся магчымасці зарабляць сродкі яшчэ некалькімі спосабамі, якія ў Нацыянальным банку палічылі непрымальнымі. У прыватнасці, ім забаронена браць грошы за інфармацыю аб умовах крэдытавання і разгляд заявы аб выдачы крэдыту, а таксама за адкрыццё банкаўскага рахунку і залічэнне на яго крэдыту.
Што датычыцца падаткаў, то з рублём мы маем невялікае паслабленне. Падаходны падатак (13 %) будзе ўтрымлівацца з даходаў, атрыманых у беларускіх рублях, — тэрмінам меншым за 1 год. Паляжалі вашы кроўныя рублі на рахунках год і адзін дзень — усё, ніякіх падаткаў з працэнтаў плаціць не трэба.
Некаторыя валютныя дагаворы трэба будзе рэгістраваць
У нашай краіне з 9 ліпеня ўвядуць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дагавораў. Гэта патрабаванне закране ў тым ліку здзелкі па куплі нерухомасці, каштоўных папер, экспартных і імпартных кантрактаў. Але адразу ўдакладнім, што гэта патрабаванне закране не ўсе валютныя дагаворы, а толькі тыя, якія будуць заключаны з нерэзідэнтамі (замежнікамі, замежнымі кампаніямі, арганізацыямі) і перавысяць устаноўленую мяжу. Напрыклад, калі прадаць кватэру расіяніну або ўкраінцу і сума здзелкі перавысіць уведзены ліміт, то прыйдзецца зарэгістраваць дагавор, а калі нерухомасць у вас набудзе жыхар нашай краіны — даваць справаздачу ў Нацбанк аб гэтым не трэба.
Менавіта з ліпеня запрацуе новая рэдакцыя закона «Аб валютным рэгуляванні і кантролі». Сярод іншага, Нацыянальны банк дазволіць адкрываць рахункі ў замежных банках, купляць акцыі і нерухомасць за мяжой без узгаднення з ім.
Дзве ўмовы рэгістрацыі валютнага дагавора
Першая важная ўмова для рэгістрацыі такога дагавора — ён павінен быць заключаны рэзідэнтам з нерэзідэнтам (фізічнай асобай — замежнікам ці замежнай юрыдычнай асобай (кампаніяй, арганізацыяй). Другая ўмова — рэгістраваць валютны дагавор трэба, калі сума па дагаворы перавышае 2000 базавых велічынь для фізічных асоб — цяпер гэта 58 тысяч рублёў, а для юрыдычных асоб і ІП — 4000 базавых (116 тысяч рублёў). Рэгістраваць дагаворы трэба таксама ў тых выпадках, калі сума ў дагаворы не вызначана.
Валютны дагавор падлягае рэгістрацыі, напрыклад, пры продажы кватэры або дома, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, нерэзідэнту. Гэта значыць, калі ў вас захоча купіць нерухомасць расіянін і сума здзелкі перавысіць устаноўленую мяжу, то трэба будзе зарэгістраваць дагавор. Калі беларус набудзе ў Расіі, ва Украіне ці іншай дзяржаве ў нерэзідэнта нашай краіны нерухомасць і сума здзелкі перавысіць мяжу па суме, таксама прыйдзецца зарэгістраваць дагавор.
Спіс дагавораў, якія трэба рэгістраваць, салідны. Сярод іншага, гэта выдзяленне рэзідэнтам грошай нерэзідэнту на бязвыплатнай аснове або дарэнне. Прасцей кажучы, калі беларус падорыць або бязвыплатна перадасць замежніку больш за 2000 базавых велічынь (калі гаворка ідзе пра фізічную асобу), то гэта трэба зарэгістраваць. Калі беларус захоча ўкласціся ў статутны фонд кампаніі-нерэзідэнта, трэба будзе таксама даць справаздачу перад Нацбанкам.
Дагавор неабходна зарэгістраваць да таго, як рэзідэнт здзейсніць якія-небудзь дзеянні па яго выкананні альбо не пазней за 7 рабочых дзён з даты, якая ідзе за днём паступлення грошай на рахунак рэзідэнта, у тым ліку ў замежным банку.
Зарэгістраваць дагавор трэба будзе на спецыяльным вэб-партале Нацбанка. Там ёсць асобныя ўваходы ў сістэмы для фізічных асоб, юрыдычных асоб і ІП. Дарэчы, на партал трэба будзе падаць інфармацыю таксама пра валютныя дагаворы, заключаныя рэзідэнтамі да 9 ліпеня 2021 года, калі абавязацельствы па іх будуць нявыкананыя да гэтага часу.
На партале ўжо можна паглядзець інструкцыю рэзідэнта па падачы інфармацыі. Так, для юрыдычных асоб, сярод іншага, пры рэгістрацыі трэба будзе паказваць тэрміны дагавора, у якой валюце, абслуговы банк, парадак разліку, прымацаваць сам дагавор і іншае.
Абноўленай у сакавіку рэдакцыяй КаАП увялі адміністрацыйныя правапарушэнні, якія датычацца валютных дагавораў, і адказнасць за іх здзяйсненне. Сярод іх — нерэгістрацыя валютнага дагавора. За невыкананне абавязку па рэгістрацыі валютнага дагавора, калі гэта патрабуецца па законе, фізасобы могуць атрымаць штраф да 5 базавых велічынь (да 145 рублёў), а юрыдычныя асобы і ІП — да 10 базавых (да 290 рублёў).
Сяргей КУРКАЧ
Фота pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/ulady
[5] https://zviazda.by/be/tags/bank
[6] https://zviazda.by/be/tags/zberazhenni-0