Прадукт распрацавалі ў адной з расійскіх ВНУ, піша [1] РИА Новости.
Высакаякасны аўтамабільны бензін марак АІ-92, АІ-95 і АІ-98 з пабочных прадуктаў газаздабычы навучыліся вырабляць навукоўцы Томскага палітэхнічнага ўніверсітэта (ТПУ). Новая тэхналогія адрозніваецца прастатой і дазволіць прадпрыемствам нафтагазавай галіны перайсці на самазабеспячэнне палівам.
Стабільны газавы кандэнсат (СГК) — пабочны прадукт падрыхтоўкі прыроднага газу. СГК, па словах спецыялістаў ТПУ, з'яўляецца каштоўнай вуглевадароднай сыравінай. Больш эфектыўны спосаб выкарыстання прадукта — гэта перапрацоўка ў кампаненты высокаактанавых бензінаў на цаэлітным каталізатары.
Даследаванні хімікаў ТПУ паказалі, што перапрацоўка на цэаліт дазваляе атрымаць бензін АІ-80 у адну тэхналагічную стадыю. Таксама навукоўцы прапанавалі рэцэптуры змяшэння таварных бензінаў марак АІ-92, АІ-95, АІ-98 на аснове прадуктаў перапрацоўкі СГК.
Прапанаваная тэхналогія дазваляе прадпрыемствам вырабляць паліва для ўласных патрэб, а таксама забяспечваць ім пэўную тэрыторыю. Дастаўка паліва на аддаленыя прадпрыемствы істотна павышае кошт прадукцыі, таму для шэрагу рэгіёнаў свету магчымасць перайсці да аўтаномнасці будзе актуальнай.
Наступны этап працы — стварэнне матэматычнай мадэлі для дакладнага прагназавання складу і характарыстык прадуктаў, паведамілі навукоўцы.
Спасылкі
[1] https://ria.ru/20210415/tpu-1728235375.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[3] https://zviazda.by/be/tags/benzin
[4] https://zviazda.by/be/tags/vuchonyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/dasledavanni