Каб запоўніць мастацкую карту Міншчыны (хацелася б стварыць адмысловую біяграфію края ў звязку з лёсамі мастакоў, скульптараў, графікаў), па крупінках збіраю звесткі пра Меера Бенецыянавіча Айзенштадта. Вядома, што нарадзіўся ён у Клецку 6 (18) студзеня 1895 года.
У 1916 годзе атрымліваў урокі лепкі ў славутага Кругера. Нагадаем: Янкель Мордухавіч Кругер (1869 — 1940) — са старэйшага пакалення беларускіх савецкіх мастакоў і педагогаў. Вучань Л. Горавіца (а была ў яго біяграфіі яшчэ і парыжская акадэмія Жуліяна), цудоўна разумеў, што значыць спецыяльная адукацыя для мастака. Школу малявання Кругер адкрыў у Мінску яшчэ ў 1906 годзе. Атрымаўшы першыя мастакоўскія ўрокі, Меер Айзенштадт авалодаў і прафесіямі больш шырокімі. Трэба ж было нечым зарабляць на хлеб. Працаваў малады чалавек у прыватных майстэрнях па слясарнай частцы і электрамеханіцы. Паспелі яшчэ хлопца да Кастрычніцкіх падзей прызваць у царскае войска. Праз некаторы час Меер дэзерціраваў.
У 1923 — 1926 гады Меер Айзенштадт вучыўся на рабфаку, куды перш-наперш прымалі выхадцаў з рабочых і сялянскіх сем’яў, тых, хто не меў «праколаў» перад рэвалюцыяй і партыяй. Пасля рабфака 31-гадовага маладога чалавека залічылі на скульптурнае аддзяленне славутага ВХУТЕМАСа. Сярод настаўнікаў Меера былі Булакоўскі, Яфімаў, Каралёў, Мухіна, Чайкоў. У майстэрні апошняга і адбывалася, праходзіла творчае сталенне майстра. Дарэчы, 1928 год для нашага земляка пазначаны ўдзелам у Другой выстаўцы беларускіх масткоў, якая адбылася, як вядома, у Мінску. Значыць, стасункі з радзімай працягваліся. Як, пэўна, і стасункі з Кругерам — першым настаўнікам па дарозе ў вялікі мастацкі Сусвет.
Меер Айзенштадт, нягледзячы на ўсю заідэалізаванасць тагачаснага мастацтва, стараўся знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Пра гэта сведчаць і тыя работы, што шырока вядомыя, і тыя, што знаходзяцца ў калекцыях розных музеяў і не заўсёды выстаўляюцца. З 1930 года — «Скульптура ў архітэктуры» (цяпер — у Дзяржаўным музеі Каракалпакстана ў Нукусе, гэта — Узбекістан). Заснаваны маскоўскім скульптарам Ігарам Савіцкім (ён прыехаў у Нукус у 1950 годзе), музей утрымлівае 25 работ Айзенштадта. У 1985 — 1988 гады я жыў у Ашхабадзе. Да Нукуса — не больш як гадзін восем-дзевяць на аўтамабілі. Вельмі шкадую, што не адкрыў для сябе музей Савіцкага, не пазнаёміўся з часткай калекцыі, якая прадстаўляе і творчасць Меера Бенецыянавіча. Вось цяпер напісаў ліст у Нукус з просьбай даслаць пералік і выявы тых работ, што, відавочна, напоўніцу прадставяць спадчыну нашага земляка.
У 1930-я гады перад рэвалюцыйнай скульптурай стаяла задача паказаць тыя грандыёзныя пераабсталяванні, што адбываліся ў навакольным жыцці, у грамадстве: калектывізацыя, індустрыялізацыя… 1932 год адзначаны для Меера работай над дыпломам — «Сімфонія завода». Малады скульптар уводзіць у «індустрыяльную тэму» на першы погляд нечаканыя рашэнні: партал-уваход на металургічнае прадпрыемства ён разглядае ў ключы старажытнага жанра — «трыумфальныя вароты», «трыумфальная арка».
У 1932 годзе Меера Айзенштадта прынялі ў Саюз мастакоў. З запамінальных работ сярэдзіны 1930-х — «Партрэт дзяўчыны» (бюст, бронза), які захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Дарэчы, у Траццякоўцы і сёння захоўваюцца і іншыя айзенштадтаўскія творы — «Брыгадны камісар І. Агуроў» (1942, бюст, бронза), «Паэт М. Валошын» (1946, рэльеф, метал), «Авіятар і мастак К. Арцэулаў» (1948, бронза), якія прадстаўляюць рознапланавыя памкненні ў мастакоўскім пошуку таленавітага майстра.
Пікам творчага сталення ў 1930-я гады стаў для Меера Бенецыянавіча зварот да пушкінскай тэмы. Помнік вялікаму паэту работы Айзенштадта быў усталяваны ў Омску. Дарэчы, пра заказы, замовы розных інстытутаў улады… Яны і не так рэдка паступалі да нашага земляка. Але часам здаралася так, што скульптар парушаў тэрміны. Нягледзячы на атрыманы аванс, увогуле адмаўляўся ад работы. І гэта было хутчэй ад таго, што майстар выстаўляў перад сабою надзвычай высокую планку, а не па прычыне неўтаймаванасці натуры ці гультаяватасці мастака.
У творчым багажы Меера Айзенштадта — і дробная пластыка: «Бегемот» (1940, гіпс), «Ільвяня» (1940, фаянс), «Абязьянка» (гіпс), «Марабу»… Сучаснікі скульптара сведчаць: звяртаючыся да выяў звяроў, птушак, скульптар у сваіх спробах не менш патрабавальны да сябе, чым у рабоце, напрыклад, над скульптурнай групай «Пугачоў перад суддзямі»…
Яркая асоба нашага клецкага земляка, які так рана пайшоў з жыцця (у 1961 годзе), патрабуе дэталёвага даследавання. Упэўнены: гэта будзе толькі на карысць — і гісторыі беларускага мастацтва таксама, і ўвогуле гісторыі беларускай культуры.
…Некалі Заір Азгур напісаў: «Мастак убірае ў сябе ўсе краскі і фарбы свету і адлюстроўвае іх. Адлюстроўвае — але не скажае! Усялякае скажэнне прыніжае годнасць сапраўднага мастака, як бы гэта не называлася: «навацыямі», «мадэрнам», «абстракцыянізмам» і г. д. Мора можа бурапеніцца, быць ціхім, можа штарміць, лікаваць. Але яно не ўмее падманваць!..» І мора вобразаў, мора сімвалаў скульптара Меера Айзенштадта ўсяляе ў аматараў мастацтва, гледачоў перакананне ў сапраўднасці творчых адкрыццяў нашага земляка.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/meer-ayzenshtadt
[5] https://zviazda.by/be/tags/zair-azgur
[6] https://zviazda.by/be/tags/nukus-karakalpakstan
[7] https://zviazda.by/be/tags/omsk
[8] https://zviazda.by/be/tags/vhutemas
[9] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pushkin
[10] https://zviazda.by/be/tags/yankel-kruger