УДЫХНУЦЬ — І НЕ ЗАДЫХНУЦЦА
* * *
І ніколі не будзе як сёння,
І ніколі не будзе «цяпер».
Там, наперадзе, страшна і цёмна,
Ты агням, што міргаюць, не вер.
Не сагрэюць у снежную поўнач,
Не ўратуюць ад болю ў душы,
Там, наперадзе, страшна і цёмна —
Паспрабуй гэта ўсё перажыць.
Я не веру, што можа быць «вечна»,
Спадзяюся, што будзе лягчэй.
Там, у цемрадзі, так небяспечна…
Сцікс назад у бясконцасць цячэ.
А за спінай — цяжар ад праклёнаў,
Я сумленна яго валаку…
Там, наперадзе, страшна і цёмна,
Ды Харон падае мне руку…
* * *
Звяры.
Яны бягуць — і, на жаль, не спыняцца.
А я стаю.
Да зямлі прыбітая.
Адзін крок — ды вось-вось накінуцца
Звяры,
Што крывёю дзяцей
Не сытыя.
Жудасна,
Разумець, што не ў сне.
Рэальнае…
Хоць і ціха крычу — прачніся!
Утыкаюць клыкі крывавыя
Звяры.
Ды адкуль жа яны ўзяліся?
Родныя…
Што братамі былі, што слухалі,
Што руку паціскалі,
Верныя.
Сталі Смерцю,
Крывёй,
Разрухаю,
Ды Журбою, на жаль, бязмернаю…
Звяры.
* * *
Ты зноў маўчыш… А я крычу нясмела
Ў глухую ноч, бяздушнасць сінявы
Нябёс тваіх, даўно ўжо апусцелых.
Скажы мне, хто́ мы? Для цябе… Хто мы́?
Я крок раблю. Насустрач. Толькі ў цемры
Не разабраць, дзе зло, а дзе дабро.
І цягнуць рукі да мяне хімеры,
І д’яблы клічуць пад сваё крыло.
А ты маўчыш… Мой голас хутка ціхне,
Разбіўшыся аб холад цішыні.
Я крок зраблю. Насустрач. Толькі лішні…
І я на дне — шукаю вышыні.
* * *
Блізкаю смерцю пахне палын,
Горкай аскомаю сцелецца ў роце,
Божа, як страшна згарэць маладым…
Птушкай, што страціла крылы ў палёце,
Хутка ляцець да халоднай зямлі,
Вочы закрыўшы, бо лепей не бачыць
Смерці сваёй. Божа, як жа баліць:
Хто пераблытаў? Хто — перайначыў?
Ціха прылегчы на лубін на спын —
Кветкавы пах удыхнуць…
Ў адзіноце…
Ды блізкаю смерцю
Пахне палын
І горкай аскомаю сцелецца ў роце…
* * *
Шкада, што не сустрэліся з табой
Да ўсіх тых дзён, што прарастаюць болем,
Якіх не вырваць з памяці ніколі…
Чаму мы не сустрэліся з табой?
Чаму сярод пустэчы гарадоў,
Мы не знайшлі сваіх утульных вуліц,
Знясілена ад пошукаў заснулі,
Не ўбачыўшы мінулага слядоў?
Прабач… Мне не схавацца ад яго.
Яно звініць, бы страж мой, кайданамі…
І болю нараджаючы цунамі,
Бяжыць! За мной бяжыць бягом…
Я ведаю: няроўным будзе бой.
Пад небам зорным, шэрым, быццам камень,
Я прашапчу табе на развітанне:
«Шкада, што не сустрэліся з табой…»
СУЦЯШЭННЕ
Усё будзе добра.
Верыш?
Аднойчы.
Абавязкова.
Калі зачыняюць дзверы,
То час падысці да новых.
Ніхто не адзін.
Праўда.
Калі на душы дрэнна,
Павер: будзе добра.
Заўтра.
Балючыя — толькі змены.
Не бойся.
На шлях ступіўшы,
Не трэба сысці імкнуцца,
Ты зможаш,
Той боль забыўшы,
Ўдыхнуць.
І не задыхнуцца.
*
Аднойчы той час настане,
Спакой уварвецца ў сны.
Не плач, калі снег растане, —
Такая цана вясны.
№ 3 «Полымя», 2021
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[2] https://zviazda.by/be/tags/polymya-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/alena-bolsun
[4] https://zviazda.by/be/tags/vershy