Калісьці дзякуючы супрацоўнікам гэтай бібліятэкі магілёўскія падпольшчыкі змаглі зрабіць апарат для размножвання лістовак — гектограф. Апісанне прыбора на свой страх і рызыку здабылі для іх бібліятэкары ў адной з энцыклапедый, нягледзячы на тое, што фонд знаходзіўся пад узброенай аховай. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна — установа з багатай гісторыяй. У перыяд акупацыі кніжніца працягвала працаваць, але даступная чытачам была не ўся літаратура, а толькі частка мастацкай, пазначаная пячаткамі на нямецкай мове. Некаторыя з гэтых кніг захаваліся да нашых дзён, і ўбачыць іх можна ў музейным пакоі гісторыі кнігі і бібліятэкі. Пасля заканчэння вайны больш за шэсць тысяч кніг было вернута з Германіі, каля васьмі тысяч вярнулі чытачы, больш за тры тысячы кніг было набыта ў насельніцтва. На 1945 год Магілёўская вобласць валодала самым вялікім кніжным фондам сярод 12 абласцей рэспублікі, якія існавалі тады, — больш чым 134 тысячы экзэмпляраў дакументаў, і гэта ў той час, калі ў астатніх абласцях сярэдняя колькасць кніг на той перыяд налічвала 50—60 тысяч. А як гэтыя фонды працуюць у час пандэміі? Альбо даводзіцца скіроўвацца на іншае?
Пра гэта — наша гутарка з дырэктарам Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ілонай Сарокінай.
— 2021 год пачаўся з вялікіх спадзяванняў на вяртанне да нармальнага жыцця пасля пандэміі. Як справы ў вашай бібліятэцы?
— У сувязі з абмежаваннямі абласная бібліятэка сутыкнулася з праблемай: якія паслугі і якім чынам аказваць чытачам, скіраваным у анлайн. Ва ўмовах пандэміі мы ўкаранілі, напрыклад, такія бясплатныя паслугі, як дастаўка літаратуры на дом і дастаўка копій артыкулаў з перыядычнага друку па электроннай пошце па запыце чытача, адкрылі бясплатны доступ да электроннай бібліятэкі «ЛитРес».
Дзякуючы таму, што калектыў бібліятэкі хутка адаптаваўся і перабудаваў сваю работу, перавёў існуючыя сучасныя практыкі ў анлайн, «аддаленка» стала для нас новай і цалкам эфектыўнай рэальнасцю. Так, да віртуальных выставак на сайце дадаліся відэаагляды кніжных экспазіцый. Новы фармат набылі віртуальныя выстаўкі-агляды перыядычных выданняў «ПрессИнформ» — дадаліся спасылкі на поўныя тэксты артыкулаў. Актыўна ствараюцца тэматычныя відэаролікі да памятных дат, відэаэкскурсіі, напрыклад, цыкл «Прагулкі па Беларусі». Тэматычныя відэачытанні «Літаратурныя сцяжынкі роднага краю» ўжо на працягу года знаём яць з творчасцю магілёўскіх пісьменнікаў: як сучаснікаў, так і класікаў, у тым ліку пісьменнікаў-франтавікоў.
Бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам», якая прайшла анлайн. На сайце створаны новы раздзел «Анлайн-гульнятэка», дзе пры дапамозе віктарын, крыжаванак, пазлаў і філвордаў можна праверыць веды па літаратуры.
Калі параўнаць колькасць віртуальных наведванняў Магілёўскай абласной бібліятэкі за апошнія два гады, то прасочваецца тэндэнцыя іх павелічэння. У 2019 годзе віртуальных наведванняў 189 тысяч, а ў 2020-м — ужо 274 тысячы. Гэта сведчыць, што Магілёўская абласная бібліятэка ўпэўнена прасоўваецца ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы і павышае камфорт абслугоўвання карыстальнікаў у рэжыме анлайн.
— Бібліятэка набывае новае аблічча. Што тут галоўнае?
— Сутнасць бібліятэкі — захаванне і выкарыстанне дакументаў на разнастайных носьбітах, работа з інфармацыяй. Новая бібліятэка ствараецца толькі тады, калі існуе ядро фонду, ёсць кнігі і перыядычныя выданні. Фонды кніжніцы, як і фонды музея, з’яўляюцца артэфактамі. Але сёння бібліятэкі з устаноў, якія забяспечваюць доступ да дакументаў, ператвараюцца ва ўстановы, што забяспечваюць доступ да інфармацыі ва ўсіх відах і магчымасць інтэрактыўных зносін у інфармацыйным сусвеце. Таму прыярытэтным інавацыйным кірункам дзейнасці сёння для нас з’яўляецца стварэнне паўнатэкставых інфармацыйных краязнаўчых інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку складаных па структуры баз даных. Пры гэтым яны маюць зразумелую навігацыю і магчымасць зручнага пошуку па розных прыкметах. Гэта дазваляе не толькі хутка знаходзіць патрэбны матэрыял, але і прапрацоўваць тэму з максімальнай эфектыўнасцю.
Валодаючы каласальным масівам аўтарытэтных дакументальных крыніц, абласная бібліятэка напаўняе інтэрнэт-прастору якасным і дакладным кантэнтам. Сёння на сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі аддаленым карыстальнікам даступны 14 краязнаўчых тэматычных праектаў, 11 з якіх створаны за апошнія два гады. Так, тэматыку малой радзімы дапоўнілі віртуальны праект «Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй», які знаёміць з малавядомай, але ўнікальнай матэрыяльнай і духоўнай спадчынай вобласці, і база даных «Турыстычная карта Магілёўшчыны», якая аб’яднала інфармацыю пра больш чым дзве сотні архітэктурных помнікаў, запаведных куткоў прыроды, аб’ектаў культуры і аўтэнтычных традыцый магілёўскага краю ў разрэзе ўсіх раёнаў. Наш новы краязнаўчы праект ужо гэтага года — база даных «Жыліцкі Версаль». Рэсурс знаёміць з гісторыяй палацава-паркавага ансамбля Булгакаў у в. Жылічы Кіраўскага раёна, пабудаванага ў XIX стагоддзі і ўключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры міжнароднага значэння.
Доля наведванняў такіх рэсурсаў ад агульнай колькасці праглядаў штогод складае каля 20 %. У 2019 г. гэта 37 тысяч сеансаў, у 2020-м — звыш 53 тысяч. Такім чынам, мы фарміруем рэгіянальны лічбавы кантэнт, захоўваем і папулярызуем гісторыка-культурную спадчыну малой радзімы і ў гэтым бачым задачу бібліятэкі на найбліжэйшы час. Прытым не толькі абласная бібліятэка, але і ўсе раённыя і гарадскія бібліятэчныя сеткі Магілёўскай вобласці (а іх у нас 23) ужо працяглы час выкарыстоўваюць віртуальнае анлайн-асяроддзе як платформу для арганізацыі аддаленага доступу да ўласных рэсурсаў.
— Пэўна, вы актыўныя і ў сацсетках?
— Абласная бібліятэка мае некалькі старонак у папулярных сацыяльных медыя, якія дапамагаюць рэкламаваць свае паслугі, папулярызаваць краязнаўчыя праекты, конкурсы. На ўласным канале відэахостынга YouTube мы размяшчаем буктрэйлеры, тэматычныя відэаролікі, цыклы віртуальных падарожжаў, відэаагляды, відэачытанні па творах беларускіх і магілёўскіх пісьменнікаў у выкананні бібліятэкараў і чытачоў. Спаўна выкарыстоўваем магчымасці Іnstagram.
Летась нашы супрацоўнікі прынялі ўдзел у пяці вэбінарах, арганізаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, выступілі з дакладамі ў міжнародным анлайн-семінары да 20-годдзя стварэння першага ПЦПІ ў Рэспубліцы Беларусь, пасяджэнні экалагічнага савета пры Магілёўскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Сёлета супрацоўнік аддзела маркетынгу выступіла на круглым стале «Новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасці бібліятэк», арганізаваным Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ.
Наша ўстанова з удзелам дырэктараў бібліятэчных сетак, загадчыкаў, спецыялістаў цэнтральных кніжніц вобласці арганізавала анлайн-семінар «Бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве: актуальныя пытанні дзейнасці». Нашы супрацоўнікі ўдзельнічалі таксама ў вэбінарах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, у пасяджэнні тэхналагічнага камітэта сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі і інш.
— Такім чынам, сучасны бібліятэкар няспынна вучыцца...
— Павышэнне прафесійных кампетэнцый супрацоўнікаў, у тым ліку ў галіне камп’ютарных тэхналогій, — найважнейшая і першачарговая задача. Мы маем станоўчы вопыт у прафесіяналізацыі кадраў з выкарыстаннем уласных рэсурсаў. Гэта трэнінгі, майстар-класы, індывідуальныя заняткі па стварэнні буктрэйлераў, відэаролікаў, віртуальных інтэрактыўных форм работы, якія праводзяцца найбольш вопытнымі і кампетэнтнымі супрацоўнікамі.
Бібліятэкары Магілёўшчыны ствараюць электронныя віртуальныя праекты, базы даных. На інфармацыйных сайтах размешчана больш як 100 рэсурсаў, якія шматгранна прадстаўляюць рэгіён у віртуальнай прасторы: «Быхаў — старажытная зямля на беразе Дняпра», «Бабруйская крэпасць», «Дзень пісьменства», віртуальны музей Аркадзя Куляшова. Абласной бібліятэкай створаны карпаратыўныя інфармацыйныя рэсурсы, матэрыялы для якіх сабраны ў выніку актыўнай пошукавай і даследчай дзейнасці бібліятэкараў вобласці: «Таленты ад роднай зямлі», «Жывая памяць пакаленняў».
— Сёння патрэбны спецыялісты з універсальнымі кампетэнцыямі, здольныя вырашаць глабальныя праблемы: згодна з сістэмай крэатыўнай адукацыі, рыхтаваць вузкіх спецыялістаў нявыгадна...
— Сучасны бібліятэкар, вядома, ідзе ў нагу з часам, актыўны, дасведчаны, кампетэнтны, прасунуты, здольны хутка адаптавацца да работы ва ўмовах змен у інфармацыйна-бібліятэчнай сферы. Як паказвае практыка, найбольш падрыхтаванымі да выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій з’яўляюцца маладыя бібліятэкары і спецыялісты сярэдняга ўзросту. Засваенне сучасных тэхналогій бібліятэчнымі спецыялістамі старэйшага ўзросту, іх работа ў электронным асяроддзі — гэта не замена адных прафесійных кампетэнцый іншымі, а адказ на выклік часу.
На сёння ў абласной бібліятэцы налічваецца 64 спецыялісты, з іх 20,3 % — моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. Толькі 7,8 % складаюць спецыялісты пенсіённага ўзросту з вышэйшай прафесійнай адукацыяй, для якіх характэрна актыўная жыццёвая пазіцыя, жаданне працаваць, перадаваць свой багаты вопыт маладым калегам і вучыцца самім. Амаль 72 % складаюць спецыялісты актыўнага працаздольнага ўзросту, якія маюць пэўны працоўны стаж і вопыт работы ў розных структурных падраздзяленнях бібліятэкі і складаюць яе кадравае ядро.
Як у кожнай арганізацыі, адбываюцца натуральныя працэсы руху кадраў: нехта звальняецца па прычыне дасягнення пенсіённага ўзросту, нехта мяняе сферу дзейнасці, але на змену ім прыходзяць новыя, у тым ліку маладыя спецыялісты. Гэта добра. Такім чынам, не адбываецца застою: амалоджваецца склад супрацоўнікаў, у калектыў уліваюцца людзі з новымі поглядамі, што стымулюе інавацыйныя змяненні.
— Ці закрануць гэтыя змяненні кнігу? Сёння модна: «разумны дом», «разумны горад». І кніга стане такой?
— Вельмі цікавыя сучасныя тэхналогіі «разумны дом», «разумны горад», якія існуюць дзеля таго, каб стварыць камфортныя ўмовы жыцця, каб у чалавека было больш вольнага часу для творчасці, вандровак, чытання, асабістага ўдасканалення. Лічу, што чытанне — гэта вельмі творчы, індывідуальны працэс пазнання. Яго нельга абмежаваць нейкімі алгарытмамі і націсканнем на кнопкі, што прадугледжвае паняцце «разумны дом». Інфармацыя можа быць у лічбавым фармаце, але яна павінна праходзіць праз вочы, мозг, душу чалавека.
Кніга — каштоўнасць, якая існуе ўжо пяць тысяч гадоў. Столькі ж існуюць і бібліятэкі. І сёння, і ў будучыні яны застануцца як незаменная частка інтэлектуальнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва. Застануцца і функцыі бібліятэк як сховішчаў, даследчых, сацыякультурных і інтэлектуальных цэнтраў. Упэўнена, што заўсёды бібліятэкі будуць займаць цэнтральнае месца не толькі ў сферы культуры, але і ў паўсядзённым жыцці грамадства. Бо, як сказаў Дзмітрый Ліхачоў: «Пакуль жыве бібліятэка — жыве народ, памрэ яна — памруць нашы мінулае і будучыня». На жаль, кніга і чытанне ператвараюцца ў неагульную з’яву. Не ўсе маюць патрэбу наведваць тэатры, музеі, як і чытаць. Але гэта не сведчыць пра тое, што тэатры, музеі, бібліятэкі сыходзяць у мінулае.
На жаль, насельніцтва вобласці, і ў першую чаргу ў сельскай мясцовасці, працягвае змяншацца. Таму аптымізацыя сельскіх устаноў культуры — патрабаванне часу. Але бібліятэкары прыкладаюць максімум намаганняў, каб людзі працягвалі атрымліваць неабходнае бібліятэчнае абслугоўванне, у тым ліку ў аддаленых і маланаселеных пунктах. Там, дзе няма стацыянарных бібліятэк, працуюць пункты выдачы, вядзецца абслугоўванне ў дамах сацыяльных паслуг. У 18 раёнах і горадзе Бабруйску працуюць бібліёбусы. Важную ролю адыгрывае айчынная літаратура. Творчасць беларускіх аўтараў, з упэўненасцю можна сказаць, заўсёды была і застаецца запатрабавана чытачамі. Таму пры камплектаванні бібліятэк творы беларускіх пісьменнікаў, сацыяльна значная літаратура заўсёды ў прыярытэце.
Падрыхтавала Наталля СВЯТЛОВА
Фота са старонкі Магілёўскай абласной бібліятэкі ў Facebook і уласнага архіва І. Сарокінай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-bibliyateka