Паэта, празаіка, дзіцячага пісьменніка Алеся БАДАКА (нарадзіўся ў 1966 годзе на Берасцейшчыне) добра ведаюць чытачы розных узростаў. Піша ён нетаропка, а калі зрабіць агледзіны ўсяго створанага ім — збіраецца перад вачыма сапраўдная бібліятэка. Новая кніга Алеся Бадака «Ідэальны чытач» толькі што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». І першая яе прэзентацыя адбудзецца заўтра, 26 мая, у 16.30 у сталічнай кнігарні «Акадэмкніга».
Ва ўсіх, хто прыйдзе ў гэты дзень у краму па праспекце Незалежнасці , 72, будзе магчымасць набыць новы зборнік аповесцяў і апавяданняў вядомага пісьменніка, атрымаць ад яго даравальны надпіс. Між іншым, менавіта ў «Акадэмкнізе» шырока разгорнуты гандаль кнігамі з аўтографамі. Так што нават на прэзентацыі «Ідэальнага чытача» можна набыць кнігі з аўтографамі Раісы БАРАВІКОВАЙ, Леаніда ДРАНЬКО-МАЙСЮКА, Кацярыны ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВОЙ, Паўла ГУШЧЫНЦА, Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ, Надзеі ЯСМІНСКАЙ, Інэсы ПЛЕСКАЧЭЎСКАЙ... Пройдуць гады — і, будзьце ўпэўнены ў гэтым, у сённяшняга пакупніка такіх сапраўды «цёплых» кніг, надзеленых прысутнасцю аўтараў, з’явіцца магчымасць мець сапраўдную бібліятэку рарытэтаў. Дарэчы, «Акадэмкніга» аказвае і паслугі адпраўкі кніг па ўсёй краіне — праз сістэму «Кніга — поштай».
Што да зборніка Алеся Бадака «Ідэальны чытач», то ў кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, пераважная большасць з якіх у розныя гады друкавалася на старонках не толькі айчынных, але і замежных перыядычных выданняў. Творы Алеся Бадака прыцягваюць да сябе ўвагу як цікавымі сюжэтамі, так і своеасаблівым аўтарскім стылем. Апошні раздзел кнігі складаюць «Запіскі на хаду» — эсэ, прысвечаныя актуальным пытанням літаратурнага жыцця, а таксама той пары, калі аўтар пачынаў свой шлях у літаратуру.
У кнізе Алеся Бадака «Ідэальны чытач» не пакінуць чытача раўнадушным аповесці «Нелюдзімы» і «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», апавяданні «Душа твая светлая», «Дождж ліў як з вядра», «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», «Уцёкі на край дажджу», «Па той бок адлюстравання», «...І мора шум у цемрадзі пакоя», «Ідэальны чытач», «Сабака, які забыў сваё імя», «Баптыстка». Вось у імя нераўнадушнай увагі да беларускага слова «Акадэмкніга» і Выдавецкі дом «Звязда» і запрашаюць у кнігарню па праспекце Незалежнасці, 72 самых розных чытачоў ды пакупнікоў кнігі.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademkniga-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ales-badak-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[8] https://zviazda.by/be/tags/raisa-baravikova
[9] https://zviazda.by/be/tags/leanid-dranko-maysyuk-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-hadasevich-lisavaya-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-rubleuskaya-0