Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі перамовы ў Сочы. Як паведамляе [3] тэлеграм-канал «Пул Першага», яны працягваліся 5 г 15 хв.
У Сочы сёння запланаваны перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Выступаючы 26 мая ў парламенце, кіраўнік беларускай дзяржавы акрэсліў перагаворны парадак дня — у цэнтры ўвагі будуць эканоміка, рэалізацыя сумесных праектаў у розных сферах, а таксама рэагаванне на знешні націск і санкцыйную палітыку.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркуюць далейшыя крокі і работу ўрадаў дзвюх краін па развіцці інтэграцыі на пляцоўцы Саюзнай дзяржавы, звераць гадзіннікі па найбольш актуальных пытаннях на двухбаковым трэку супрацоўніцтва, абмяняюцца думкамі па міжнароднай тэматыцы.
«Я вас паінфармую. Карыстаючыся такімі давернымі адносінамі з вамі, захапіў некаторыя дакументы. Пакажу вам, каб вы разумелі, што адбываецца. Проста публічна я пры падрыхтоўцы да сустрэчы вам скажу наступнае, каб вы разумелі, што гэта за людзі. Хоць мы з вамі у гэтым ключы абмяркоўвалі шматлікія праблемы», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Ён нагадаў пра перыяд мінулага года, калі розным краінам давялося вывозіць сваіх грамадзян з іншых дзяржаў на фоне абмежаванняў, выкліканых пандэміяй.
«Напэўна, больш Расіі ніхто не ратаваў сваіх людзей, вывозячы з курортаў. І нават з Індыяй нам вы дапамагалі, чалавек 200 вывезлі беларусаў, дзесьці мы адначасова вывозілі расіян — “Белавія” наша. Тады ўсё закрылася. Адзін аэрапорт у Мінску працаваў, і вывозілі сваіх людзей. Яны (шэраг замежных краін, у тым ліку ў Еўрасаюзе, ЗША. — Заўвага. БелТА) усё закрылі, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Яны папрасілі „Белавія“, і наша кампанія вывезла тысячы, тысячы чалавек: шведаў, немцаў, палякаў, літоўцаў (у іх наогул наглуха было зачынена), амерыканцаў. Тысячы вывозілі ў Мінск, паколькі аэрапорт быў адкрыты адзіны. А потым амерыканцаў у нас забіралі ці мы ім туды адвозілі. Не ўяўляеце, як яны былі нам удзячныя — “Белавія” — за вывезеных людзей, выратаваных».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на рэакцыі гэтых жа краін на выпадак з самалётам Ryanair, які здзейсніў пасадку ў Мінску з-за паведамлення аб мініраванні. «Гэты выпадак з самалётам, да якога “Белавія” не мае ніякага дачынення», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Там самалётаў “Белавія” не было (у інцыдэнце з самалётам Ryanair. — Заўвага. БелТА), яна знаходзіцца ў аэрапорце, там і вы лётаеце, і іншыя (расійскія самалёты і іншых краін. — Заўвага. БелТА). Чужы самалёт. Папракаюць ваенных, што мы яго там пасадзілі. „Белавія“ пры чым? Замачылі на ўсю катушку. І калі б не вы — у гэты перыяд, я гляджу, Масква адмаўляе: ляціце вакол Беларусі — не прымаюць самалёты ў Маскве. Адразу адчулі. Але за што пакаралі працоўны калектыў „Белавія“? За тое, што яны ў COVID іх вывозілі тысячамі. Вось іх твар», — звярнуў увагу беларускі лідар.
«Я пакажу вам некаторыя дакументы. Вы зразумееце, што там адбываецца і адбывалася. Ідзе спроба разгайдаць сітуацыю да ўзроўню жніўня мінулага года», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым прыгадаў выпадак, калі на Захадзе ў свой час пасадзілі самалёт Прэзідэнта Балівіі. «Прэзідэнта вывелі з самалёта, і нічога — цішыня», — заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся і зазначыў, што ёсць і іншыя выпадкі ў свеце, калі прымушалі да пасадкі самалёты тых ці іншых краін і пры гэтым ніхто не крычаў з гэтай нагоды. «Проста зразумела, што ад нас хочуць гэтыя “сябры” нашы заходнія. Што тут абмяркоўваць ... Але няма тых вышынь, якія бальшавікі не бралі. Возьмем і мы», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў рост беларуска-расійскага тавараабароту і падкрэсліў важнасць замацавання пазітыўных тэндэнцый у супрацоўніцтве дзвюх краін. Пра гэта ён заявіў сёння на перамовах у Сочы.
«Дзякуй, што прыехалі. Як і дамаўляліся. Мы дамаўляліся пра гэта яшчэ да чарговага вітка...», — пачаў гутарку Уладзімір Пуцін.
«Усплёску эмоцый», — падхапіў думку кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Так, усплёску эмоцый. Нам без гэтых падзей ёсць пра што пагаварыць. Маючы на ўвазе, што ў першым квартале бягучага года Расія застаецца ключавым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Мы назіраем значны рост тавараабароту — 18,4%. Гэта добрая тэндэнцыя. Важна яе захаваць пры актыўнай працы ўрадаў», — працягнуў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што якраз сёння прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін знаходзіцца ў Беларусі для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, у яго былі кантакты са сваімі калегамі. «Ён мне тэлефанаваў нават сёння, распавядаў пра тое, як ідзе праца», — сказаў Прэзідэнт Расіі.
Ён адзначыў, што ўжо ў чэрвені будзе здадзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок БелАЭС. «Гэта таксама яшчэ адзін добры прыклад нашага супрацоўніцтва. Ёсць добрыя пазітыўныя тэндэнцыі па іншых напрамках. Усё гэта, безумоўна, будзе ў цэнтры нашай увагі», — заявіў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што працягваецца праца і над пытаннямі будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. «Мы робім гэта зыходзячы з таго, каб забяспечыць інтарэсы як Беларусі, так і Расіі. Мы рухаемся ў гэтым кірунку. Упэўнены, гэтая праца дае ўжо канкрэтныя вынікі нашым грамадзянам. Пытанне толькі ў тым, каб рабіць усё паслядоўна, не спяшаючыся, не забягаючы наперад, а дзейнічаць паэтапна, маючы на ўвазе якраз забеспячэнне нашых інтарэсаў, як кожны з бакоў сам для сябе вызначае», — падкрэсліў расійскі лідар.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што, сапраўды, шмат было размоў наконт цяперашняй сустрэчы. «Нечакана нават для мяне. Вось, сустракаюцца вельмі часта і іншае... Але гэта наш план. Мы пра гэта абвясцілі яшчэ ў канцы мінулага года, што мы, як вы правільна сказалі, паступова будзем абмяркоўваць тыя пытанні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы ўперліся ў нейкае пытанне і не можам яго без спецыялістаў разгледзець, то мы перадаем яго спецыялістам, яны рыхтуюць нам. Мы сустракаемся, зноў рухаемся. Галоўнае, што рухаемся наперад. Вы правільна адзначылі рост тавараабароту. Мы пралічваем зараз літаральна кожную долю адсотка. І бачым, што мы перасягнём сёлета — Беларусь і Расія — свой тавараабарот дакавіднага ўзроўню. Тут якраз у нас тэмпы нядрэнныя».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі тэмп росту ВУП прыкладна такі ж, як і ў Расіі. «Нам жа, ведаеце, прадракалі ці ледзь не стагнацыю нейкую. Эканоміка ў Расіі расце. Натуральна, прывязаная да Расіі і наша эканоміка нармальна рухаецца. Але заўсёды ёсць жадаючыя падкінуць нам праблем. Вы пра іх ведаеце», — сказаў ён.
Па матэрыялах БелТА [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://t.me/s/pul_1
[4] https://www.belta.by/president/view/vstrecha-lukashenko-i-putina-prohodit-v-sochi-443518-2021/
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/sochy
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pucin
[8] https://zviazda.by/be/tags/peragavory