Зборнік Вольгі Шпакевіч, які летась пабачыў свет у сталічным выдавецтве «Колорград», мае сімвалічную назву: «Святаяннік». Гэта залацістая кветачка, лекавая расліна, якая дапамагае ад 99 хвароб. Святаяннік, або зелле святога Яна, так называюць таму, што збіраюць расліну напярэдані свята Іаана. Час цвіцення супадае з летнім сонцастаяннем. Пра гэтую расліну шмат легенд: абяззбройвае ведзьмаў, не пускае ў жыллё нячыстую сілу. Ці не таму і назва ў зборніка адпаведная, бо залатое святло паэзіі лечыць душу чалавека і засцерагае ад усяго цёмнага, дрэннага і злога.
Вольга Шпакевіч нарадзілася і вырасла ў палескай вёсцы, пра якую ў адным з вершаў піша: «Кароцічы — вёска на свеце найлепшая: // Я ведаю гэта з дзяцінства». Аўтар выкарыстоўвае шматлікія параўнанні пры апісанні самага дарагога кутка, напрыклад: «Як чарадзей, дае настрой».
Назва першага раздзела кнігі «Водар Радзімы» невыпадковая, бо Радзіма і прырода знітаваны ў адзінае цэлае: тут і патрыятычная тэматыка, і пейзажная лірыка, і грамадзянская. Перад чытачом не толькі яскрава паўстаюць цудоўныя малюнкі прыроды, але і быццам адчуваецца водар: «З радзімай заручаны пах мацыёмы», «пах хлеба», «мядовыя пахі», «водар церпкі — аж да ачмурэння» аксамітак, «вітае пахам кветак дворых», «хмеляць усякія краскі», вішні ды слівы «пах струменяць у сінюю высь».
Вясковае выхаванне і загартоўка паспрыялі фарміраванню характару і мастакоўскага густу, працавітасці, шчырасці, любові да зямлі, да сваёй краіны. Для паэтэсы радзіма — гэта і «хлебец зайчыкаў», які маці прыносіла з поля ці з лесу, і хлеб, які пякла яе бабуля ў печы. Гэта і рэкі — Гарынь і Сцвіга, азёры і завадзі, «лясы, непралазна густыя», вясновая паводка, пярынка, што маці рыхтавала на пачаг, «пятроўкі-яблыкі», «акно ў горад, у далячынь», «старэй сад»… Акрамя эпітэтаў і метафар, аўтар багата выкарыстоўвае параўнанне:
Пакуль бацькі яшчэ жывыя
І хата родная жыве,
Нібыта ў рай, лячу туды я,
І я — шчаслівы чалавек.
Для таго, каб чытач уявіў прыгажосць краю, паэтэса падбірае самыя дакладныя эпітэты: восень у ім «агністая, барвова-залацістая», калі «шчодрыя ліставеі», «чарнічнаажынавы лес», «крыштальнае возера».
Радзіма для аўтаркі — таксама і горад, дзе «адбор натуральны: слабейшы затрэцца». Гэта зразумела: яна жыве ў Мінску і выкладае родную мову, таму вершы пра мову напісаны з асаблівым цяплом і замілаваннем:
Я мову, як скарб, берагу
Каштоўнейшы самы, адзіны.
Я жыць без яе не магу,
Як жыць не магу без Радзімы.
Словам верыш, бо роднай мове Вольга Шпакевіч служыць усё жыццё. Мова ў вершах «не смяротная, чыстая, звонкая, […] // непакорная, гордая, смелая», «гучыць як дуда, як цымбалы».
Радзіма — гэта і помнікі гісторыі, і культуры, як, напрыклад, Радзівілаўскі замак у Нясвіжы, і багатая мінуўшчына і традыцыі: Каляды (верш «Шчодры вечар»).
Паэтэсу хвалюе і будучыня роднай зямлі, прыроднае багацце якой знішчае сам чалавек: «Ці апомнімся мы калі-небудзь, // Ці прытушым нажывы агонь?»
Да разумення Бога паэтэса ішла шляхам свайго няпростага, драматычнага лёсу. Пра найвышэйшыя хрысціянскія каштоўнасці — цярпенне, любоў і павагу да бліжняга, барацьбу са сваімі недахопамі (грахамі), удасканальванне і ачышчэнне душы — аўтарка разважае ў раздзеле пад назвай «З Богам размаўляць».
У вершы «Крыж і крыжык» піша: «Таму крыж свой цяжкі і вялікі // Я з удзячнасцю Богу нясу». Самая лепшая форма размовы з Богам — гэта малітва. У вершы «Мая малітва» паэтэса моліцца за тых, каго любіць, «за бедных і нямоглых», «і за тых, каму цяжэй, чым мне».
За сваіх крыўдзіцеляў — таксама
І за тых, хто ў іншы свет пайшоў,
Памалюся, хто яшчэ да храма
У жыцці дарогу не знайшоў.
Філасофская тэматыка знайшла адлюстраванне ў раздзеле «Высяваю зярняты падзей». У ім роздум над сэнсам жыцця, над галоўнымі чалавечымі каштоўнасцямі, найперш аб пачуцці любові, якое лейтматывам праходзіць праз усю творчасць Вольгі Шпакевіч. Гэта імкненне пакінуць пасля сябе след на зямлі:
І я бясследна не загіну:
Вось уваскрэсну ў капяжы
Ці птушкай, кошачкай, раслінай,
А лепей — вершам буду жыць.
У раздзеле «Наліліся спакусай ранеты» — інтымная лірыка. У вершы «Я — жанчына» распавядаецца пра сілу, мудрасць, самадастатковасць найпрыгажэйшай палавіны чалавецтва: «Зразумею ўсё: я — жанчына», і адчуе ўсё, і даруе ўсё, і адолее ўсё. Тут вы ўбачыце, як аўтар звяртаецца да каханага: «Поўны келіх суладнасці выпіць дазволь, // І кахаць, і ўдзячнай быць лёсу»; «Хачу бярозкай гнутаю // схіліцца да грудзей»; «Кахаеш ты, а я шчасліва // Хаваю радасць ад усіх»; «Толькі вось ці спаткацца запросім, // Здагадацца ніяк не магу». І найвышэйшая ступень параўнання кахання — самаахвярнасць.
Нават калі няма ўзаемнасці, усё роўна жанчына знаходзіць у каханні радасць і шчасце: «Ты чужы — гэта помню я, помню, // Але ў марах і снах толькі мой»; «Я так доўга чакала сустрэчы, // Але ты аказаўся чужым»
Нічога ад Вас не чакаю
(У кожнага сцежка свая).
Напоўнена сэрца да краю —
І гэтым шчаслівая я.
Паэтэса з гумарам ставіцца да непаразуменняў: «Без цукерак і водарных ружаў // Нават блізка не стой ля мяне!»; «Наліліся спакусай ранеты, // Ды не буду цябе частаваць!»; «Парайце, як Вас не кахаць»; «Збяры з ракі хоць колькі зорак, // Калі ўжо з неба не дастаў!»
Зборнік Вольгі Шпакевіч засведчыў, што яна таленавітая паэтэса, якая мае арыгінальны, творчы падыход да жыцця, адметную інтанацыю, свой голас, багатую, выразную мову, віртуозна валодае мастацкімі выяўленчымі сродкамі і мае багатую лексіку, станоўчую моцную энергетыку, умее здзіўляцца і перадаць гэта чытачу.
Разнастайная тэматыка зборніка, надзённасць, сувязь з фальклорам, арыгінальнае ўвасабленне мастацкіх ідэй, наватарства (многа афарызмаў, створаных самой паэтэсай) робяць чытанне гэтай кнігі адметнай вандроўкай у самае дарагое для аўтара.
Георгій МАРЧУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vershy