Падрыхтоўка пілотаў для грамадзянскай авіяцыі распачнецца сёлета ў Беларусі. Пра гэта расказаў журналістам прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Ігар ЯЦКЕВІЧ.
Ён адзначыў, што гэта новая старонка ў гісторыі навучальнай установы. Пачынаючы з 1974 года тут рыхтавалі авіяцыйны персанал самага рознага профілю: інжынерна-тэхнічных спецыялістаў, якія займаюцца абслугоўваннем паветраных суднаў, авіяцыйных рухавікоў, авіяцыйнага абсталявання, а таксама авіяцыйных дыспетчараў. Але не хапала толькі аднаго, ды вельмі важнага звяна — у краіне не вялася падрыхтоўка лётнага саставу для грамадзянскай авіяцыі. Цяпер гэты недахоп будзе ліквідаваны. Ужо падчас прыёмнай кампаніі 2021 года адбудзецца першы набор на спецыяльнасць «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі» з прысваеннем выпускнікам кваліфікацыі «Інжынер-пілот».
— Прымаючы рашэнне аб адкрыцці новай спецыяльнасці, мы рэалізавалі прапанову Савета Міністраў, падтрыманую кіраўніком нашай дзяржавы. Гэтае рашэнне мае прынцыповае значэнне з пункту погляду забеспячэння суверэнітэту нашай краіны і нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліў Ігар Яцкевіч. — Але наборы будуць невялікія. Восем чалавек мы плануем узяць на бюджэтную форму навучання і столькі ж — на платную. Для таго каб паступіць на новую спецыяльнасць, абітурыенты павінны будуць падаць у прыёмную камісію тры сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання: па беларускай ці рускай мове (на выбар), матэматыцы і англійскай мове.
Ігар Яцкевіч звярнуў увагу на тое, што, акрамя уступных іспытаў, абітурыенты павінны прайсці яшчэ і прафадбор. Ён уключае медыцынскі агляд ва ўрачэбна-лётнай экспертнай камісіі медыцынскай службы грамадзянскай авіяцыі, а таксама іспыты па фізічнай падрыхтоўцы на базе акадэміі. «У тым выпадку, калі на гэтых двух этапах абітурыентам не пашчасціць, яны яшчэ паспеюць падаць свае дакументы ў іншыя ВНУ. Або, калі на руках ёсць чатыры сертыфікаты ЦТ (па адной з дзяржаўных моў, матэматыцы, англійскай мове і фізіцы), у выпадку няўдачы на прафесійным адборы можна паступіць у акадэмію на любую спецыяльнасць інжынерна-тэхнічнага профілю і потым таксама працаваць у авіяцыі», — параіў прарэктар.
Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 16 чэрвеня. Рэгістрацыя на яго завяршылася 1 чэрвеня. Сваё жаданне паўдзельнічаць у ЦТ аформілі крыху больш як 62 тысячы чалавек. Ахвотных аказалася менш, чым у папярэднім годзе, але арганізатары звязваюць гэту акалічнасць з магчымасцю выкарыстоўваць сертыфікаты ЦТ на працягу двух гадоў.
Намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ паведаміла, што тэрмін выдачы пропускаў на ЦТ абітурыентам, якія ў вызначаныя тэрміны запоўнілі электронную анкету і аплацілі рэгістрацыйны ўзнос за ўдзел у ЦТ, але не змаглі іх забраць па прычыне хваробы, вымушанай самаізаляцыі або знаходжання за межамі краіны, быў падоўжаны да 15 чэрвеня.
Самымі запатрабаванымі прадметамі на ЦТ у 2021 годзе стала руская мова (на яе зарэгістраваліся больш як 50 тысяч абітурыентаў) і матэматыка (больш як 32 тысячы). Лідар сярод замежных моў па традыцыі — англійская мова: яе плануюць здаваць больш за 23 тысячы абітурыентаў. А вось тэсты па беларускай мове будуць пісаць менш за 20 тысяч чалавек (і гэта з улікам таго, што некаторыя абітурыенты здаюць і беларускую, і рускую мову, каб выбраць потым для прыёмнай камісіі сертыфікат з больш высокім балам).
З улікам эпідэмічнай абстаноўкі ЦТ па рускай мове і матэматыцы будзе праходзіць два дні. Усе абітурыенты падзелены на два патокі, таму варта быць уважлівымі і не прапусціць свой дзень здачы тэсціравання, які ўказаны ў пропуску. У іншы дзень абітурыент да здачы экзамену дапушчаны не будзе.
Пры правядзенні ЦТ абавязкова выконваць усе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні. Яны датычацца ў першую чаргу рассаджвання абітурыентаў — з захаваннем дыстанцыявання не менш за 1 метр. Гэта, вядома, запатрабавала задзейнічаць досыць вялікую колькасць дадатковых аўдыторый.
Арганізатары ЦТ будуць працаваць у масках і пальчатках. «Мы вітаем, калі і абітурыенты будуць таксама выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны. Калі па нейкай прычыне абітурыент забыўся пра іх, але жадае імі скарыстацца, у кожным пункце будзе створаны рэзерв», — адзначыла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. На пытанне журналіста, ці можа абітурыент падчас экзамену зняць маску, калі яму цяжка дыхаць, яна дала станоўчы адказ.
Прапускны рэжым у пунктах правядзення тэсціравання будзе ажыццяўляцца па дакументах, якія сведчаць асобу: размова ідзе пра пашпарт, від на жыхарства ці пасведчанне бежанца. «Варта заўважыць, што кожны год некаторыя абітурыенты спрабуюць трапіць на экзамен, выкарыстоўваючы пасведчанне кіроўцы ці іншыя дакументы. Яшчэ раз паўтару: усе астатнія дакументы, акрамя трох пералічаных, не з'яўляюцца дакументамі, па якіх можна трапіць на ЦТ», — падкрэсліла Наталля Вайцяховіч.
Арганізатары ЦТ таксама звяртаюць увагу абітурыентаў на неабходнасць захавання дзелавога стылю ў адзенні. Шорты і сланцы лепш пакінуць дома. «ЦТ — экзамен з высокімі стаўкамі, — заўважыла Наталля Вайцяховіч. — Таму ў аўдыторыях павінна захоўвацца дзелавая абстаноўка, якая ў многім залежыць ад знешняга выгляду ўдзельнікаў выпрабавання. У рэшце рэшт, гэта пытанне культуры. А вышэйшая адукацыя, на атрыманне якой прэтэндуюць абітурыенты, — гэта не толькі высокі ўзровень ведаў...»
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-yackevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-dzyarzhaunaya-akademiya-aviyacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/natallya-vaycyahovich-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/ct