Пенсіянер з вёскі Рогі Гомельскага раёна разам з жонкай працавалі на гародзе. У нейкі момант 74-гадовы мужчына вярнуўся ў незачынены дом і аслупянеў. У пярэднім пакоі знаходзіліся дзве незнаёмыя жанчыны, а трэцяя выйшла з іншага пакоя.
Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, пажылы чалавек не разгубіўся і ў жорсткай форме запатрабаваў пакінуць чужое жыллё. Няпрошаныя госці падпарадкаваліся. Дзядуля ж кінуўся ў пакой, адкуль выйшла незнаёмка. Дзверцы шафы, дзе яны захоўвалі сямейныя зберажэнні, былі прыадчыненыя. Трывожныя апасенні пацвердзіліся. Кішэні некалькіх пінжакоў, дзе была наяўнасць, апынуліся пустымі. Зніклі 18 тысяч рублёў.
Пенсіянер кінуўся да тэлефона і набраў нумар спецлініі 102. Паведамленне аб здарэнні і жаночай тройцы тут жа перадалі вонкавым службам, якія ажыццяўляюць ахову грамадскага парадку ў раёне і абласным цэнтры. Але затрымаць жанчын па гарачых слядах не ўдалося.
Некалькі дзён спатрэбілася аператыўнікам крымінальнага вышуку УУС і Гомельскага РАУС, каб выйсці на след магчымых падазраваных. Інтуіцыя праваахоўнікаў не падвяла. У 32-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра была выяўлена ўся выкрадзеная сума. Пенсіянерам міліцыянеры адразу ж паведамілі прыемную навіну, што зладзейка затрыманая, а грашовыя сродкі знойдзеныя.
Следчымі ў дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа за крадзеж, здзейснены ў буйным памеры. Раней яна ўжо была судзімая за такое ж злачынства.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[2] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[3] https://zviazda.by/be/tags/uus-gomelskaga-ablvykankama-0