Сёлета прыём будуць весці 125 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 250 прафесіях. Акрамя таго, адукацыйныя праграмы па падрыхтоўцы рабочых рэалізуе 41 установа адукацыі іншых узроўняў (каледжы, філіялы ВНУ). У структуры прыёму будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 75 працэнтаў.
У звязцы з заказчыкамі кадраў
Усяго на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 26,7 тысячы чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 26,6 тысячы. Лічбы прыёму ў параўнанні з мінулым годам не толькі не зменшыліся, а, наадварот, крыху падраслі — прадстаўнікі рабочых прафесій заўсёды ў дэфіцыце.
— Установы прафтэхадукацыі працуюць у вельмі цеснай звязцы з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў і аператыўна абнаўляюць кваліфікацыі, — падкрэсліла начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Напрыклад, сёлета распачнецца падрыхтоўка па 135 новых для асобных навучальных устаноў прафесіях і прыпыніцца падрыхтоўка па 150 прафесіях. Мы імкнёмся максімальна наблізіцца да патрабаванняў, якія дыктуе рынак працы: як у колькасным, так і ў якасным плане.
На сённяшні дзень у краіне функцыянуе 51 рэсурсны цэнтр на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Узровень прафесійнай адукацыі павінен адпавядаць узроўню развіцця вытворчасці або апярэджваць яго — менавіта такая ідэя была пакладзена ў аснову іх стварэння. Тут канцэнтруюцца ўсе неабходныя рэсурсы (і матэрыяльныя, і кадравыя, і навукова-метадычныя) для забеспячэння высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых для высокатэхналагічных, навукаёмістых, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Прычым доступ да дарагога абсталявання маюць навучэнцы з розных навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў па аналагічных спецыяльнасцях. Даступнасць забяспечваецца праз сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў прафесійнай адукацыі.
Стандарты заўтрашняга дня
Як адзначыла Аляксандра Пятрова, далучэнне нашай краіны ў 2014 годзе да сусветнага руху WorldSkіlls адкрыла перад сістэмай прафесійнай адукацыі новыя магчымасці. Галоўная мэта WorldSkіlls — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве, у тым ліку праз правядзенне нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. У сусветнага руху WоrldSkіlls ёсць дэвіз «Удасканальвай свет прафесійнымі навыкамі».
Кожныя два гады праходзіць сусветнае першынство ў шасці сферах: транспарт і лагістыка, будаўніцтва і тэхналогіі будаўнічай вытворчасці, тэхналогіі вытворчасці і тэхналогіі машынабудавання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і сацыяльна-бытавое абслугоўванне. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат
выкарыстоўваецца для таго, каб спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў
Прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. А сусветнае першынство — своеасаблівы выклік для нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, паколькі патэнцыяльныя інвестары ацэньваюць перш-наперш нашу краіну. Для таго каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. А каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі беларускіх устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, трэба выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці.
«Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі».
Беларусь паспела ўзяць удзел у трох сусветных чэмпіянатах — у Сан-Паўлу (Бразілія, 2015 год), у Абу-Дабі (ААЭ, 2017 год) і ў Казані (Расія, 2019 год). Дарэчы, на апошнім сусветным першынстве Беларусь у агульнакамандным заліку заняла 15-е месца з 63. Плюс нашы хлопцы і дзяўчаты атрымалі чатыры медалі выдатніка за прафесійнае майстэрства. Беларуская зборная ўдзельнічала ў 33 кампетэнцыях, пачынаючы ад дэманстрацыі кулінарных шэдэўраў і да тэхналогій у будаўніцтве.
З ліцэя — на алімпіяду
— Многія нашы ўстановы прафесійнай адукацыі з'яўляюцца базай для падрыхтоўкі ўдзельнікаў як нацыянальных, так і міжнародных чэмпіянатаў, — дадала Аляксандра Пятрова. — Таму ў маладых людзей, якія стануць іх навучэнцамі, ёсць магчымасць не толькі атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію, але і паўдзельнічаць у алімпіядным руху.
Адна з такіх устаноў — Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва.
— У гэтым годзе мы набіраем 227 чалавек (на базе дзевяці і адзінаццаці класаў), — расказала яго дырэктар Інеса КУЗЬМІНА. — У ліцэі рыхтуюць спецыялістаў для будаўнічай галіны, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, электрагазазваршчыкаў. Сёлета мы крыху павялічылі набор на спецыяльнасці электратэхнічнага профілю, таму што летась яны былі ў абітурыентаў асабліва запатрабаваныя. Дарэчы, маладыя людзі паступаюць да нас па конкурсе сярэдняга бала атэстата. А ўсіх іншагародніх хлопцаў і дзяўчат мы забяспечваем месцам у інтэрнаце.
Як заўважыла Інеса Кузьміна, ліцэй вельмі актыўна ўдзельнічае ў руху WorldSkіlls, што дае яму шмат пераваг. Так, за пяць гадоў была цалкам абноўлена ўся яго матэрыяльна-тэхнічная база. «Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў нашы майстры вытворчага навучання разам з навучэнцамі праходзілі стажыроўку ў Швецыі і Фінляндыі. Сёння мы рыхтуемся да ўдзелу ў сусветным чэмпіянаце ў Шанхаі. Гэта вельмі важны момант, бо мы развіваемся і рухаемся наперад. Вельмі важна сёння ўмець працаваць не толькі галавой, але і рукамі, такія спецыялісты востра запатрабаваныя, а па нашых выпускнікоў работадаўцы стаяць у чарзе. У ліцэі ўжо прайшло размеркаванне — ніводны выпускнік не застаўся без рабочага месца».
Да плюсоў навучання ў прафтэхустанове Інеса Кузьміна аднесла таксама бясплатнае харчаванне навучэнцаў, забеспячэнне іх бясплатнай спецвопраткай і бясплатнымі падручнікамі.
Тэхнічная эліта
У Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе плануюць набраць каля 300 чалавек. Навучанне тут вядзецца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Рыхтуюць фрэзероўшчыкаў, аператараў станкоў з праграмным кіраваннем, слесараў па рамонце аўтамабіляў, аўтамеханікаў, наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, тэхнікаў-мехатронікаў, аперацыйных лагістаў.
— Лічбы набору мы не змянялі, але перанакіравалі вектар нашай дзейнасці ў вобласць машынабудавання, — расказаў намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Дзмітрый БУЛАВІЦКІ. — Дарэчы, на базе каледжа дзейнічае Рэсурсны цэнтр навучання работнікаў машынабудавання і аўтасэрвісу. А ў яго структуры адкрыты адзіны сертыфікаваны ў краінах СНД цэнтр Festo (FACT) па тэхналогіях індустрыі 4.0 і мехатроніцы.
«Узровень прафесійнай адукацыі павінен адпавядаць узроўню развіцця вытворчасці або апярэджваць яго».
Каледж з'яўляецца каардынатарам такіх напрамкаў руху WorldSkіlls, як мехатроніка, такарна-фрэзерныя работы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем і аўтасэрвіс.
Пры навучанні рабоце на станках з лічбавым праграмным кіраваннем навучэнцы ў рэсурсным цэнтры спачатку адпрацоўваюць свае ўменні на камп'ютары, імітуючы апрацоўку дэталі. На экране яны візуальна могуць убачыць, напрыклад, як ламаецца такарны разец, фактычна акунаюцца ў свет віртуальнай майстэрні. У іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з канструкцыяй станка з праграмным кіраваннем, так бы мовіць, знутры. Зняўшы віртуальныя ахоўныя прыстасаванні, можна ўбачыць нават больш, чым на рэальным абсталяванні, азнаёміцца з прынцыпамі работы ўсіх асноўных вузлоў станка.
На другім этапе навучання выкарыстоўваюцца сімулятары (трэнажоры): камп'ютарная праграма можа змадэляваць любую аварыйную сітуацыю, і калі навучэнец дапускае памылку, то праграма яму на гэта ўказвае. І толькі потым навучэнцаў дапускаюць у майстэрню з рэальным абсталяваннем. Ёсць і трэці ўзровень — праектаванне, калі спецыяліст павінен напісаць праграму для пэўнай дэталі і зрабіць трохмерны чарцёж. Такім чынам, токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, што кантралюе прыладу.
У многіх краінах свету сёння вядуцца размовы пра перагляд падыходаў да рабочых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі. Цяпер, каб выконваць на вытворчасці спецыяльныя функцыі, рабочаму недастаткова валодаць толькі пэўнымі навыкамі — трэба мець шырокі дыяпазон ведаў у сумежных галінах.
Межы паміж узроўнямі адукацыі размываюцца. Ёсць прафесіі, дзе рабочаму хапае прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але ёсць прафесіі, і іх становіцца ўсё больш, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі. Невыпадкова ў многіх кампетэнцыях на чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkіlls выступаюць студэнты ВНУ і навучэнцы каледжаў.
Прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадоўжыцца да 20 жніўня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/prafesiyna-tehnichnaya-adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/rabochyya-prafesii
[7] https://zviazda.by/be/tags/suchasny-rabochy
[8] https://zviazda.by/be/tags/ustanovy-praftehadukacyi
[9] https://zviazda.by/be/tags/prafesiynae-maysterstva
[10] https://zviazda.by/be/tags/worldskills-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/resursnyya-centry
[12] https://zviazda.by/be/tags/prafesiynyya-standarty
[13] https://zviazda.by/be/tags/minski-dzyarzhauny-prafesiyny-licey-no-5-transpartnaga-budaunictva
[14] https://zviazda.by/be/tags/kaledzh-suchasnyh-tehnalogiy-u-mashynabudavanni-i-autaservise-ripa