Паспрабаваць сябе ў 58 прафесіях, уласнымі рукамі зрабіць гліняны магніцік, распісаць узорамі пернік ці будаўнічую каску, зваляць цацку з лямцу, паставіць хімічны дослед, нанесці макіяж, навучыцца жангліраваць, паўдзельнічаць у раскопках... Гэта і мноства іншага два дні рабілі дзеці на сямейным фестывалі «Букідс. Прафесіі» ў сталічным Батанічным садзе. Дадайце сюды магчымасць самастойна зарабіць мясцовую валюту — букідсы, паўдзельнічаць у спектаклях, праверыць сябе на спрытнасць і кемлівасць у віктарынах, лоўлі мыльных бурбалак і карасканні па «гарах». Атрымаецца поўнае сюрпрызаў месца для адпачынку з бацькамі.
Барыста, зваршчык, кветкавод...
Набыўшы «працоўную кніжку», малыя адразу кідаліся шукаць першае месца працы і заўзята спрабавалі паўтарыць усё, што ім паказвалі і расказвалі пра пэўную прафесію. Бацькі ж з веданнем справы глядзелі, куды ўладкаваць дзіця наступным разам. А заняцца тут было чым. Хочаш — ідзі ў аўтамайстэрню і станавіся прадаўцом ці канструктарам аўтамабіляў. Або ўладкоўвайся на аўтазапраўку аператарам АЗС. Ці стварай уласны смак, стаўшы барыста або чайным самелье.
Многія прафесіі пераносілі дзяцей у віртуальную рэальнасць, як, напрыклад, віртуальны зваршчык: праз спецыяльную маску малыя назіралі, як яны самі нібыта сапраўды робяць металічнае шоу. А тыя, хто вырашыў стаць мультыплікатарам, пабачылі на маніторы ўласна «зняты» мульцік.
— Мы стараліся, каб атрымалася свята для ўсёй сям'і, дзе было б цікава і дарослым, і дзецям. Для малых гэта пэўны адукацыйны момант, а дарослых стараліся здзіўляць арганізацыяй пляцовак. Мне падабаецца дарыць добрыя эмоцыі, — абазначыла мэты Таццяна ЮЗАФОВІЧ, арганізатар фестывалю «Букідс». — Па маштабе мы сталі большымі, і гасцей значна павялічылася. Толькі за першы дзень выдалі 4,5 тысячы працоўных кніжак, а прылічыце яшчэ бацькоў... Нават прафесій напачатку было заяўлена 58, але на некаторых лакацыях знаходзілася па некалькі спецыяльнасцяў, так што ў выніку атрымалася 82.
Юныя садаводы высаджвалі ў агародзе, што стварыла кампанія дзіцячага харчавання Bambolіna, расаду перцаў ды памідораў, а кветкаводы ладзілі прыгожую кампазіцыю, якая застанецца квітнець у батанічным садзе. Мадэлі вучыліся дэфіліраваць па подыуме, а візажысты асвойвалі навуку макіяжу.
— Мы хацелі, каб наша дачка паспрабавала розныя прафесіі і, магчыма, у далейшым вызначылася, што ёй больш па душы. А можа, і нейкія таленты раскрыюцца, — падзялілася ўражаннямі Вераніка, якая разам з дачкой Дамінікай і мужам прыйшла на фестываль.
На некалькі хвілін можна было адчуць сябе артыстам, цік-токерам, акцёрам ці журналістам. Выдаўцы рабілі кнігі, стаматолагі чысцілі зубы беламу мядзведзю, медыкі ставілі кропельніцы, акварэлісты малявалі нацюрморты. Артысты Белдзяржцырка вучылі рабіць з шарыкаў фігуркі, жангліраваць, круціць абруч — да апошніх двух заняткаў з захапленнем далучаліся і мамы.
Кёрлінгісты накіроўвалі да мішэняў камяні па ламінаце. Мішка Барні зладзіў для юных палеантолагаў майстар-клас па лепцы дыназаўраў з гліны, а таксама раскопкі «костак дыназаўраў» у пясочніцы — тут вам і заробак букідсаў, і проста задавальненне.
Сустракаліся і незвычайныя прапановы, напрыклад пераўтварыцца ў фею і змайстраваць сабе папяровыя крылцы.
Энергетычныя, салодкія і творчыя бонусы
Іх можна было атрымаць, зарабляючы грошы на фестывалі. На пляцоўцы з атамнымі прафесіямі — капітанам атамнага ледакола, аператарам блочнага пульта кіравання атамнай станцыі, будаўніком атамнага аб'екта і іншымі — можна было, напрыклад, зарадзіць мабільны «экалагічна чыстай энергіяй».
А распісаныя падчас работы кандытарам пернікі — забраць з сабою і падсілкавацца, гэтаксама як і гарбатай, якую гатавалі маленькія самелье. Увогуле, усе вырабы, створаныя маленькімі работнікамі, можна было захапіць з сабою на памяць аб незвычайных «працоўных днях».
— У мяне дзеткі рабілі цацкі з нарыхтовак англійскага велюру: магніцікі, брошкі, бірулькі, ляльку ў ручку, бо наш майстар-клас скіраваны на самых маленькіх, — расказала майстар Алеся. — Дзіця з любымі навыкамі можа сшыць дэталі, і не будзе заўважна, як яно гэта зрабіла, бо любое шво схаваецца ў ворс тканіны, што зручна.
На майстар-класе па роспісе імбірных пернікаў дзеці з задавальненнем працавалі з салодкімі колерамі.
— Спачатку было 115 вялікіх пернікаў: коцікі, зайчыкі, сэрцайкі, кветачкі, але іх дзеці вельмі хутка распісалі. Думаю, і 500 бы пайшлі, — упэўнена майстар Алена, якая і гатуе смакату, і вучыць яе распісваць. — Цяпер толькі маленькія засталіся — але і іх толькі паспяваю даставаць.
А на іншай пляцоўцы малыя траплялі ў сапраўдную лабараторыю з прабіркамі, колбамі і каляровымі «хімікатамі», дзе стваралі палімернага «чарвяка».
— Наш «чарвяк» робіцца з раствору альгінату натрыю. Падобным чынам робяць і штучную ікру. «Чарвяк» таксама ядомы, але я спецыяльна дадала падчас эксперымента ў яго блёсткі, каб дзеці ведалі, што пасля лабараторных доследаў нельга нічога з гэтага ні есці, ні піць, — падкрэсліла Вікторыя, кіраўнік клуба «Малекула».
Дзіцячы маркет і другое жыццё рэчаў
Хоць работа на фестывалі і цікавая, але ж і ад яе трэба адпачываць, каб не думаць увесь час, куды яшчэ бегчы зарабляць букідсы. Замест гэтага можна было адправіцца ў «Тэатр пад дрэвам», каб паглядзець спектакль і нават крыху ў ім паўдзельнічаць. Залезці ў кабіну міні-эскаватара і пасігналіць. Паваляцца ў пясочніцы з гарохам. Сабраць з канструктара машыну — на гэтай пляцоўцы таты хіба не з большым захапленнем, чым дзеці, скручвалі гайкамі дэталі. Для актыўнага адпачынку былі батуты, скалалазанне, паласа вяровачных перашкод, заняткі ёгай. Можна было зрабіць аквагрым ці згуляць у шахматы і, вядома, запісацца на заняткі ў любую з секцый, якія былі прадстаўлены на свяце.
Некаторыя юныя ўдзельнікі «Букідса» зараблялі сапраўдныя грошы, бо гандлявалі на Дзіцячым маркеце — спецыяльнай пляцоўцы для юных бізнесменаў. Прайсці міма было складана, чуючы заклікі «Кнігі па рублі — дарма бяры!», «Зніжкі на ўсё!».
— Мама сказала, што будзе такі фестываль, і я адразу захацела ўдзельнічаць, — кажа Кіра. — У мяне былі бранзалеткі, міні-размалёўкі, варажылкі, лінейкі з паперы. Большасць рэчаў я зрабіла сама, нешта купіла, а кнігі мне для продажу даў тата.
Яе суседка па маркеце Ксюша гандлявала мяккімі цацкамі і ўласна зробленымі вырабамі-свечкамі два дні.
— Я зрабіла піньяту з цукеркамі. Цацкі свае прадаю тыя, якія мне ўжо не патрэбны. Але большасць засталася ўсё ж дома, — смяецца яна. — А яшчэ ў мяне бяспройгрышная латарэя.
Нестандартным і карысным для мам стаў абмен дзіцячымі рэчамі і цацкамі на пляцоўцы «KІDS FREE MARKET». Гэта ініцыятыва дзвюх мам, якія такім чынам даюць непатрэбным рэчам шанс на другое жыццё.
Заробкі і пакупкі
На першы погляд здаецца, што, каб пазнаёміцца з прафесіяй, на свяце дастаткова некалькі хвілін, але гэта не так. Колькі ні спяшайся, каб атрымаць букідсы, лакацый і заданняў процьма. Кажуць, што шмат букідсаў (600 і больш) удалося зарабіць тым, хто прыйшоў у першы дзень з самага ранку. Яны ж і набылі за іх найлепшыя падарункі — мальберты. А з-за вялікай колькасці наведвальнікаў валанцёры проста з ног збіваліся.
— Валанцёры прыходзяць а сёмай раніцы і працуюць да дзевяці вечара ў рэжыме нон-стоп. Перапынак толькі на абед, таму ім цяжкавата, — прыадкрыў таямніцу работы альтруістаў Яўген МАРЭЦКІ, кіраўнік адной з дзесяці каманд валанцёраў, якія працавалі на фестывалі.
— Адукацыйны момант як першапачатковая мэта фестывалю — гэта добра, аднак з улікам такога масавага сумбуру задача са знаёмства і атрымання нейкага ўяўлення аб прафесіях на пляцоўках ператварылася ў гонку за букідсамі, якія пасля трэба абмяняць на падарункі, — заўважыла мама Вольга.
Іншыя мамы прапанавалі арганізатарам пры абмене букідсаў на падарункі арганізаваць маленькае бліц-апытанне для дзяцей накшталт: што табе спадабалася, чаму ты навучыўся, што карыснае ты атрымаў ад сённяшняга дня?
Самі ж малыя ў цэлым засталіся задаволенымі і з радасцю дзяліліся ўражаннямі з бацькамі і светам.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad
[4] https://zviazda.by/be/tags/bukids
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameyny-festyval