У сталіцы падрыхтаваны неабходныя дакументы для продажу з аўкцыёну 20 зямельных участкаў. Таргі павінны адбыцца да канца гэтага года. Пра гэта, як паведамляе [1] агенцтва «Мінск-Навіны», нядаўна ў эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» на «Радыё-Мінск» расказаў дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці Станіслаў Коцікаў.
— У мінулым годзе інвестыцыйных пляцовак не прадавалі. Справа ў тым, што састарэлі горадабудаўнічыя пашпарты, якія маюць тэрмін прыдатнасці два гады. Іх трэба было актуалізаваць альбо фарміраваць па-новаму. Цяпер ужо падрыхтаваны матэрыялы па 20 участках. Мяркую, што да канца года яны будуць выстаўлены на продаж. Іх накіраванасць розная — вытворчая, пад будаўніцтва жылля і аб’ектаў сферы паслуг, — адзначыў Станіслаў Коцікаў. — Гэтыя пляцоўкі павінны зацікавіць патэнцыйных інвестараў. Напрыклад, былі ў нас электронныя таргі, на якія выстаўлялі ўчастак пад установу грамадскага харчавання. Стартавы кошт — крыху больш за 147 тыс. рублёў. Таргі ішлі 17 гадзін. У выніку пляцоўку прадалі больш чым за за 2,1 млн рублёў. Гэтыя грошы папоўнілі сталічны бюджэт.
Усяго з 2008 па 2021 год гарадскі цэнтр нерухомасці прадаў 317 зямельных участкаў на агульную суму звыш 180 млн рублёў. Аб’ём інвестыцый у іх склаў затым каля 500 млн рублёў.
— Зямельныя ўчасткі фарміруе камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Далей распрацоўваюцца градапашпарты, у якіх прапісваюцца характарыстыкі участкаў. Затым гэтыя матэрыялы перадаюцца нам, і мы выстаўляем зямлю на аўкцыён. Дарэчы, з 1 студзеня 2020 га кадастравы кошт для таргоў зменшаны ў пяць разоў. То бок калі раней стартавая цана была 100 тыс., то цяпер — 20 тыс. Думаю, інвестары гэтаму толькі рады. Больш за тое, калі купляеш зямлю з аўкцыёну, атрымліваеш прэферэнцыі — плаціш толькі 50% сумы, а на астатнюю прадастаўляецца адтэрміноўка плацяжу, — удакладніў Станіслаў Коцікаў.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/do-koncza-2021-g-na-prodazhu-v-minske-budut-vystavleny-20-investiczionnyh-ploshhadok/
[2] https://zviazda.by/be/tags/investycyynyya-plyacouki
[3] https://zviazda.by/be/tags/neruhomasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon
[5] https://zviazda.by/be/tags/targi