Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі медыцынскіх ВНУ напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў, перадае [2] БелТА.
«На нашай сустрэчы прысутнічаюць маладыя людзі з усіх медыцынскіх ВНУ краіны, якія атрымліваюць цудоўную прафесію. І наогул, мне здаецца, што гэта нават не прафесія і не спецыяльнасць — гэта прызванне, лад жыцця. Паколькі, па-першае, трэба бязмерна любіць людзей. Па-другое, трэба разумець, што, выбраўшы прафесію ўрача, ты вызначыў яе галоўнай у жыцці. Калі ты як урач любіш людзей, то лічы, што твая прафесія адбылася. Я заўсёды кажу — можна вылечыць часам і словам. Калі ўрач павёў сябе разважліва, натхніў пацыента, то гэта вялікі залог поспеху ў яго лячэнні. Акрамя таго, урач павінен вучыцца на працягу ўсяго жыцця», — сказала Наталля Качанава.
Спікер адзначыла, што здароўе грамадзян у нашай краіне заўсёды ў прыярытэце. «І, вядома, дзякуючы нашым урачам у нас сёння створана такая добрая сістэма аховы здароўя. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Выбудавана дакладная структура, пачынаючы ад сельскіх ФАПаў і заканчваючы рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі, якіх у нас 17 у краіне. Беларусь захавала інфекцыйныя бальніцы, санэпідслужбы, якіх у некаторых краінах проста няма, — гэта яшчэ адзін доказ таго, што мы на правільным шляху, — расказала яна. — У Беларусі ў сістэму аховы здароўя накіроўваюцца значныя сродкі. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і такая палітыка краінай праводзілася заўсёды, дзе галоўнае — гэта чалавек, клопат аб ім. І тыя падыходы, якія ёсць пры фарміраванні дзяржаўных праграм, чатыры нацыянальныя праграмы дэмаграфічнай бяспекі, што былі прыняты, — гэта дае свае вынікі, павялічваецца працягласць жыцця».
Наталля Качанава павіншавала студэнтаў з надыходзячым прафесійным святам. «На працягу ўсяго гэтага тыдня мы сустракаемся з медыцынскімі работнікамі, якія працуюць у сістэме аховы здароўя краіны. Дзякуем ім за работу, таму што для любога чалавека яго здароўе, родных і блізкіх — гэта самае важнае. Хацелася б пажадаць, каб ваш выбар супаў з тым, чым вы будзеце займацца на працягу ўсяго свайго жыцця. Таму што гэта вельмі важна — зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, — падкрэсліла яна. — Я хачу пажадаць вам шчасця, здароўя, любові, каб усе вашы мары спраўдзіліся, вы знайшлі сябе ў гэтай прафесіі і рэалізаваліся, выконваючы тую функцыю, якая будзе ўскладзена на вас. А гэта захаванне жыцця і здароўя нашых грамадзян. Урачы суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця. Вы даяце жыццё. Таму ўдачы і поспехаў вам у гэтай рабоце. І яшчэ я вельмі хацела б вам пажадаць, каб вы рэалізавалі сябе ў сваёй краіне. І каб вы зрабілі ўсё для таго, каб наша краіна была такой жа прыгожай, светлай, чыстай, спакойнай, паспяховай. І гэта шмат у чым залежыць ад вас, таму што вы тыя, хто ідзе за намі».
Сённяшняе мерапрыемства ініцыявана Пастаяннай камісіяй па ахове здароўя, спорце і турызме Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Традыцыйна сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.
«Гэта вельмі важнае мерапрыемства, паколькі мы прадаўжаем яшчэ весці барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй і студэнты-медыкі ў тым ліку вельмі актыўна ўключыліся ў барацьбу з гэтым сур’ёзным выклікам для ўсяго свету. У студэнтаў была магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні наконт арганізацыі работы ўстаноў аховы здароўя ў перыяд пандэміі, размеркавання, рэзідэнтуры, прафарыентацыі. Я лічу, што такі кантакт са спікерам Савета Рэспублікі — магчымасць атрымаць дакладныя і канструктыўныя адказы на ўсе хвалюючыя пытанні», — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Уладзіслаў Волчак.
Студэнтка 4-га курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дар’я Флейтух з дзяцінства марыла стаць доктарам. «Я свядома вырашыла, што мне трэба ісці ў медыцыну. Заўсёды хацелася дапамагаць людзям. Я буду неанатолагам, — падзялілася дзяўчына. — Сёння нам вельмі прыемна тут знаходзіцца. Спадзяюся, што гэта не апошняя сустрэча. Бо гэта новыя магчымасці для раскрыцця свайго патэнцыялу. Напрыклад, у нас у ВНУ адкрылася пярвічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Я падтрымліваю маладзёжнае жаночае супольніцтва, мы агучваем свае ідэі, прапановы. І парламент — гэта выдатная магчымасць праявіць сябе, паказаць вынікі сваёй работы».
Студэнт 4-га курса стаматалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яўген Маханькоў прадаўжае медыцынскую дынастыю. «Яшчэ з ранняга дзяцінства галоўным прыкладам для мяне была мама. Яна працуе ўрачом-неўролагам, загадчыца неўралагічнага аддзялення ў дзіцячай бальніцы. Паступіць у медыцынскі ўніверсітэт было мэтай усяго майго школьнага жыцця. І я спраўдзіў сваю мару і не шкадую аб зробленым выбары», — дадаў ён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://blr.belta.by/society/view/kachanava-sustrelasja-sa-studentami-medytsynskih-vnu-101069-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-medycynskaga-rabotnika
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/sustrecha-sa-studentami
[6] https://zviazda.by/be/tags/vnu