Гэтыя дні дакладна ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Ізраіля. У краіне прыступіў да работы новы кааліцыйны ўрад. Яго склад быў зацверджаны дэпутатамі Кнесета (парламента). За новы ўрад, які ўзначаліў Нафталі Бенет ад параўнальна невялікай нацыяналістычнай партыі «Яміна», прагаласавалі 60 дэпутатаў са 120 пры 59 супраць, адзін устрымаўся. Такім чынам, падведзена рыса (магчыма, часовая) пад перыядам праўлення Біньяміна Нетаньяху, які нязменна займаў пасаду прэм'ера на працягу апошніх 12 гадоў.
Нафталі Бенет паабяцаў, што ўрад будзе імкнуцца аб'яднаць грамадзян. У офісе Нетаньяху тым часам кажуць, што колішні прэм'ер, якога многія называлі «каралём Бібі» (яшчэ ў 2012 годзе часопіс Tіme змясціў яго фатаграфію на вокладку, суправадзіўшы гэта адпаведным подпісам), поўны рашучасці змяніць «небяспечны ўрад». У яго склад увайшлі прадстаўнікі адразу васьмі партый — правых, цэнтрысцкіх і левых. Уяўная дэмакратычнасць такой сітуацыі багатая сур'ёзнымі праблемамі — з улікам мінімальнай перавагі ў парламенце дэмарш нават адной з прадстаўленых ва ўрадзе сіл пагражае калапсам Кабміна, заўважыла іz.ru. На гэтым фоне ад улад яўрэйскай дзяржавы варта чакаць максімальнай асцярожнасці ў сваіх рашэннях ва ўнутраных і знешнепалітычных пытаннях. Куды ж рушыць адзін з ключавых блізкаўсходніх гульцоў?
Пераможца атрымлівае ўсё
На выбарах, якія прайшлі ў сакавіку, партыя Нетаньяху «Лікуд» набрала большасць у Кнесеце. І гэта было вельмі важна для дзейнага прэм'ера, адзначае The Wall Street Journal. У дачыненні да Нетаньяху, які рэкордна доўга займае сваю пасаду, расследуецца справа па абвінавачванні ў карупцыі. Без пасады ён не атрымае палітычнай падтрымкі, якая магла б абараніць яго ад абвінавачванняў, тлумачыць выданне. Пакуль разглядаецца яго справа, ён мог заставацца прэм'ер-міністрам, аднак не можа быць членам Кабінета міністраў. Нетаньяху ўзначальвае ўрад краіны з 2009 года, акрамя таго, ён тры гады займаў пасаду прэм'ер-міністра ў 1990-х гадах.
Чвэрць стагоддзя назад ён стаў самым маладым прэм'ер-міністрам у гісторыі Ізраіля, з невялікай перавагай атрымаўшы перамогу над тагачасным лідарам лейбарыстаў Шымонам Перэсам. Выбары адбыліся ўсяго праз некалькі месяцаў пасля забойства прэм'ер-міністра Ізраіля Іцхака Рабіна, які падпісаў з палесцінцамі мірнае пагадненне ў Осла. Нетаньяху звярнуўся да выбаршчыкаў, рашуча выступіўшы супраць мірных перагавораў, якія, на яго думку, ставяць пад пагрозу бяспеку Ізраіля.
Сам Нетаньяху адмаўляе абвінавачванні ў хабарніцтве, махлярстве і злоўжыванні даверам. Ён назваў сваё праследаванне «паляваннем на ведзьмаў», мэтай якога з'яўляецца яго звяржэнне. Многія з яго патэнцыйных саюзнікаў перакананы, што крымінальная справа стала для прэм'ер-міністра сур'ёзным матывацыйным фактарам, каб заставацца на сваёй пасадзе як мага даўжэй, піша WSJ.
«На карту пастаўлена ўсё. Для яго гэта не проста перамога на выбарах ці ўдзел у кааліцыйным урадзе. Ён павінен быць менавіта прэм'ерам. Любы чыноўнік, акрамя прэм'ер-міністра, згодна з законам, [у такіх абставінах] павінен сысці ў адстаўку», — растлумачыў WSJ кіраўнік факультэта паліталогіі Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме Рэўвен Хазаі. «Гэта бітва, у якой пераможца атрымлівае ўсё. Гэта бітва не толькі за палітычнае выжыванне, але і за выжыванне ў прынцыпе», — дадаў ён.
Паспець за паўгадзіны
У пачатку мая прэзідэнт Ізраіля Рэўвен Рыўлін даручыў заснавальніку і лідару партыі «Ёш Атыд» Яіру Лапіду сфарміраваць урад па выніках выбараў. Мандат на «канструяванне» ўрадавай кааліцыі перайшоў да яго пасля таго, як у адведзены тэрмін яе не змог стварыць прэм'ер-міністр краіны і лідар найбуйнейшай партыі «Лікуд» Біньямін Нетаньяху. На тое, каб аб'яднаць палітычных праціўнікаў, у Лапіда было чатыры тыдні. «Нам патрэбны ўрад, які будзе адлюстроўваць той факт, што мы не ненавідзім адзін аднаго», — заявіў ён і рашуча ўзяўся за справу.
Сітуацыя была надзвычай складаная: на тое, каб дамовіцца, партыям быў адведзены час да паўночы 3 чэрвеня, інакш паўнамоцтвы на стварэнне кааліцыі пяройдуць да Кнесета на 21 дзень. Калі ж на працягу гэтага тэрміну ніводны дэпутат не зможа заручыцца падтрымкай большасці, то парламент распусцяць і будуць прызначаны новыя выбары. Пятыя за два гады.
У такой сітуацыі палітычныя праціўнікі Нетаньяху гатовыя аб'яднацца толькі дзеля таго, каб зрынуць прэм'ера і пазбегнуць чарговых выбараў. Удзельнікі «ўрада перамен» заяўляюць, што гатовыя адмовіцца ад маштабных палітычных жэстаў, калі гэта дазволіць пазбегнуць далейшага палітычнага тупіка у той час, калі краіна сутыкаецца з шэрагам сур'ёзных праблем.
30 мая былы паплечнік Нетаньяху і лідар правай партыі «Яміна» Нафталі Бенет заявіў, што гатовы аб'яднацца з Лапідам, «каб стварыць урад адзінства». «Я маю намер зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб выратаваць гэтую краіну ад руху па спіралі і вярнуць яе на правільны шлях. Гэта беспрэцэдэнтны палітычны крызіс. Мы можам пайсці на пятыя, шостыя, дзясятыя выбары. Мы можам зносіць сцены краіны, пакуль дом не абрынецца нам на галаву. Ці мы можам спыніць гэта вар'яцтва і прыняць адказнасць на сябе», — дадаў Бенет. Ён патлумачыў сваё рашэнне тым, што не бачыць рэальнай магчымасці фарміравання кааліцыі з партыяй Нетаньяху «Лікуд» і іншымі правымі сіламі, пісала выданне The Tіmes of Іsrael. Bloomberg адзначае, што ў Бенета былі «нацягнутыя і складаныя адносіны» з Нетаньяху з-за «асабістых рознагалоссяў».
За два дні да заканчэння дзеяння мандата Лапід адзначыў, што на шляху да фарміравання ўрада яшчэ шмат перашкод. «Можа быць, гэта нават добра, таму што нам прыйдзецца пераадольваць іх разам. Праз тыдзень Ізраіль можа ўступіць у новую эру», — сказаў ён. Варта заўважыць, што інтрыга трымалася да апошняга. Лапід паведаміў прэзідэнту, што можа сфарміраваць урад, за трыццаць пяць хвілін да поўначы 3 чэрвеня.
Шлях Бенета
Такім чынам, на найбліжэйшыя два гады пасаду, якую вызваліў «кароль Бібі», заняў 49-гадовы Нафталі Бенет. Пасля гэтага яна на ратацыйнай аснове дастанецца Яіру Лапіду. Што вядома пра цяперашняга прэм'ера? Бенет нарадзіўся ў Хайфе ў сям'і імігрантаў з Сан-Францыска. Ён жанаты, мае чатырох дзяцей, жыве ў Раанане — мястэчку за 19 кіламетраў ад Тэль-Авіва.
Бенет быў членам спецпадраздзяленняў Генеральнага штаба Арміі абароны Ізраіля Саерэт Маткаль, у якім калісьці служыў былы прэм'ер, а таксама Маглан. Цяпер ён у рэзерве ў званні маёра. Пасля службы ў войску працаваў у сферы высокіх тэхналогій. Атрымаў ступень юрыста ў Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме. У 1999 годзе Бенет заснаваў стартап па барацьбе з махлярствам Cyota, пасля чаго пераехаў у Нью-Ёрк, дзе ў 2005 годзе прадаў сваю кампанію амерыканскай ахоўнай фірме RSA за 145 мільёнаў долараў.
У сярэдзіне 2000-х, калі Нетаньяху быў лідарам апазіцыі, Бенет быў кіраўніком яго адміністрацыі, а калі Нетаньяху стаў прэм'ер-міністрам, займаў розныя міністэрскія пасады ў яго ўрадах. Бенет назваў свайго старэйшага сына Ёні ў гонар брата папярэдняга прэм'ера, які загінуў падчас аперацыі па вызваленні заложнікаў у аэрапорце Энтэбе (Уганда) у 1976 годзе. Ён выступае за скарачэнне падаткаў і супраць бюракратычнай цяганіны.
У 2013 годзе прыхільнік правых поглядаў Бенет увайшоў у Кнесет у якасці лідара рэлігійнай сіянісцкай партыі «Яўрэйскі дом». Калумніст Bloomberg Бобі Гош заўважыў, што Бенет «больш ваяўнічы», чым яго саюзнік па кааліцыі Лапід: у 2015 годзе ён, напрыклад, раскрытыкаваў ядзерную здзелку з Іранам, назваўшы яе «абсалютнай катастрофай».
Знаходзячыся на пасадзе міністра абароны, ён адказваў за першы каранавірусны лакдаўн у краіне, які спачатку лічыўся паспяховым, заўважыла WSJ. Пазней захворванне ў Ізраілі стала рэзка распаўсюджвацца, пасля таго як Нетаньяху паспяшаўся паслабіць абмежаванні. Праўда, да гэтага моманту Бенет ужо не ўваходзіў у склад урада.
Гістарычная кааліцыя
Па меркаванні ізраільскіх палітолагаў і аглядальнікаў, якіх згадвае «Бі-бі-сі», «канец эпосе Нетаньяху паклалі не Лапід і не Бенет». «Яны толькі пажынаюць плады працэсу, які ў 2019 годзе запусціў Авігдор Ліберман, адмовіўшыся зноў увайсці ў кааліцыю з Нетаньяху, — мяркуюць спецыялісты. — Усе наступныя гады ізраільцяне толькі і рабілі, што хадзілі на выбарчыя ўчасткі, і кожны раз безвынікова: Нетаньяху больш так і не ўдалося сабраць моцны ўрад».
Апроч сыходу 71-гадовага Біньяміна Нетаньяху (ён, зрэшты, цяпер узначаліў апазіцыю і даволі ўпэўнена заяўляе аб планах вярнуцца ў крэсла прэм'ера — нягледзячы на судовы працэс па справе аб карупцыі, фігурантам якой ён з'яўляецца), цяперашні кааліцыйны ўрад можна лічыць гістарычным і яшчэ ў адным вымярэнні: у яго склад упершыню ўвайшла арабская партыя — «Адзіны арабскі спіс» на чале з Мансурам Абасам. З яе дапамогай атрымалася пацясніць Нетаньяху, цяпер жа партыя разлічвае на павелічэнне бюджэтаў на развіццё дэвелаперскіх і інфраструктурных праектаў, а таксама на фінансаванне работы праваахоўных органаў у раёнах, дзе жыве арабскае насельніцтва (на яго долю прыпадае 20 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў яўрэйскай дзяржавы).
Як заўважыў дацэнт Амерыканскага ўніверсітэта Марад Элсан, галоўным дасягненнем Абаса сталі «фундаментальныя змены, аб якіх сведчыць прыняцце арабскіх партый у ізраільскую палітыку і прызнанне арабскіх палітычных сіл у якасці легітымных партнёраў у палітычным жыцці і размеркаванні паўнамоцтваў у Ізраілі». «Гэта мэта, якой арабскія партыі не маглі дасягнуць з моманту стварэння дзяржавы Ізраіль у 1948 годзе, — адзначыў ён у артыкуле, апублікаваным парталам The Conversatіon. — Пасля двух гадоў, на працягу якіх выбары праводзіліся чатыры разы, няма гарантый таго, што гэты ўрад пратрымаецца, аднак незалежна ад развіцця падзей гэта перамены гістарычнага маштабу».
Рэальным рухавіком поспеху кааліцыі эксперты называюць менавіта Яіра Лапіда. Зрэшты, пытанне аб тым, ці зможа настолькі разнамасны Кабмін праіснаваць два гады, пасля чаго ён зможа заняць пасаду прэм'ера, — пытанне адкрытае. Сярод ключавых праблем, якія дасталіся ў спадчыну новаму ўраду, — спроба нармалізаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў краіне, дзе за два апошнія гады выбары ў Кнесет праводзіліся чатыры разы, а таксама ліквідаваць наступствы ўспышкі каранавіруса, якая нанесла сур'ёзныя страты эканоміцы да таго, як распаўсюджванне COVІD-19 удалося ўзяць пад кантроль дзякуючы маштабнай і эфектыўнай праграме вакцынацыі.
На знешнепалітычным напрамку адным з ключавых пытанняў застаюцца адносіны з палесцінцамі. Сам Бенет мае рэпутацыю рэлігійнага ўльтранацыяналіста, які падтрымлівае планы пашырэння яўрэйскіх паселішчаў і выступае супраць стварэння паўнавартаснай палесцінскай дзяржавы, заўважыла іz.ru. У той жа час ён не можа не прыслухоўвацца да тых членаў кааліцыі, якія выступаюць з больш умераных пазіцый, — у адваротным выпадку страціць сваю пасаду. Так што рэальных змен тут чакаць не варта.
Захар БУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/kantynenty
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/izrail
[5] https://zviazda.by/be/tags/naftali-benet
[6] https://zviazda.by/be/tags/binyamin-netanyahu