Інфармацыя пра тое, што ў Докшыцкім фантане ў цэнтры горада токам забіла дзяўчыну, хутка распаўсюдзілася па райцэнтры, і пра трагедыю сталі з’яўляцца паведамленні ў інтэрнэце. Каб высветліць падрабязнасці, «Звязда» звярнулася ў кампетэнтныя органы.
У Віцебскім абласным упраўленні МНС пацвердзілі, што трагедыя насамрэч адбылася. У нядзелю па нумары «101» патэлефанавалі з вуліцы і паведамілі, што дзяўчыну з кампаніі, якая адпачывае ля фантана, верагодна, б’е токам. Спрабавалі ёй дапамагчы, але і яны адчулі ўдары электрычнасці.
Выратавальнікі прыехалі на месца здарэння і ў спецыяльных пальчатках адключылі падачу электрычнасці. Дасталі дзяўчыну з вады, на жаль, без прыкмет жыцця, перадалі медыкам...
Як паведаміла «Звяздзе» афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Аксана Лазько, следчы камітэт разбіраецца ў абставінах гібелі дзяўчыны ў фантане ў Докшыцах.
Паводле даных следства, ноччу 21 чэрвеня 22-гадовая дзяўчына гуляла са знаёмым. Яна вырашыла зрабіць свае фота ў фантане. Са слоў відавочцы, у вадзе яна атрымала ўдар токам. Да прыезду медыкаў яна памерла на месцы здарэння.
Следчай-аператыўнай групай агледжана месца здарэння. У цяперашні час казаць пра прычыну гібелі дзяўчыны заўчасна, як і сцвярджаць пра тое, што гэта было смяротнае электратраўміраванне. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза. Апытваюцца відавочцы.
Па гэтым факце Докшыцкім раённым аддзелам следчага камітэта праводзіцца праверка. Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.
У цяперашні час па патрабаванні следчых адключана электрасілкаванне і водазабеспячэнне фантана.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/smerc
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyauchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/dokshycy
[7] https://zviazda.by/be/tags/tok