У спартыўных колах заслужаны трэнер Беларусі Генадзь Вішнякоў вядомы як «Генсек», хоць адміністрацыйнай работай ён ніколі не займаўся, а прысвяціў сваё жыццё выхаванню плыўцоў. «Вельмі даўно мяне так назвалі мае вучні. Сваю ідэю яны растлумачылі тым, што я вырашаю ўсе пытанні і ўсё бяру на сябе, як сапраўдны генеральны сакратар. Я быў не супраць, і ўжо шмат гадоў спартсмены з пакалення ў пакаленне называюць мяне Генсекам», — усміхаецца Генадзь Аляксеевіч. Пакаленняў у «Генсека», які з 1972 года працуе трэнерам, сапраўды шмат. Цяпер ён выхоўвае плыўцоў-параалімпійцаў. На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы разам са сваімі вучнямі яны выклікалі сенсацыю — заваявалі 19 медалёў. Цяпер уся ўвага — на Параалімпійскія гульні ў Токіа, пра што трэнер і расказаў «Звяздзе».
— Генадзь Аляксеевіч, 19 медалёў чэмпіянату Еўропы, безумоўна, добры вынік, вы яго планавалі ці гэта такі своеасаблівы сюрпрыз?
— У нас цяжка праходзіла падрыхтоўка да чэмпіянату з улікам усіх абставін, у якія мы трапілі праз пандэмію. Мы не мелі магчымасцяў выехаць на зборы на адкрытую ваду, плыўцам для падтрымання формы трэба адзін-два разы на год трэніравацца на адкрытай вадзе. Не было спаборніцтваў, а дарослыя плыўцы павінны ўдзельнічаць у турнірах, каб удасканальваць сваю форму. І ўсе гэтыя цяжкасці паўплывалі на падрыхтоўку маіх вучняў, яны пачалі страчваць інтарэс да падрыхтоўкі. Яны прывыклі, што ўся выкананая на трэніроўках работа праходзіць праверку на спаборніцтвах, якіх не было, акрамя чэмпіянату Беларусі. Справіцца са складанасцямі нам дапамагалі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны параалімпійскі камітэт, РЦАП па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.
З улікам усіх цяжкасцяў я не мог даваць гарантый па выступленнях на чэмпіянаце Еўропы. Былі сумненні, ці змогуць спартсмены сабрацца. Але мае вучні паказалі выдатнае выступленне, 90 % нашых плыўцоў праплылі па сваіх асабістых рэкордах. Мы прыехалі ў Партугалію за тры дні да пачатку турніру і спачатку спартсмены выглядалі не надта моцнымі. Але ў дзень старту адбыўся нейкі цуд, яны змяніліся, былі гатовыя да бою нават з самым моцным сапернікам. Я бачыў, што ў іх гараць вочы, гэта былі байцы. Яны былі гатовыя зрабіць немагчымае і зрабілі. Заваяваныя 19 медалёў — гэта рэкорд за ўвесь час нашага ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы. У камандзе было 11 чалавек, 10 з іх — медалісты, што таксама рэкорд. На маім доўгім трэнерскім вяку ўпершыню паказаны такі вынік. Адзначу, што мы заваявалі вельмі важны бронзавы медаль у міксавай эстафеце, дзе выступалі дзве дзяўчыны і двое хлопцаў.
— Хто з маладых спартсменаў асабліва вылучыўся і вас парадаваў?
— Мы ўвогуле вялікую ўвагу ўдзяляем рэзерву, які будзе рыхтавацца ўжо да Параалімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. Мы разумеем, што ёсць сёння, што будзе заўтра, а што будзе пасля — невядома, таму важна, каб паміж пакаленнямі спартсменаў не было пустаты. З рэзервам у асноўным працуюць мае вучні — Стас Паздзееў і Дзмітрый Кошаль, гэта мае найлепшыя памочнікі. На чэмпіянаце Еўропы сваім выступленнем нас прыемна здзівіў Ягор Шчалканаў, у барацьбе з вельмі моцнымі сапернікамі ён змог заваяваць дзве «бронзы», змагаўся да канца. Гэта яго найлепшыя вынікі, якімі многія былі шакіраваны. За паўтара года ён паказаў сур'ёзны прагрэс. На ўсіх дыстанцыях у Партугаліі Ягор праплыў па асабістых рэкордах. Ён адзін з самых перспектыўных спартсменаў, наша будучыня. Спадзяюся, у Парыжы ён зможа змагацца за самыя высокія месцы. Пакуль рана казаць пра Токіа. Ёсць спартсмен, якому ўсяго 15 гадоў, — Уладзімір Сотнікаў, і ён ужо мае ліцэнзію на Параалімпійскія гульні ў Токіа. У нас расце моцная моладзь, і старэйшыя спартсмены Ігар Бокій, Дзмітрый Салей, Уладзімір Ізотаў ужо адчуваюць, што ім наступаюць на пяткі. Гэта матывуе іх, бо яны разумеюць, што нават невялікая слабасць прывядзе да зніжэння вынікаў, асабліва ў год, які мы так доўга чакалі, год Параалімпійскіх гульняў.
— Галоўнай зоркай чэмпіянату Еўропы стаў Ігар Бокій, на яго ж і ўскладаюцца асноўныя надзеі на Параалімпійскія гульні ў Токіа?
— Ігар паказаў вельмі моцнае выступленне. Адчувалася яго максімальная мабілізацыя, сабранасць, на чэмпіянаце Еўропы ён правяраў сваю гатоўнасць да самых галоўных стартаў. У першы дзень, калі Ігар стартаваў, я ўбачыў, што гэты турнір будзе паспяховы. Я яго добра ведаю, працую з ім больш за 13 гадоў. І не падымаў пытанне, будзе рэкорд свету ці не, я верыў, што ён будзе, бо ўжо ў кваліфікацыі Ігар праплыў побач з рэкордам. Мы не падзяляем ранішнія кваліфікацыйныя заплывы і вячэрнія фінальныя.
Я заўсёды вучыў Ігара не берагчы сябе на кваліфікацыі — паказваць добрыя вынікі. Гэта дае моцную мабілізацыю, а добра падрыхтаванаму спартсмену хопіць часу адпачыць і набрацца сіл перад фіналам. Таму ўжо раніцай Ігар паказваў добрыя вынікі і паляпшаў іх вечарам. Так адбылося на дыстанцыі 100 метраў дэльфінам. Ніхто не чакаў, што Ігар там установіць фенаменальны рэкорд. Адзіны, хто ў гэта верыў, быў трэнер. Нават калі Ігар адчуваў, што яго сапернікі слабейшыя, не расслабляўся. Ён на кожны старт выходзіў з мэтай паказаць максімальны вынік.
— Ігару 27 гадоў, гэта добры ўзрост...
— Ігар у спорце вышэйшых дасягненняў ужо даўно. Не кожнаму дадзена ўтрымацца на такім высокім узроўні, як у яго. Неабходна мець моцны характар, умець правільна трэніравацца. З гадамі ў спорце здароўя не прыбаўляецца. Ігар сталее, таму цяпер мы шукаем шляхі максімальнай рэалізацыі яго тэхнікі. У Ігара велізарныя магчымасці, і я веру, што ён можа плыць яшчэ хутчэй. Але стаіць іншае пытанне: раней было сем дыстанцый і сёння ўжо цяжка перамагаць на кожнай. Нам трэба рабіць стаўку не на колькасць, а на якасць. Ігар гатовы плыць усе сем дыстанцый, але на Параалімпійскіх гульнях скарочана яго любімая дыстанцыя — 100 метраў вольным стылем. Я так падазраю, не ўсім падабаецца, што Ігару ўдаецца заваёўваць столькі медалёў. Таму цяпер мы рыхтуем шэсць дыстанцый — пяць профільных і адну эксперыментальную — 100 метраў брасам. Цяжка сказаць, што атрымаецца, але мы плануем змагацца за медаль і тут.
— Генадзь Аляксеевіч, сярод вашых вучняў і Аляксей Талай. Як навучыць плаваць чалавека, у якога няма ні рук, ні ног?
— Калі Аляксей да мяне звярнуўся з просьбай яго трэніраваць, я сумняваўся, наколькі гэта магчыма, але мы пачалі працаваць. На той момант ён быў вельмі слабы плывец, але я ўбачыў яго добрую плывучасць і стаў думаць, як яе выкарыстоўваць. У Аляксея маленькая канечнасць рукі і, дзякуючы ёй, мы пачалі вучыць яго правільна абапірацца на ваду і працаваць корпусам. У плаванні Аляксея галоўнае — гэта работа целам, як у рыбы тулавам, што вельмі няпроста. Мы актыўна ўмацоўвалі яго цела на сушы. Маленькія шанцы паплыць былі, і мы іх выкарысталі. Такіх людзей, як Аляксей Талай, у свеце амаль няма. І метадам спроб і памылак мы знайшлі методыку, якая за вельмі кароткі тэрмін дазволіла яму выканаць нарматыў на майстра спорту і дасягнуць высокіх вынікаў.
— Устанавіць сусветныя рэкорды і заваяваць «бронзу» чэмпіянату Еўропы?
— У тым ліку. Шанцаў на майскі рэкорд і на медаль чэмпіянату Еўропы было мала, але Аляксей максімальна іх выкарыстаў. Ён па натуры баец і заўсёды змагаецца да канца. Гэтая ўнутраная сабранасць, канцэнтрацыя і дазволілі яму заваяваць медаль. Мы ўсе радаваліся, што ён зрабіў немагчымае. У Аляксея алімпійскі від праграмы — плаванне на спіне. А яму больш падыходзіць плаванне на грудзях, з яго канечнасцю лепш плаваць брас, і ў гэтым ён ужо атрымаў поспех. Таму да Токіа мы рыхтуем спіну, разумеючы, што будзе цяжка. Шукаем шляхі для ўдасканалення яго падрыхтоўкі, каб зноў зрабіць немагчымае і змагацца за медаль. На Параалімпійскіх гульнях Аляксей будзе спаборнічаць з сапернікамі, якія выступаюць у лягчэйшым класе, адпаведна, іх функцыянальныя магчымасці большыя. Але нават з імі ён зможа змагацца.
— А як навучыць плаваць татальна сляпых людзей?
— У сляпых людзей моцна развітае адчуванне прасторы, само жыццё прымушае іх дакладна адчуваць свае рухі. Вядома, з імі трэба шмат працаваць, шмат работы праводзіцца на сушы, у спартыўнай зале. У такім выпадку трэнер не проста паказвае практыкаванні спартсмену, а бярэ яго рукі і накіроўвае іх, каб развівалася мышачная памяць, і гэта адпрацоўваецца да аўтаматызму. Сляпому чалавеку трэба даць адчуць кожны рух. Мы вучым спартсменаў лічыць грабкі ў вадзе. Напрыклад, 50 метраў ён павінен праплыць за пэўную колькасць грабкоў, і вось спартсмен плыве і лічыць. З часам тэхніка ўдасканальваецца, колькасць грабкоў змяншаецца.
А на мінімальнай колькасці мы ўжо павышаем хуткасць. Многія з гэтых навыкаў патрэбныя сляпым людзям і ў звычайным жыцці. Гэта вялізная індывідуальная работа з кожным спартсменам, бо татальна сляпыя спартсмены — самы цяжкі клас. Але мне дапамагаюць мой вопыт і мае памочнікі.
— Колькі ўсяго ліцэнзій на Параалімпійскія гульні ў Токіа маюць вашы вучні?
— Цяпер мы маем дзесяць. Мужчыны атрымалі сем, імянная — у Аляксея Талая. Дзве ліцэнзіі маюць дзяўчаты, плануем атрымаць яшчэ адну на кваліфікацыйным турніры. У ліпені будзе Кубак Беларусі, і калі атрымаем высокія вынікі, папросім Міжнародны Параалімпійскі камітэт даць нам яшчэ адну ліцэнзію. Пакуль вырашаем, хто з дзяўчат паедзе ў Токіа. Дакладна — Настасся Зудзілава, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы. На другую ліцэнзію пакуль дзве прэтэндэнткі. Вопытная 48-гадовая Наталля Шавель (мы б усе хацелі, каб яна выступіла ў Токіа) і невідушчая Вікторыя Лукашэвіч, слабая ў індывідуальных выступленнях, але вельмі моцная ў мікставай эстафеце 4 на 100.
— Генадзь Аляксеевіч, спорт — гэта заўсёды пераадоленне магчымасцяў чалавечага арганізма. Вы, працуючы з людзьмі з праблемамі здароўя, даяце ім вялізныя нагрузкі. Бывае такое, што вам маральна цяжка гэта рабіць?
— У пачатку работы з кожным спартсменам мы падрабязна расказваем, да чаго трэба быць гатовымі. Папярэджваем, што наперадзе цяжкі шлях і цікавімся, ці гатовыя людзі так жыць. Ёсць два віды параалімпійскага плавання: адаптыўнае — калі чалавек плавае для сябе, і спартыўнае. Тыя, хто плавае для дасягнення спартыўных вынікаў, разумеюць, на што ідуць. Дасягаючы пэўных вынікаў, яны павышаюць свой жыццёвы статус, набываюць імідж. Іх праца ацэньваецца, і яны пастаянна ўдасканальваюцца. А мы, трэнеры, у гэтым дапамагаем.
— Лічыцца, што трэнер для спартсмена — другі бацька. А вы адносіцеся да сваіх спартсменаў, як да сваіх дзяцей?
— Вядома, яны для мяне, як родныя дзеці, я іх вельмі люблю і паважаю. Я ўспрымаю сваіх спартсменаў такімі, якія яны ёсць, — з усімі іх слабымі і моцнымі бакамі. За многія гады работы ў мяне не было ніводнага выпадку, каб я камусьці нагрубіў ці кагосьці абразіў, гэта не ў маіх правілах. Я іх вучу не толькі спартыўным, але і жыццёвым правілам. І яны гэта цэняць, бо як мы ставімся да людзей, так і яны да нас. Як бы вучань ні памыляўся, я не даю выхад сваім эмоцыям, я не выношу на ўсеагульнае абмеркаванне праблемы канкрэтнага спартсмена. Калі ёсць заўвагі — скажу адзін на адзін. Многія разумеюць мяне не тое што з паўслова — з паўпогляда. Усе спартсмены розныя, яны мяняюцца з узростам, і трэба быць цярплівым. Самае галоўнае — умець разумець іх праблемы. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы. Мне падабаецца кожны дзень сустракацца са сваімі вучнямі. Іх вынікі таксама рухаюць мяне наперад, даюць мне матывацыю ўдасканальвацца, вучыцца.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з асабістага архіва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/genadz-vishnyakou
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-talay
[5] https://zviazda.by/be/tags/plavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/paraalimpiyskiya-gulni-u-tokia