Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел у каардынацыйнай сустрэчы кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ у Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў фармаце відэаканферэнцсувязі.
Каардынацыйная сустрэча сваёй мэтай мае выпрацоўку агульных падыходаў і ўзгадненне дзеянняў краін на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ — пра гэта журналістам перад пачаткам мерапрыемства паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. «Каардынацыйная сустрэча якраз нацэлена на тое, каб выпрацаваць агульныя падыходы і ўзгадніць нашы дзеянні. Мы тут не адзіныя, па сутнасці, аналагічную практыку маюць і іншыя краіны, у прыватнасці дзяржавы ЕС», — сцвярджае парламентарый.
Як паведаміў Андрэй Савіных, перадусім АДКБ створана для забеспячэння бяспекі, але ў рамках статутных дакументаў аб'яднаннем таксама каардынуюцца і знешнепалітычныя ініцыятывы.
«АДКБ з'яўляецца важным складнікам сістэмы бяспекі не толькі ў вялікай Еўропе, але і Еўразіі ў цэлым побач з ШАС, НАТА, ААН і АБСЕ. Гэтыя структуры прызваны садзейнічаць транспарэнтнасці пазіцый усіх краін і ўрэгуляванню лакальных канфліктаў, што ўзнікаюць па ўсім перыметры нашых краін», — сказаў дэпутат.
На сустрэчы меркавалася гаварыць аб пашырэнні дугі лакальных канфліктаў і вызначыць меры па супрацьдзеянні ім. Па словах Андрэя Савіных, парламенцкімі дэлегацыямі дзяржаў — членаў АДКБ выпрацоўваюцца агульныя падыходы, якія датычацца не толькі бяспекі, але і шэрагу іншых праблемных пытанняў для дзяржаў: супрацьдзеянне ўмяшальніцтву ва ўнутраныя справы дзяржаў, арганізацыя і каардынацыя дзейнасці прадстаўнікоў у назіранні за выбарамі, эфектыўнае функцыянаванне арганізацый.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/kaardynacyynaya-sustrecha
[4] https://zviazda.by/be/tags/adkb
[5] https://zviazda.by/be/tags/parlamenckaya-asambleya-abse