Неспакойнымі аказаліся мінулыя выхадныя, з навальніцамі і трапічнымі ліўнямі. Дажджы ў гэтыя дні былі такой сілы, што на асобных метэастанцыях за пятніцу — нядзелю выпала да 90 % усёй чэрвеньскай нормы ападкаў. А на метэастанцыі Ашмяны — месячная норма без 3 міліметраў ападкаў. Акрамя таго, падчас навальніц назіралася шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 25 м/с. Чаго ж чакаць на гэтым тыдні?
Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды паведамляюць, што ў найбліжэйшы час у нашай краіне чакаецца няўстойлівы характар надвор'я. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, якія будуць суправаджацца навальніцамі. На працягу тыдня будзе пераважаць умерана цёплы тэмпературны рэжым, толькі ў сераду ў асноўным па паўднёвым захадзе і ў чацвер у паўднёва-ўсходніх раёнах дзённыя максімумы будуць дасягаць плюс 30 градусаў і нават больш.
Калі сёння амаль паўсюдна назіраюцца ападкі, то ўжо заўтра іх пераважна не будзе, толькі месцамі па паўночным усходзе, а ў дзённыя гадзіны і па крайнім паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У чацвер уначы пераважна па паўднёвым захадзе, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымыя моцныя ліўні і навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 12—19 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе ад плюс 22 градусаў да 29 цяпла, па паўднёвым усходзе — месцамі да плюс 31 градуса.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу тэрыторыя Беларусі стане злёгку астываць. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 12—19 цяпла, а ўдзень — не больш чым 21—28 градусаў вышэй за нуль. Няўстойлівае надвор'е захаваецца і ў выхадныя.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/dozhdzh
[5] https://zviazda.by/be/tags/navalnicy
[6] https://zviazda.by/be/tags/liven-0