Тое, што турыстычная галіна ва ўсім свеце перажывае не лепшыя часы — далёка не навіна. Галоўная праблема гэтага, якая не абмінула, вядома ж, і Беларусь, таксама добра вядомая Пандэмія. Менавіта яна ўнесла тыя негатыўныя карэктывы, што наўпрост закранаюць і сферу абслугоўвання. А таму найбольш актуальным стала пытанне аб тым, у якой меры змаглі своечасова перафарматаваць сваю працу беларускія турыстычныя арганізацыі. Наколькі прафесійна тут ўмеюць адказваць на выклікі, што ёсць у арсенале турпрапаноў для запытаў турыстаў, у якім кірунку сёння фарміруюцца новыя турыстычныя трэнды? Пра ўсё гэта мы пагутарылі са старшым выкладчыкам кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Паўлам Сапоцькам.
— На ваш погляд, ці змагла беларуская турыстычная галіна перабудавацца, рэагуючы на нечаканыя ў пэўным сэнсе выклікі апошняга часу ?
— У сувязі з глабальнай эпідэміяй каранавіруса цэнтр цяжару перамясціўся ў краіне на ўнутраны турызм. Высвятляецца, што менавіта ён уяўляе сабой магутны рэсурс з пункту гледжання і сацыяльна-эканамічнага развіцця, і адраджэння рэгіёнаў, і грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Сёння ў Беларусі актыўна развіваюцца культурна-пазнавальны, ваенна-гістарычны, сельскі, прамысловы, медыцынскі, гастранамічны турызм. У мінулым годзе былі распрацаваны новыя турыстычныя праграмы, абноўленыя экскурсійныя маршруты, з'явіліся цікавыя ідэі кластараў, якія аб'ядноўваюць аб'екты і славутасці адразу некалькіх рэгіёнаў краіны. У беларускіх аграсядзібах значна пашыраны пералік паслуг, заявілі аб сабе новыя прапановы, звязаныя з гістарычнай рэканструкцыяй. Не застаюцца ў баку музеі, якія актыўна ўкараняюць розныя мабільныя дадаткі, сродкі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, аўдыягідаў. Усё гэта напаўняе турызм новым зместам, стымулюе беларусаў і гасцей ездзіць, глядзець, знаёміцца з краінай.
— Як, на ваш погляд, будзе набываць развіццё турыстычная сфера Беларусі ў бліжэйшай перспектыве?
— Сёння ў прыярытэце — стварэнне новых канкурэнтаздольных турыстычных праграм. Для гэтага выкарыстоўваецца рэсурс матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, прыроднай спадчыны, сацыяльна-культурных устаноў — музеяў, галерэй, тэатраў, Дамоў рамёстваў, цэнтраў фальклору, паркаў культуры і адпачынку. Мяркую, што яшчэ больш актыўна могуць заявіць пра сябе аграсядзібы, арганізацыі грамадскага харчавання, санаторыі. Велізарны рэзерв у падзейных мерапрыемстваў — фестываляў, святаў, выставак-кірмашоў, праграм гістарычнай рэканструкцыі.
Адна з найважнейшых задач — шырокае інфармацыйнае суправаджэнне сферы турызму: правядзенне прэс-тураў, арганізацыя спецыяльных праектаў са СМІ, падрыхтоўка спецвыпускаў друкаваных выданняў, запуск тэматычных рубрык у сацыяльных сетках, падрыхтоўкі цыкла праграм на тэлебачанні. Уяўляецца актуальным стварэнне ролікаў аб турыстычных магчымасцях Беларусі, кожнай вобласці і горада Мінска з далейшым забеспячэннем шырокай іх трансляцыі на Беларускім тэлебачанні, інфармацыйных рэсурсах дыпламатычных місій Беларусі за мяжой, сайтах арганізацый беларускай дыяспары ў розных краінах свету. Важна развіваць лічбавыя платформы, электронныя сродкі турыстычнай навігацыі, мабільныя дадаткі пры прасоўванні турыстычнага прадукту.
І за мяжой, і ў нас перспектыўным з’яўляецца стварэнне паўнавартасных праектаў у форме «залатых кольцаў», турыстычных кластараў, дэстынацый. Гэта калі чалавек, прыбыўшы ў які-небудзь рэгіён, больш, па сутнасці, ужо ні аб чым не клапоціцца. Яго паўнавартасны адпачынак фарміруецца з сеткі турыстычных кампанентаў, якая ўключае гістарычныя аб’екты, аздараўленчыя комплексы, аб’екты харчавання, культурныя ўстановы і гэтак далей. Турыст можа актыўна і з цікавасцю, максімальна разнастайна правесці свой вольны час. У выйгрышы цяпер будуць тыя рэгіёны і суб’екты турызму, якія змаглі своечасова аб’яднацца і на канкурэнтнай аснове прапанаваць цікавыя прадукты. Добрыя прыклады падобнага роду ёсць цяпер у сферы аграэкатурызму, калі сядзібы аб’ядноўваюцца і прымаюць турыстаў на тэрыторыі якога-небудзь рэгіёну, прапаноўваючы ім унікальную, насычаную праграму. Да прыкладу, у адной аграсядзібе дэманструецца батлеечны спектакль, у другой навучаюць граць на старажытных музычных інструментах, у трэцяй праводзяць майстар-клас па стварэнні вырабаў з гліны, у чацвёртай сплаўляюць на байдарках, у пятай запрашаюць у кантактны заапарк, у шостай право­дзяць дэгустацыю страў нацыянальнай беларускай кухні. Атрымліваецца, што турыст знаёміцца з рэгіёнам праз прызму актыўнасцяў, культурнай спадчыны і гістарычнага мінулага, а таксама мае зносіны з людзьмі. У выніку такі адпачынак, несумненна, запомніцца падарожнікам, а выгаду атрымаюць не адна, а некалькі аграсядзіб.
У свой час, у рамках праекта USAІD «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, мясцовыя супольнасці атрымалі стымул да стварэння парадку 20 турыстычных дэстынацый у розных рэгіёнах Беларусі ў выглядзе кластараў аграэкатурызму: у Брэсцкай вобласці — «Белавежскі тракт», «Даліна ракі Ясельда», «Зялёнае кальцо Барановіч», «Мотальскі шлях», «Мухавэцька кумора», «Пінскае Палессе», «Палеская Амазонія», у Гродзенскай вобласці — «Зялёны абярэг Гродна», «Зэльвенскі дыяруш», «Зямля Міцкевіча», «Край пушчанскіх цудаў і сакрамэнтаў», «Мірское графства», «Спадчына Гедыміна», «Па слядах старажытных шахцёраў», «Паўночныя Афіны», «Паўночны вектар Гродзеншчыны», «Шчучынская дэстынацыя».
Статыстыка паказвае штогод у Беларусі ў сярэднім распрацоўваецца каля 15 турыстычных маршрутаў. Летась, напрыклад, з’явіліся такія маршруты, як «Мемарыяльны комплекс «Трасцянец», «Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Слоніма, Жыровічаў і Сынкавічаў», «Паміж Баранавічамі і Ганцавічамі: на скрыжаваннях гісторыі», «Аршаншчына — падарожжа ў мінулае і сапраўднае краю», «Страчаны рай: жыццё і катастрофа беларускіх штэтлаў». Цэлы шэраг экскурсій праводзіцца на замежных мовах — на англійскай, нямецкай, кітайскай. Гэта такія экскурсіі як «Брэст — горад старажытны і сучасны», «Курган Славы», «Мемарыяльны комплекс «Хатынь», «Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Косава і Ружан», «Дарога ў Дудуткі».
Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, не варта скідаць з рахункаў магчымасці міжнароднага і трансгранічнага культурнага турызму. З 1987 года Саветам Еўропы рэалізуецца маштабны праект «Еўрапейскія культурныя маршруты», які ставіць у якасці асноўных задач заахвочванне падарожжаў грамадзян розных краін і вывучэння іх гістарычнага мінулага, выяўленне самабытнасці мясцовых культур у кантэксце сусветнай культурнай спадчыны. Налічваецца больш за 40 культурных маршрутаў, кожны з якіх дазваляе шырока інтэрпрэтаваць разнастайнасць культурнага патэнцыялу Еўропы. Беларусь удзельнічае ў двух маршрутах: «Еўрапейскі шлях габрэйскай спадчыны», які прадугледжвае знаёмства турыстаў з багатай матэрыяльнай і духоўнай спадчынай габрэяў (сумесна з Азербайджанам, Бельгіяй, Босніяй і Герцагавінай, Харватыяй, Чэхіяй, Францыяй, Грузіяй, Германіяй, Італіяй, Літвой, Польшчай, Румыніяй, Сербіяй, Іспаніяй, Партугаліяй, Турцыяй, Вялікабрытаніяй) і «ВІА РЭДЖЫА», які з’яўляецца самай старой і доўгай дарогай, што злучае Усходнюю і Заходнюю Еўропу, якая раней служыла для перасялення мігруючых плямёнаў у каменным стагоддзі і садзейнічала развіццю гандлю ў сярэднія вякі, а цяпер вядомая як Пан’еўрапейскі транспартны калідор ІІІ (сумесна з Францыяй, Германіяй, Польшчай, Беларуссю, Украінай).
Лічу важным узаемадзеянне па лініі гарадоў-пабрацімаў — рэгіёнаў, паміж якімі ўстаноўлены дружалюбныя сувязі з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Дыпламатыя гарадоў з'яўляецца эфектыўным сродкам міжкультурнага дыялогу і трансляцыі каштоўнасцяў міжнароднай дружбы, згоды, адзінства і партнёрства,
інструментам папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны пародненых гарадоў і павелічэння турыстычных патокаў, магчымасцю рэалізацыі гуманітарных праграм.
— Улічваючы міжнародны аспект турызму, нельга не пацікавіцца пра тое, чым Беларусь, перш за ўсё, прывабная для замежных гасцей? Якія тут канкурэнтныя перавагі краіны, калі так можна выказацца?
— Наш магутны патэнцыял — у велічных замках і палацах, старадаўніх храмах розных канфесій, маляўнічых прыродных ландшафтах, унікальных нацыянальных парках і запаведніках, яркіх фестывалях і святах, багатай нематэрыяльнай спадчыне, цудоўнай нацыянальнай кухні і ў многім іншым. Хачу нагадаць, што ў 2016 — 2018 гадах Рэспубліка Беларусь займала лідзіруючыя пазіцыі ў намінацыі «Агратурызм» рэйтынгу «Natіonal Geographіc Traveler Awards». У 2017 годзе аўтарытэтнае брытанскае выданне «Таймс» уключыла Мінск у топ-30 гарадоў, прывабных для адпачынку на ўік-энд. У 2019-м ужо брытанская газета «Іndependent» прадставіла беларускую сталіцу ў спісе еўрапейскіх гарадоў, якія рэкамендуецца наведаць. Беларусь трапіла ў дзясятку лепшых краін для падарожжаў у тым жа 2019 годзе па версіі міжнароднага выдавецтва «Lonely Planet».
Сусветна вядомыя нашы нацыянальныя паркі: «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», а таксама Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларусь годна прадстаўлена ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — такімі знакавымі месцамі як Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Замкавы комплекс «Мір», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у горадзе Нясвіж, пункты трансгранічнага аб’екта «Геадэзічная дуга Струвэ». У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны — калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, вясновы абрад «Юроўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва — каталіцкі фестываль «Урачыстасць у гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у Валожынскім раёне Мінскай вобласці, традыцыі ляснога бортніцтва Беларусі і Польшчы.
У нас у краіне знаходзяцца цудоўныя аб'екты спадчыны: Спаса-Праабражэнская царква ХІІ стагоддзя ў Полацку, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль XVІІІ — XІX стагоддзяў, Барысаглебская (Каложская) царква XІІ стагоддзя ў Гродне, Камянецкая вежа ХІІІ стагоддзя Брэсцкай вобласці, Аўгустоўскі канал ХІХ стагоддзя ў Гродзенскім раёне, цэрквы абароннага тыпу XVІ стагоддзяў у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна і ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, комплекс былога манастыра езуітаў ХVІ — ХІХ стагоддзяў у Нясвіжы, комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці XІX — XX стагоддзяў і многія іншыя. Завершаны аднаўленчыя работы на такіх знакавых аб'ектах, як Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Успенскі сабор у гарадскім пасёлку Жыровічы Слонімскага раёна, палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. Працягваюцца рэстаўрацыйныя работы на Старым замку ў Гродне, Гальшанскім замку Ашмянскага раёна і Крэўскім замку Смаргонскага раёна, у палацава-паркавым комплексе ў вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна.
— Як вядома, важным звяном у сістэме турызму заўсёды выступаюць музеі...
— Сёння беларускія музеі валодаюць цікавымі пастаяннымі экспазіцыямі, арганізуюць часовыя выставачныя праекты, праводзяць праграмы гістарычнай рэканструкцыі, ствараюць інтэрактыўныя комплексы, прапануюць разнастайную сувенірную прадукцыю. Паход у музей — гэта пранікненне ў гісторыю і знаёмства з багатай культурай беларусаў. Цікавымі экспазіцыямі змаглі заявіць аб сабе параўнальна новыя музеі. Такія як музей Бялыніцкага — Бірулі ў Магілёўскай вобласці — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — гэта філіял Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў, музей Станіслава Манюшкі — філіял Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея ў гарадскім пасёлку Смілавічы. Турыстам, несумненна, будзе цікава пазнаёміцца з новымі пастаянным экспазіцыямі — такімі як «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», «Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей» у Музеі гісторыі горада Мінска, «Беларускія яўрэі» ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур. Немалую цікавасць таксама ўяўляюць ведамасныя, школьныя музеі.
Разнастайная фестывальная карта Беларусі. Гэта і міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, Міжнародны фестываль «Беларуская музычная восень» у Мінску, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М. art.кантакт» у Магілёве, Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі, Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які праходзіць у Маладзечне.
А якія ўражанні застануцца ў замежніка пасля наведвання балетаў «Шчаўкунчык» альбо «Лебядзінае возера» ў пастаноўках Валянціна Елізар’ева ў Вялікім тэатры Беларусі! Або візіту на БелАЗ і знаёмства з занесеным у Кнігу рэкордаў Гінеса самым вялікім у свеце 450-тонным самазвалам! Або падарожжа па казачнай Белавежскай пушчы і Прыпяцкім Палессі! Ён ніколі не забудзе Беларусь і абавязкова захоча вярнуцца сюды зноў!
Унікальная з’ява, з якой Беларусь стала шырока вядомая ў апошні час, — гэта аграэкатурызм. Сёння беларускія аграсядзібы прапануюць цікавыя экскурсіі па рэгіёнах, анімацыйныя праграмы, веласіпедныя і водныя паходы, майстар-класы па рэканструкцыі нацыянальных абрадаў, інтэрактыўныя конныя шоу, музычныя вечары, паказы батлеечных спектакляў, дэгустацыі страў нацыянальнай кухні.
Нельга не сказаць і пра тое, што дзякуючы кваліфікаваным спецыялістам і сучасным медыцынскім цэнтрам у Беларусь едуць на лячэнне, а таксама для атрымання кансультацый медыкаў. З мэтай аздараўлення ў беларускіх санаторыях нашу краіну наведвае вялікая колькасць замежнікаў. Папулярнасцю карыстаюцца санаторыі «Юнацтва» (Мінскі раён), «Сосны» (Мядзельскі раён), «Беларусачка» (Мінскі раён), «Лясныя азёры» (Ушацкі раён), «Сасновы Бор» (Маладзечанскі раён), «Белая Вежа» (Камянецкі раён), як, зрэшты, і іншыя.
Між тым, вельмі цікавыя праграмы для турыстаў прапануюць і беларускія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх БелАЗ, МТЗ, кандытарская фабрыка «Камунарка». Турыстам ужо палюбіліся наведванні шклозавода «Нёман», фабрыкі «Слуцкія паясы», малочных зводаў «Бабушкина крынка» і «Савушкін прадукт», дзе экскурсіі суправаджаюцца лекцыямі, сустрэчамі са спецыялістамі, аглядам прадукцыі, дэгустацыямі, майстар-класамі. У бліжэйшы час будуць праведзены азнаямленчыя мерапрыемствы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў на прадпрыемствах канцэрна «Беллегпрам». Упэўнены, што для турыстаў будзе цікавы працэс стварэння фільмаў як у павільёнах, так і на натурнай пляцоўцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», якая таксама мае ўнікальны фонд гульнявога рэквізіту.
— А якая, на ваш погляд, роля турызму ў справе грамадзянскага і патрыятычнага выхавання?
— Турызм — эфектыўны сродак патрыятычнага і маральнага выхавання, у першую чаргу маладога пакалення. Нядаўна ва Усіхсвяцкім храме адбыўся семінар, прысвечаны тэме патрыятычнага выхавання сродкамі адукацыйнага турызму. Я быў здзіўлены і захоплены тым, наколькі цікавыя, інфармацыйна насычаныя мерапрыемствы праводзяцца па лініі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Дарэчы, чаму б школьныя музеі не ўключаць у паўнавартасныя турыстычныя маршруты? Не ўсе яны, можа, багатыя візуальна, але многія валодаюць унікальнымі прадметамі і, бывае, там трапляюцца рэдкія экспанаты, пра якія марылі б і рэспубліканскія музеі. Я прыгадваю словы Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, які вельмі дакладна адзначыў у адным са сваіх выступаў: «Як толькі мы перастанем прыходзіць да помнікаў, то для сябе і нашай моладзі закрыем маральную шкалу ацэнкі таго, што было зроблена для нас». Упэўнены, Брэсцкую крэпасць, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Хатынь, мемарыяльныя комплексы «Трасцянец», «Ала», «Чырвоны Бераг» трэба паказваць і нашым, і замежным турыстам. Такія аб’екты больш, чым якія-небудзь яшчэ сродкі, дапамагаюць эфектыўна змагацца з фальсіфікацыяй нашай гісторыі, не заўсёды адэкватнымі трактоўкамі яе асобных фактаў, супрацьпастаўляючы ўсяму гэтаму дакументальную праўду, нават калі часам яна занадта жорсткая. Сёння гэтая тэматыка запатрабавана грамадствам і вельмі актуальная. Сведчаннем таму і Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», падпісаны нядаўна Прэзідэнтам. Увогуле, тэма вайны, памяць аб ёй увекавечана ў Беларусі вельмі эмацыйна. А як па-іншаму можа быць у краіне, якая страціла кожнага трэцяга жыхара ў тыя страшныя гады?! Настаяцель Усіхсвяцкага храма Фёдар Поўны неяк падзяліўся сваім назіраннем: экскурсійная група падлеткаў прайшла па экспазіцыі Музея памяці, зайшла ў крыпту Храма-помніка, паслухала аповяд экскурсавода... Пасля гэтага было адчуванне, што дзеці пасталелі на год.
Размову вёў УЛАДЗІМІР МІХАЙЛАУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[2] https://zviazda.by/be/tags/pavel-sapocka
[3] https://zviazda.by/be/tags/turystychnaya-galina
[4] https://zviazda.by/be/tags/pandemiya