Гэта выстаўка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» прыкметная тым, што дэманструе работы мастакоў ужо неіснуючага сёння аб'яднання, але вельмі значнага для сучаснага мастацтва Беларусі.
Трыццаць пяць гадоў таму нарадзілася «Няміга-17». Група творцаў выбрала для свайго згуртавання назву ракі, на берагах якой у 1067 годзе адбылася гістарычная бітва між дружынамі полацкага і кіеўскага князёў. Гэтым заснавальнікі імкнуліся падкрэсліць сваю сувязь з каранямі нацыянальнай гісторыі і культуры. Сёння іх работы захоўваюць Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, прыватныя калекцыі многіх краін. У час заснавання творчага аб'яднання мастакі абралі для сябе курс, які не супадаў з афіцыйнай філасофіяй мастацтва, але быў запатрабаваны часам. Згуртаванне неўзабаве стала папулярным і вызначаецца цяпер як знакавае для таго складанага пераломнага перыяду, яно зрабіла важкі ўклад у беларускае мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзяў.
Наведвальнікі выставы маюць магчымасць убачыць у адзінай экспазіцыі творы выбітных айчынных майстроў: Галіны Гаравой, Тамары Сакаловай, Альгерда Малішэўскага, Алеся Цыркунова, Міколы Бушчыка, Сяргея Кірушчанкі, Леаніда Хобатава, Анатоля Кузняцова. Яны ў час стварэння аб'яднання не прынялі артадаксальнага разумення рэалізму і шукалі сваё месца ў кантэксце мастацтва, імкнучыся аднавіць творчы пошук айчынных мастакоў 1920-х гадоў. Гэтыя майстры стваралі падмурак, які з часам узмацнілі новыя ўдзельнікі «Нямігі-17». Два дзесяцігоддзі таму творчае аб'яднанне спыніла сваё існаванне, але пакінула на глебе беларускага мастацтва выдатнае творчае насенне.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyamiga-17
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[6] https://zviazda.by/be/tags/tvorchae-abyadnanne