У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем галоўныя спартыўныя навіны
Падзея тыдня. Зборная Італіі выйграла чэмпіянат Еўропы па футболе. У фінальным паядынку Еўра-2020 італьянцы перамаглі каманду Англіі ў серыі пасляматчавых пенальці з вынікам 3:2 (гульнявы час — 1:1).
Зборная Англіі ўпершыню ў гісторыі выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы, у паўфінале яны былі мацнейшыя за каманду Даніі — вынік сустрэчы 2:1 у дадатковы час. Для зборнай Італіі гэты фінал стаў чацвёртым у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы.
Найлепшымі бамбардзірамі Еўра-2020 сталі партугалец Крышціяну Раналду і чэх Патрык Шык, якія забілі па пяць мячоў.
Гераіня тыдня. Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры паднялася на трэцяе месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Перад стартам Уімблдонскага турніру яна была чацвёртая, а пасля выхаду ў яго паўфінал паднялася на адну пазіцыю. Цяпер у актыве беларускай тэнісісткі 6965 балаў.
Герой тыдня. Беларус Яўген Каралёк стаў пераможцам этапу Кубка нацый па веласіпедным спорце, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Наш суайчыннік заняў першае месца ў омніуме, набраўшы 177 балаў. Яўген Каралёк лідзіруе ў дысцыпліне «омніум» у агульным заліку Кубка нацый, маючы 1520 балаў.
Надзеі тыдня. Беларускія баксёры выйгралі тры «бронзы» на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў у Грузіі. У вагавой катэгорыі 50 кг сярод хлопцаў вызначыўся Вітас Гарцуеў, ён стаў бронзавым прызёрам. Аналагічны вынік паказаў і Кірыл Станкевіч, які выступае ў катэгорыі 60 кг. Бронзавым медалём скарбонку Беларусі папоўніла і Ганна Серада (63 кг).
Перамога тыдня. Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук у пары з расіянкай Дзіянай Шнайдэр перамаглі ў фінальным матчы юніёрскага разраду на Уімблдоне. Беларуска-расійскі дуэт аказаўся мацнейшы за бельгійку Софію Кастоўлас і фінку Лауру Хіетарантой. Вынік сустрэчы — 6:1, 6:2.
Медалі тыдня. На мінулым тыдні беларускія лёгкаатлеты сабралі цэлую калекцыю медалёў розных міжнародных турніраў. Аляксандра Коньшына выйграла «золата» маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-23) у Таліне ў кіданні кап’я. У сваёй найлепшай спробе яна закінула снарад на 59 м 14 см, гэта яе новы асабісты рэкорд. Дзмітрый Карпук стаў пераможцам гэтага ж турніру ў штурханні ядра. У найлепшай спробе ён зафіксаваў вынік на адзнацы 20 м 33 см. Медаль маладзёжнага чэмпіянату Еўропы заваяваў і дыскабол Яўген Багуцкі. У найбольш удалай спробе яго снарад адляцеў на 61 м 21 см і прынёс беларусу «серабро».
Максім Недасекаў заняў трэцяе месца на этапе Брыльянтавай лігі ў Манака. У сектары для скачкоў у вышыню яму пакарылася вышыня ў 2 м 25 см. Таксама Максім Недасекаў перамог на міжнародным турніры ў Венгрыі. Ён пераадолеў планку ў 2 м 37 см, устанавіў новы нацыянальны рэкорд і заваяваў «золата» спаборніцтваў. На гэтым жа турніры беларуска Настасся Мірончык-Іванова заняла трэцяе месца. У сектары для скачкоў у даўжыню яна паказала вынік 6 м 60 см. Эльвіра Герман стала сярэбранай медалісткай турніру. Беларуска выступала на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі.
Ірына Жук стала бронзавым прызёрам у скачках з шастом на этапе Брыльянтавай лігі ў Швецыі.
Няўдача тыдня. Беларускія валейбалісткі ўступілі ў трэцім матчы групавога этапу маладзёжнага чэмпіянату свету. Гэтым разам саперніцы з Італіі былі мацнейшыя за беларусак. Вынік сустрэчы — 3:0. Самымі выніковымі у беларускай камандзе сталі Дар’я Вакулка (14 балаў) і Дар’я Саўчук (10 балаў). Да гэтага беларускія валейбалісткі перамаглі каманду Егіпта — 3:2 і прайгралі камандзе Польшчы — 0:3.
Пасля трох тураў беларуская каманда займае трэцяе месца ў групе D і з двума баламі працягвае выступленне ў суцяшальным раўндзе кантынентальнага першынства, дзе будуць разыграны 9-16 месцы ў выніковай класіфікацыі чэмпіянату.
Турнір тыдня. Беларускія пяціборцы выступілі на чэмпіянаце Еўропы ў Расіі. Беларусы Яўген Арол, Іван Хамцоў і Арцём Еўсцігнееў сталі бронзавымі прызёрамі турніру ў камандным першынстве. У суме яны набралі 4288 балаў. Ілья Палазкоў і Яраслаў Радзюк выйгралі сярэбраныя медалі турніру. Па выніках мужчынскай эстафеты яны набралі 1485 балаў. Вольга Сілкіна і Настасся Пракапенка заваявалі «золата» чэмпіянату Еўропы. У жаночай эстафеце яны набралі 1430 балаў.
Параалімпійцы тыдня. Алеся Макрыцкая выйграла «золата» этапу Кубка свету па фехтаванні на калясках «Шабля Кілінскага — 2021» у Варшаве. Беларуская шпажыстка, якая выступае ў катэгорыі В, у вырашальным паядынку супраць украінкі Алёны Фядоты выйграла з вынікам 14:12.
Барэц Георг Адамян заваяваў «бронзу» чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе сярод спартсменаў з парушэннямі слыху ў Турцыі.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/eura-2020
[4] https://zviazda.by/be/tags/aryna-sabalenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-karalyok
[6] https://zviazda.by/be/tags/kryscina-dzmitruk
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-konshyna
[8] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-arol
[9] https://zviazda.by/be/tags/ivan-hamcou
[10] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-euscigneeu