Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю тэлеканалу Sky News Arabia. У якасці інтэрв’юера выступіў галоўны рэдактар навін канала Імада аль-Атраш. Ён браў інтэрв’ю ў шэрагу вядомых палітычных і рэлігійных дзеячаў, уключаючы Папу Рымскага Францыска, прэм’ер-міністра Італіі Сільвіё Берлусконі, прэзідэнта Еўракамісіі Рамана Продзі. Тэлеканал Sky News Arabia — арабамоўны, кругласутачны навінны канал, перадачы якога транслююцца ў асноўным на Блізкі Усход і на Паўночную Афрыку. Штаб-кватэра Sky News Arabia размешчана ў свабоднай медыя-зоне Абу-Дабі.
Размова кіраўніка дзяржавы з журналістам Імад аль-Трашам працягвалася каля гадзіны. Яе асноўнымі тэмамі сталі экстранная пасадка самалёта Ryanair, адносіны з Захадам і ўплыў санкцый на беларускую эканоміку. Журналіста таксама цікавіла пытанне нелегальнай міграцыі і абвінавачанні ў адрас Беларусі. Таксама Імад аль-Атраш пацікавіўся, ці плануе Беларусь ўдзельнічаць у чарговай сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
Адказваючы на пытанне аб тым, як санкцыі паўплывалі на Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі — непрыемная справа для любой краіны. «Мы разумелі, што рана ці позна гэтыя санкцыі будуць уведзеныя супраць нашых асобных людзей, паўтары ці дзве сотні людзей, сапраўдных патрыётаў, якія кіруюць краінай і абараняюць яе. І супраць асноўных прадпрыемстваў. Для чаго? Для таго каб разбурыць эканоміку. Мы гэтага чакалі і рыхтаваліся да гэтага», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што санкцыі не перашкодзілі развіццю краіны і росту эканомікі. Па яго словах, у выніку санкцый за першае паўгоддзе гэтага года прырост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі склаў 3,5 працэнта. Гэта больш, чым планавалася ў мінулым годзе.
«Яны ўвялі санкцыі супраць нашых прадпрыемстваў, але прадукцыю гэтых беларускіх прадпрыемстваў яны даўно на свой рынак не пускаюць. Вось і ўся дэмакратыя і міжнародны гандаль. Мы супрацоўнічаем і з вашым рэгіёнам, з Цэнтральнай Азіяй, галоўны наш партнёр — Расія. Таму мы спакойна развіваемся, глядзім, якую гадасць яны яшчэ могуць нам падкінуць і рыхтуемся да гэтага. Але пакуль плюс 3,5 % ВУП», — канставаў Аляксандр Лукашэнка.
Імад аль-Трашам папрасіў беларускага лідара пракаментаваць абвінавачанні ў адрас Беларусі ў спрыянні нелегальнай міграцыі ў Еўропу. На што Аляксандр Лукашэнка адказаў, што калі яны (літоўцы, палякі, немцы або французы) хочуць схаваць ісціну, то можна папракаць Беларусь у датычнасці да міграцыі. Ён параіў тым, хто хоча па-сапраўднаму змагацца супраць нелегальнай міграцыі і ўвесці яе ў нармальнае рэчышча, пачынаць з сябе.
«Мы групоўкі людзей злачыннага характару ў Літве бачым. Мы бачым. А чаму яны гэтага не бачаць? Як толькі яны ліквідуюць гэтыя групоўкі, якія за грошы прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэй, чым у мінулым годзе, адзінкі будуць. Хай пачынаюць працаваць, калі ім трэба будзе дапамога — мы гэтую дапамогу ім акажам, але не бязвыплатна ўжо», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі прывёў яшчэ адзін аргумент. «Яны ўвялі супраць нас санкцыі, яны пайшлі на ўдушэнне маёй краіны, на ўдушэнне майго народа. Як прэзідэнт гэтага народа, я павінен ацэньваючы сітуацыю рабіць пэўныя крокі, каб народ не ўдушылі, каб краіну не знішчылі. Прадпрымаючы супраць беларускага народа падобныя дзеянні, яны хочуць каб мы іх абаранялі ў гэтай сітуацыі. Па меншай меры, гэта дзіўна. Калі зыходзіць з чыста прагматычных пазіцый гэта каштуе вялізных грошай. Праца на мяжы і абарона ад наркотыкаў, нелегальных паставак зброі, нелегальнай міграцыі — гэта велізарныя грошы. Калі вы хочаце,каб мы вам дапамагалі, так не накідвайце нам на шыю пятлю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля інтэрв’ю з Прэзідэнтам Беларусі Імад Аль-Атраш падзяліўся сваімі ўражаннямі з беларускімі калегамі.
«Я хацеў бы адзначыць, што падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, цікавыя не толькі для гледачоў у нашай краіне. Наш канал вяшчае на шэраг дзяржаў, таму ўвесь свет і тэлегледачы ў розных краінах цікавяцца тым, што адбываецца ў вашай краіне, паколькі гэта міжнародны парадак дня.
Усе пытанні, якія я накіраваў беларускаму боку пры падрыхтоўцы да інтэрв’ю, усе яны былі захаваныя. Тыя пытанні, якія датычыліся ўнутранай абстаноўкі ў Беларусі, затрымання Рамана Пратасевіча — усе яны былі зададзены кіраўніку дзяржавы, і я атрымаў адказы на іх», — сказаў Імад Аль-Атраш.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/sky-news-arabia
[5] https://zviazda.by/be/tags/imada-al-atrash
[6] https://zviazda.by/be/tags/abu-dabi