Элегантная, прыгожа адзетая і ў той жа час простая і стрыманая — менавіта так можна апісаць нашу суразмоўніцу. Наталля Шэндзерава — прыклад таго, як жанчына можа самарэалізоўвацца і быць паспяховай — і ў сям'і, і ў кар'еры. Сакрэты сямейнага і прафесійнага жыцця ад прадпрымальніцы, фларыста і ўладальніцы аграсядзібы са Слаўгарада чытайце ў нашым матэрыяле.
Ужо пры першай сустрэчы з Наталляй Алегаўнай Шэндзеравай відавочныя ініцыятыўнасць і вытрымка гэтай жанчыны. Магчыма, справа ў тым, што першы свой бізнес яна пачала будаваць у канцы экстрэмальных 1990-х. Тады яна, маці дваіх дзяцей, дыпламаваны дызайнер, шукала сваё месца ў вірлівым жыцці.
— Нарадзілася і вырасла я на Слаўгарадчыне, адукацыю атрымлівала спачатку ў Ленінградзе, а пасля развалу СССР прыехала давучвацца ў Мінск. Тут і сустрэла свайго мужа.
Будаваць уласную сям'ю маладыя вырашылі на малой радзіме Наталлі Алегаўны. І гэты крок быў рызыкоўным, бо Слаўгарадскі раён амаль цалкам трапіў у зону радыеактыўнага забруджвання пасля Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта ў 1990-я пачалося масавае перасяленне людзей з гэтых тэрыторый. А Шэндзеравы, наадварот, не пабаяліся прыехаць сюды. Тут у маладой сям'і нарадзіліся дзеці — Аліна і Саша. Але для дызайнера работы па прафесіі ў невялікім горадзе не было. Таму калі сыну, які ў сям'і малодшы, было тры месяцы, наша гераіня пачала займацца гандлем, што пасля ператварылася ў справу яе жыцця.
— Жыццё ў 1990-я было нялёгкае. Свет змяняўся. А мне хацелася пэўнай стабільнасці, хоць бы фінансавай, каб ведаць і планаваць сваё «заўтра». Таму я і прыйшла ў камерцыю. Пазней вырашыла займацца менавіта кветкамі, гэтая ніша ў Слаўгарадзе тады была свабодная. І муж мяне падтрымаў. Так з'явілася наша кветкавая крама.
Вось ужо 16 гадоў букеты і кошыкі з кветкамі, сабраныя рукамі нашай гераіні, карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод жыхароў і гасцей Слаўгарада. І гэта не дзіўна, бо Наталля Алегаўна развіваецца, удасканальвае сваё майстэрства: у 2012 годзе яна атрымала дадатковую спецыяльнасць — фларыст, каб займацца любімай справай на сапраўды прафесійным узроўні.
— Я пайшла вучыцца, бо работа з кветкамі патрабуе высокага прафесіяналізму. Тэхналагічны працэс захоўвання кветак і букетаў складаны. Трэба дакладна прытрымлівацца тэмпературнага рэжыму. Крыху парушыш тэхналогію — і ўсё: далікатныя і прыгожыя бутоны панікнуць. Я заўсёды кажу, што кветкі — як дзеці. Да іх трэба ставіцца з любоўю.
Але ўласная сям'я ніколі не адыходзіла для нашай гераіні на другі план.
— У нас сямейны бізнес. Без падтрымкі і разумення родных мне было б складана. Цяпер у кветкавым бізнесе мне дапамагае дачка, яна скончыла ўніверсітэт і ўзяла на сябе значны аб'ём работы ў краме. Сын таксама заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. А ў мяне з'явілася магчымасць займацца ўласным хобі, рэалізоўваць планы і задумы.
Ініцыятыўнасці нашай гераіні можна толькі пазайздросціць. Пэўны час яна была дэпутатам Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў. Цяпер жа Наталля Алегаўна рэалізоўвае сябе ў аграэкатурызме. Некалькі гадоў яна наведвала трэнінгі і семінары па развіцці турыстычнага кірунку ў Слаўгарадскім раёне. А пасля адчула, што можа паспрабаваць сябе і ў гэтай справе. Тым больш што ў вольны час сям'я Шэндзеравых любіць падарожнічаць. А значыць, добра разумее, што трэба сучаснаму турысту.
— У пэўны момант я зразумела, што ўсё складваецца. Ёсць магчымасць заняцца аграэкатурызмам. Так з'явілася мая справа для душы — аграсядзіба «Свет кветак». Сёння мы развіваемся і павялічваем патэнцыял. І цяпер ужо наша аграсядзіба стала пляцоўкай для правядзення трэнінгаў і семінараў. Мы прапаноўваем таксама банкетную залу для правядзення мерапрыемстваў.
Слаўгарадскі раён прываблівае турыстаў нешматлікімі, але ўнікальнымі турыстычнымі аб'ектамі: помнікам прыроды «Блакітная крыніца», на якім штогод ладзіцца свята Макаўе, а таксама музеем і капліцай на месцы бітвы пад Лясной. Таму аграсядзіба сям'і Шэндзеравых карыстаецца попытам і не пустуе.
— Пандэмія ўнесла свае карэктывы. Мы вымушаныя падладжвацца пад новыя ўмовы, якія дыктуе свет. Але мы не спыняемся, за апошні год актыўна пачалі развіваць сацыяльныя сеткі і дастаўку кветак дадому. Пашыраем тэрыторыю: дастаўляем кветкі па Слаўгарадскім і двух суседніх раёнах. На функцыянаванні аграсядзібы эпідэмічная сітуацыя таксама адбілася. Цяпер да нас прыязджае менш замежных турыстаў, затое актывізаваліся беларусы.
З нашай гераіняй мы сустрэліся ў аграсядзібе «Свет кветак», каб убачыць гонар сям'і Шэндзеравых на ўласныя вочы. А ў канцы гутаркі мы спыталі ў Наталлі Алегаўны, якое дасягненне яна лічыць галоўным у сваім жыцці.
— Я рэалізавалася як маці, як бізнес-лэдзі. Сёння ў мяне шмат планаў і ідэй, але я адчуваю — я сапраўды раблю тое, што падабаецца. Я ўсё жыццё дзяліла сябе пароўну. Ніколі мае дзеці не адчувалі недахопу любові, як і мая справа ніколі не была мною забытая. Я ўсюды трымаю баланс і ўсюды атрымліваю вынік. І менавіта гэты баланс і ёсць маё галоўнае дасягненне.
Алёна КУХАРАВА
Слаўгарадскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-shendzerava
[3] https://zviazda.by/be/tags/karera
[4] https://zviazda.by/be/tags/slaugarad
[5] https://zviazda.by/be/tags/slaugaradski-rayon