На сённяшні дзень рэформы чакаюць 9 арганізацый сталіцы жыллёва-камунальнай галіны. Па плане пакінуць усяго чатыры прадпрыемствы. Работнікі гэтых арганізацый звярнуліся ў прафсаюзы з просьбай абараніць іх правы.
— Сумесна з прадстаўнікамі галіновага прафсаюза мы сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і яго супрацоўнікамі. Наймальнік запэўнівае, што вытворчыя працэсы не закрануць работнікаў, але хваляванне людзей зразумець можна — яны хочуць захаваць працу. Таму галоўнае ў гэтых умовах — не дапусціць масавых скарачэнняў і звальненняў. Таксама мы будзем кантраляваць, каб усе рашэнні прымаліся ў адпаведнасці з заканадаўствам, — прыводзіць словы старшыні Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандра ШЧАКОВІЧА прэс-служба ФПБ. — На прадпрыемствах працуюць больш за 400 чалавек. Мы бярэм пад кантроль сітуацыю з кожным работнiкам. Калі ў працэсе рэарганізацыі ўсё ж такі будзе неабходнасць у правядзенні некаторай аптымізацыі, кожны выпадак будзе разглядацца ў індывідуальным парадку, у тым ліку будзем прапаноўваць людзям перанавучанне або атрыманне новай прафесіі. Сёння для гэтага ў нас ёсць магчымасці. Напрыклад, па ініцыятыве Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці пры спецыялізаваных навучальных установах галіны створаны рэсурсныя цэнтры і навучальныя курсы, на якіх работнік за кароткі прамежак атрымлівае неабходныя навыкі.
Дарэчы, такі досвед у прафсаюзаў ужо ёсць. Напрыклад, вясной 2021 года да аднаго з вядучых прадпрыемстваў сферы бытавога абслугоўвання далучылі яшчэ дзве арганізацыі. Пры гэтым каля 500 чалавек, а менавіта столькі людзей працавалі на далучаных арганізацыях, захавалі свае працоўныя месцы. Дзякуючы сумесным дзеянням прафсаюзаў і кіраўніцтва прадпрыемства, у дадзеным выпадку людзі не толькі засталіся на працы, але і атрымалі дадатковыя гарантыі і выплаты па калектыўнай дамове.
— Пры некаторых прафсаюзных арганізацыях таксама ствараюцца свае ўнутраныя банкі вакансій. Такая база ёсць і ў прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. На сённяшні дзень — гэта больш за 500 вакансій. Актуальнымі яны могуць стаць і для работнікаў, якія зараз праходзяць праз рэарганізацыю. Сярод вакансій, дарэчы запатрабаваных на рынку працы, — рабочыя зялёнага будаўніцтва, дарожныя рабочыя, кіроўцы спецыялізаванай тэхнікі (смеццявозаў, палівальных машын), слесары, рабочыя па комплексным абслугоўванні ды іншыя, — дадаў прафсаюзны спецыяліст.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/reformy
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyova-kamunalnaya-galina
[4] https://zviazda.by/be/tags/rabotniki
[5] https://zviazda.by/be/tags/prafsayuzy
[6] https://zviazda.by/be/tags/pravy