За першае паўгоддзе гэтага года Дзяржстандарт правёў 5259 кантрольна-наглядных мерапрыемстваў (з іх 689 праверак) па выкананні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў, тэхнічных нарматыўных прававых актаў і абавязковага пацвярджэння адпаведнасці. Як адзначыў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Аляксандр Бурак, колькасць такіх мерапрыемстваў павялічылася прыкладна на 10 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Па выніках праведзеных праверак быў забаронены ўвоз у нашу краіну амаль 900 найменняў небяспечнай прадукцыі. Сярод іх кандытарскія вырабы, мясныя, агароднінныя і рыбныя кансервы, свяцільні, лямпы, пражэктары, зарадныя прылады, выданні для дзяцей, дзіцячае адзенне і абутак, жаночае і мужчынскае адзенне, цацкі і іншыя спажывецкія тавары. Што датычыцца суадносін асноўных відаў прадукцыі, забароненых да ўвозу і абароту, то 33 % з іх заняла харчовая прадукцыя, 31 % — электратэхніка, 16 % — тавары для дзяцей, 7 % — тавары лёгкай прамысловасці, 6 % — сродкі індывідуальнай аховы і 5 % — цацкі.
За шэсць месяцаў кантралёрамі выдадзены 4273 прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў. Была прыпынена работа 212 гандлёвых аб'ектаў, з іх 8 інтэрнэт-крам. У кантралюючых органаў не стаяла мэта закрыць дадзеныя аб'екты, проста меры папераджальна-прафілактычнай накіраванасці па такіх пунктах не далі станоўчага эфекту, а выяўленыя парушэнні па наяўнасці забароненай прадукцыі не былі ліквідаваныя.
Варта адзначыць і асаблівасці гэтага года. Каранавірус і пандэмія змянілі перавагі спажыўцоў. Цяпер распаўсюдзілася новая тэндэнцыя — узрасла колькасць дыстанцыйных продажаў. З прычыны гэтага наглядныя органы Дзяржстандарта звяртаюць асаблівую ўвагу на работу інтэрнэт-крам. Так, за першае паўгоддзе абласнымі інспекцыямі камітэта былі праведзены 853 маніторынгі інтэрнэт-магазінаў. Па іх выніках выдадзены 763 прадпісанні па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, прыпыненая работа 10 інтэрнэт-сайтаў.
Па словах намесніка начальніка інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і горадзе Мінску Наталлі Балдак, па выніках праведзенай работы быў забаронены ўвоз і абарот на тэрыторыі Беларусі 48 найменняў імпартнай небяспечнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў школьнага ўзросту, спынена дзеянне на тэрыторыі краіны 35 дакументаў аб ацэнцы пацвярджэння адпаведнасці, выдадзены прадпісанні аб прыпыненні работы 105 гандлёвых аб'ектаў.
Разабрацца ва ўсіх тонкасцях бывае цяжка, таму наш эксперт дае некалькі практычных парад. Па-першае, пры выбары тавараў для дзяцей трэба ўважліва вывучаць маркіроўку незалежна ад таго, дзе дадзеная рэч набываецца. У маркіроўцы ўтрымліваецца шмат карыснай інфармацыі, напрыклад, аб саставе тканіны, рэкамендацыі па доглядзе за вырабам, аб матэрыялах верху і падшэўкі абутку. Наяўнасць у маркіроўцы знака ЕАС сведчыць, што прадукцыя прайшла пацвярджэнне адпаведнасці і бяспечная для выкарыстання.
А вось днямі ў Магілёве канфіскавалі з продажу траўманебяспечныя наборы цацак з пісталетамі.
Падчас праверкі аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў у продажы былі выяўлены наборы цацак для дзяцей ад 3 гадоў з маркіроўкай «Гуляем разам». Усе цацкі імпартнай вытворчасці. Выяўленая прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак» па паказчыках бяспекі, што прад'яўляюцца да цацак са снарадамі.
«Снарад, які выпускаецца пры дапамозе пускавога механізму і валодае кінетычнай энергіяй, павінен мінімізаваць рызыку траўміравання дзіцяці і таго, хто побач з ім. Прысоскі, якія выконваюць змякчальную функцыю пры стрэле, павінны быць шчыльна замацаваныя і не аддзяляцца ад пластыкавай асновы. Падчас выпрабаванняў было ўстаноўлена, што прысоскі аддзяляліся, чым стваралі магчымасць траўміравання», — падкрэслілі ў абласной інспекцыі. Пасля гэтага Дзяржстандарт забараніў увоз і абарот такой прадукцыі на тэрыторыі нашай краіны.
А яшчэ Аляксандр Бурак параіў нашым людзям наогул абмінаць неафіцыйныя гандлёвыя пункты, дзе атрымаць няякасны тавар — шанцы значна вышэйшыя. На яго думку, найбольш рызыкоўным у адносінах да набыцця няякаснага тавару, які не адпавядае патрабаванням, з'яўляецца такі сегмент гандлю, як рынкі, кірмашы і стыхійныя пункты.
Часам менавіта туды перацякае выяўленая небяспечная прадукцыя (з падобным Дзяржстандарт таксама актыўна змагаецца). Парушэнні, якія выяўляюцца ў дадзеным сегменце, практычна не сустракаюцца ў арганізацыях буйных рытэйлараў, крамах, гандлёвых цэнтрах. Таму, выбіраючы тавар у пунктах нестацыянарнага гандлю, варта памятаць пра павышаныя рызыкі куплі неадпаведнай прадукцыі. Там тавар сапраўды можа быць таннейшы, але можа аказацца небяспечнай падробкай.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhstandart
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-burak
[5] https://zviazda.by/be/tags/natallya-baldak
[6] https://zviazda.by/be/tags/mytny-sayuz
[7] https://zviazda.by/be/tags/kantralyory