Гэтая фраза дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чамусьці асабліва запала ў душу. Мабыць, таму, што ў разгары ўборачная кампанія, да таго ж наша размова вялася ў будучай сталіцы «Дажына» на Гродзеншчыне — горадзе-спадарожніку Скідзелі. Дарэчы, і сам Аляксандр Аутка родам з гэтых мясцін, яго родная вёска Гліняны за некалькі кіламетраў ад Скідзеля. Так супала, што менавіта тут ён правёў свой нядаўні прыём грамадзян. Такім чынам удалося не толькі распытаць дэпутата аб яго парламенцкай дзейнасці, але і ўбачыць работу парламентарыя са сваімі выбаршчыкамі.
Радок з вядомай песні як найлепш пасуе да тэматыкі зваротаў скідзельчан. Тут ёсць пытанне і па якасці дарогі, і па стане дома. Такія праблемы паўстаюць вельмі часта падчас прыёмаў. Гэтым разам дарожнае пытанне ўзняла індывідуальны прадпрымальнік Марына Рамановіч. Жанчыну турбуе стан дарогі ў весцы Некрашы. Яна звярнула ўвагу на заезд, на якім часта буксуюць аўтамабілі, асабліва ўвосень і вясной. Звярталася неаднаразова да старшыні сельскага выканкама. Аналагічная сітуацыя з заездам існуе і на дарозе да дачнага пасёлка. Там часта ставяць аўтамабілі, што перашкаджае руху. Разам з тым, устаноўка знака не прадугледжана.
— Там невялікая тэрыторыя. Усяго метраў дзесяць, а праблема цягнецца даволі даўно. Мы з вяскоўцамі неаднаразова сваімі сіламі яе раўнялі, падсыпалі, але там патрэбны больш трывалы грунт, бо пры дажджы ні праехаць, ні прайсці. Праз некалькі дзён ізноў балота стаіць. Мы гатовыя самі правесці работы, калі будзе выдзелена хоць бы машына асфальтавай крошкі, — прапануе Марына выхад з сітуацыі.
Пенсіянерка са Скідзеля Людміла Кавалёва прыйшла з праблемай дома па вуліцы Клубнай. Па яе словах, жыхары просяць, каб дом перадалі на баланс ЖКГ. У цяперашні момант ён на абслугоўванні мясцовай сельгаспадаркі. Пытанне цягнецца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Дом патрабуе капітальнага рамонту, але гаспадарка не можа забяспечыць работы. Заявы ад жыхароў накіраваны ў райвыканкам. У Скідзельскім гарадскім выканкаме патлумачылі, што адносна перадачы дома будзе створана спецыяльная камісія, якая даследуе яго стан. Калі ўсе заўвагі будуць выпраўленыя ўласнікамі дома, тады яго зможа прыняць іншы бок, у дадзеным выпадку ЖКГ. Вось толькі аб'ём работ даволі значны і фінансава затратны. Таму пытанне, на думку жыхароў, можа зацягнуцца надоўга. А між тым, старая электраправодка і дрэнныя ўмовы эксплуатацыі могуць прывесці да непажаданых наступстваў, папярэджвае пенсіянерка.
— Людзі прыходзяць са сваімі клопатамі і чакаюць падтрымкі. І гэтыя пытанні не такія ўжо невырашальныя, — упэўнены Аляксандр Аутка. — Як, напрыклад, тая ж дарожная праблема, якая ўзнята жыхаркай Скідзеля. Сапраўды, палепшыць заезд даўжынёй 7-10 метраў — не такая і складаная справа, але яна чамусьці цягнецца з году ў год. Таму пытанне будзе вырашацца з удзелам старшыні сельвыканкама і дарожнай арганізацыі.
Больш складаным бачыцца дэпутату пытанне аб перадачы дома на баланс ЖКГ. Такіх дамоў нямала. Патрабаванні жыхароў зразумелыя: жыллёва-камунальная гаспадарка — гэта спецыялізваная ўстанова, якая павінна займацца добраўпарадкаваннем жылога фонду. Але камунальнікі пры перадачы дома ставяць даволі шмат умоў, якія ўласнік — сельгаспрадпрыемства — не здольнае выканаць з-за высокай фінансавай нагрузкі. Па гэтым пытанні дэпутат звернецца да кіраўніцтва раёна і возьме на кантроль праблему.
Аляксандр Аутка заўважае, што за апошнія дзесяць гадоў у Скідзелі зроблена вельмі многае. Горад цалкам абнавіўся, і гараджане задаволеныя тэмпамі яго добраўпарадкавання. Пракладзены новыя дарогі, у многіх прыватных дамах да 500-годдзя горада памянялі дахі. Цяпер трэба ісці ўглыб, лічыць дэпутат. Гэта значыць, больш уважліва прыглядацца да тых праблем, якія не здаюцца глабальнымі, але непакояць людзей.
— Формы работы розныя. Гэта і прыём грамадзян, і прамыя лініі, і сустрэчы з працоўнымі калектывамі, — расказвае дэпутат. — У маёй выбарчай акрузе тры раёны — Гродзенскі, Свіслацкі і Бераставіцкі Большасць выбаршчыкаў — сельскія жыхары. Важна, каб яны атрымалі рэальную дапамогу.
Дэпутат прызнаўся, што часам яму вельмі не хапае гарачых дзянькоў у полі. Асабліва падчас пасяўной і ўборачнай кампаній. Вось і cёння ён цікавіцца ходам жніва ў сваіх раёнах. Вядома, у першую чаргу сочыць за работай агракамбіната «Скідзельскі», дзе да парламенцкай дзейнасці працаваў першым намеснікам генеральнага дырэктара. У склад холдынга ўваходзяць пяць гаспадарак. Цяпер у агракамбіната складаны перыяд, але сюды нядаўна прыйшоў новы генеральны дырэктар і людзі спадзяюцца, што справы палепшацца. На гэта скіраваны і намаганні працоўнага калектыву.
У душы Аляксандр Аутка застаецца аграрнікам і марыць вярнуцца да практычнай работы ў сферы АПК. Дарэчы, па магчымасці імкнецца прапагандаваць самы перадавы вопыт раслінаводства, які адлюстраваны ў новым зборніку «Навуковыя асновы тэхналогій вырошчвання азімых збожжавых культур, рапсу і кукурузы». Кніга падрыхтавана НАН і Мінсельгасхарчам пад рэдакцыяй Ф. Прывалава і А. Ауткі. Аказваецца, вядомы навуковец, прафесар Аляксандр Аутка — не толькі цёзка дэпутата, але і яго родны дзядзька. У падыходзе да работы ў сельскай гаспадарцы яны, можна сказаць, аднадумцы.
— Зямля любіць гаспадара, гэта галоўнае. Але ад зямлі трэба не толькі забіраць, але і аддаваць ёй. Сёння глабальная праблема ў пацяпленні клімату, з'явіліся сухавеі, глебу проста выдзімае, і гэта вынік таго, што сталі ўносіць значна менш арганічных угнаенняў. Мы захапіліся мінеральнымі ўгнаеннямі, пестыцыдамі. А зямля — жывы арганізм, і ёй патрэбна адпаведнае харчаванне. Тады і людзі будуць здаравейшыя, — выказаў сваю пазіцыю дэпутат Аутка.
Ён лічыць, што добрым крокам да пераходу на новыя рэйкі можа стаць арганічнае земляробства. Магчыма, многія сельгаспрадпрыемствы наўрад ці могуць пайсці па такім шляху з-за падзення валавой вытворчасці. Пакуль гэтым займаюцца толькі фермерскія гаспадаркі. Але ёсць і сельгаскааператывы, якія паспяхова асвойваюць экалагічнае земляробства, напрыклад, у Бераставіцкім раёне. А ў Мінску з'явіўся і рынак арганічнай прадукцыі. Такія фермерскія аддзелы ўжо прысутнічаюць і ў гандлёвых сетках. Ёсць і закон аб арганічным земляробстве. Але для далейшага развіцця дадзенага кірунку неабходна мець сваю акрэдытаваную лабараторыю. Бо цяпер адпаведны сертыфікат можна атрымаць толькі за мяжой.
Прафесіянальны аграрый не хавае сваёй занепакоенасці наконт недахопу кваліфікаваных кадраў. На яго думку, гарадскія хлопцы, якія вучацца ў аграрных ВНУ, наўрад ці будуць працаваць на зямлі. Лепш рабіць стаўку на тых, хто на ёй вырас, з дзяцінства знаёмы з гэтай работай, мэтанакіравана паступае ў аграклас.
Увогуле, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў не павінны чакаць, пакуль да іх размяркуюць выпускнікоў вну, варта самім шукаць будучыя кадры яшчэ ў школе. Пагаварыць, у тым ліку і з бацькамі падлеткаў. Не сакрэт, што многія хочуць бачыць сваіх дзяцей праграмістамі, урачамі, педагогамі ці менеджарамі па турызме. І гэта добра. Між тым, работа ў сферы АПК мае нямала бонусаў. Напрыклад, гаспадарка гатовая прызначыць сваім будучым маладым спецыялістам стыпендыю падчас вучобы, а потым даць жыллё і нядрэнны заробак. І чалавек будзе працаваць, упэўнены дэпутат. Трэба рыхтаваць кадры самім, не чакаючы, пакуль нехта дасць гатовыя. У Скідзелі, напрыклад, ёсць сельскагаспадарчы каледж. Сюды прыязджаюць кіраўнікі Гродзенскага раёна, працуюць з навучэнцамі. У прыватнасці, так робіць старшыня СВК «Азёры» Гродзенскага раёна Аляксандр Шышко, член Савета Рэспублікі.
Аляксандр Аутка — дэпутат, як кажуць, ад зямлі. Таму і яго дзейнасць у парламенце звязана з АПК — ён намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. За перыяд работы сёмага склікання парламента адбылося пяць сесій, дзе разгледжана некалькі законапраектаў у сельскагаспадарчай галіне. У прыватнасці, «Аб селекцыі і насенняводстве сельскагаспадарчых раслін». Закон будзе рэгуляваць і дзейнасць арганізацый, якія займаюцца дадзенай справай. Бо не ўсе прадаўцы прапануюць якасны насенны матэрыял, адпаведна, пагаршаецца ўраджайнасць. Зразумела, што колькасць такіх прадаўцоў зменшыцца.
Парламентарыі распрацавалі законапраекты «Аб ветэрынарнай дзейнасці», «Аб племянной жывёлагадоўлі». Разгледжаны праект закона аб ідэнтыфікацыі жывёл. Ён будзе распаўсюджвацца на ўсе віды, у тым ліку на рыб і пчол. Кожны, хто купляе прадукцыю, па штрых-кодзе зможа прасачыць увесь яе шлях. Гэта асабліва важна для экспартных паставак.
Цяпер Камісія працуе над законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці». Папраўкі неабходна ўнесці з-за таго, што ў гэтай сферы адбылося шмат змен. Закон павінен упарадкаваць адносіны паміж землекарыстальнікамі. Граніцы зямельных участкаў можна пракласці вельмі дакладна з дапамогай лічбавых тэхналогій, даных, якія атрыманыя праз касмічныя спадарожнікі. У хуткім часе мяркуецца пачаць разгляд Кодэкса аб зямлі.
Што датычыцца асабістага лёсу, дэпутат не бярэцца загадваць наперад, тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў ніжняй палаты парламента сёмага склікання завяршаецца ў канцы 2023 года. Але адно для Аляксандра Ауткі відавочнае — гэта работа на зямлі. Магчыма, і з дэпутацкімі паўнамоцтвамі — у раённым ці абласным Савеце. Такі вопыт у яго таксама ёсць.
Маргарыта УШКЕВІЧ, г. Скідзель.
Фота з архіва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-autka
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo
[6] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou-nacyyanalnaga-shodu-respubliki-belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/skidzel
[8] https://zviazda.by/be/tags/uborachnaya-kampaniya