Эксперымент на 260 сабаках розных парод паказаў, што большая частка жывёл разумее, калі чалавек спрабуе іх падмануць. Найбольш даверлівымі апынуліся тэр’еры — яны часцей за ўсё ішлі нават відавочна ілжывым указанням чалавека. Вынікі даследавання апублікаваў навуковы часопіс Proceedings of the Royal Society B, паведамляе [1] ТАСС.
Даследаванне праходзіла ў невялікім пакоі з двума дзвярыма. На аднолькавай адлегласці ад сабакі (больш за паўтара метра) навукоўцы ставілі два рознакаляровыя непразрыстыя вядзеркі, прычыненыя папяровымі вечкамі. Акрамя сабакі і яе гаспадара ў эксперыменце ўдзельнічалі яшчэ два чалавекі — «дарадца» і «утойвацель».
На першай стадыі эксперыменту сабак прывучалі давяраць «дарадцаў». «Утойвацель» на вачах у жывёлы клаў ежу ў адно з двух вядзерцаў, затым незаўважна для сабакі вымаў яе. Пасля гэтага «дарадца» паказваў сабаку, у якім з вядзерцаў знаходзілася ежа, каб жывёла разумела, што яго не падманваюць.
Пасля знаёмства алгарытм эксперыменту мяняўся: «дарадца» разам з сабакам назіраў, у якое вядзерца клалі ежу, і выходзіў з пакоя. У гэты час «утойвацель» перакладаў ежу ў іншае вядзерца — так, каб сабака бачыла. «Дарадца» пры гэтым паказваў сабаку туды, дзе ежы не было.
Калі падобны ж вопыт раней праводзілі з дзецьмі пяці гадоў і прыматамі, тыя ў большасці выпадкаў давяралі «дарадцам» нягледзячы на тое, што на свае вочы бачылі яго падман. Аднак у гэтым даследаванні больш за палову сабак не сталі давяраць чалавеку, калі разумелі, што ён не бачыў моманту перахавання ежы. Пры гэтым калі эксперымент праводзілі толькі з тэр’ерамі, прадстаўнікі гэтай пароды рэагавалі інакш — яны працягвалі давяраць чалавеку.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://nauka.tass.ru/nauka/12018887
[2] https://zviazda.by/be/tags/eksperyment
[3] https://zviazda.by/be/tags/sabaki
[4] https://zviazda.by/be/tags/dasledavanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vopyt