Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам, перадае [3] БелТА.
У цэнтры ўвагі былі тры тэмы — стварэнне пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватных структурах, рэакцыя прафсаюзаў на санкцыйную палітыку і садзейнічанне правядзенню ўборачнай кампаніі.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы са стварэннем пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары і акцэнтаваў увагу, што гэта пытанне ўзнімалася неаднаразова.
«Сур’ёзнае пытанне — стварэнне пярвічных арганізацый перш за ўсё ў прыватных структурах. Калі да гэтага часу ёсць яшчэ асобныя, якія не зразумелі, значыць, трэба ва ўрадзе неадкладна абмеркаваць гэтыя пытанні і ўнесці канкрэтныя прапановы аж да ліквідацыі прыватных структур, якія адмаўляюцца мець прафсаюзныя арганізацыі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Яшчэ адна важная тэма, якую закрануў Аляксандр Лукашэнка, гэта рэакцыя ФПБ на санкцыйны націск. «Хачу падзякаваць вам і нашым прафсаюзам за актыўную работу ў плане процідзеяння санкцыям. Гэта дастойная работа, калі арганізавалі людзей, і ў міжнародным плане быў пачуты голас не толькі лідараў прафсаюзаў, а нашых людзей, працоўных, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Малайцы».
«Тысячы і тысячы людзей, якія вырашылі выказацца. Гэта вялікая справа», — заўважыў беларускі лідар. На яго думку, такая маштабная рэакцыя людзей у адказ на санкцыйны націск абавязкова дасць вынік.
«Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць над тым, каб процідзейнічаць і процістаяць гэтым недружалюбным і варожым дзеянням», — запэўніў кіраўніка дзяржавы Міхаіл Орда. На яго думку, для ўсіх відавочна, што заходнія санкцыі ўводзяцца для нанясення эканамічнага ўрону Беларусі і яе грамадзянам. «Мэта зразумела, яны яе і не ўтойваюць: яны хочуць выклікаць абурэнне людзей, гэта захоп краіны і падпарадкаванне Беларусі інтарэсам іншых краін», — падкрэсліў Міхаіл Орда.
Акрамя таго, Прэзідэнт і кіраўнік ФПБ абмеркавалі ход уборачнай кампаніі і садзейнічанне яе правядзенню з боку прафсаюзаў. «Санкцыі санкцыямі, але калі будзе ў што апрануць дзяцей да школы і людзям апрануцца нармальна, калі будзе што паесці людзям, тады будзе вынік», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ўборачная кампанія ў Беларусі традыцыйна праходзіць у асаблівых умовах надвор’я, і прафсаюзам трэба аказаць аграрыям неабходнае садзейнічанне, як гэта бывае кожны год. «У жніўні заўсёды час спрасаваны, і надвор’е нас правярае на цвёрдасць і рашучасць. Трэба забяспечыць людзей. Перш за ўсё — зарплата, харчаванне ў полі і гэтак далей, звычайная работа прафсаюзаў», — паставіў задачу беларускі лідар.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://blr.belta.by/president/view/stvarenne-pjarvichak-reaktsyja-na-sanktsyi-i-sadzejnichanne-uborachnaj-lukashenka-sustreusja-z-102679-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-orda-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/fpb