Першы тыдзень апошняга месяца лета ў нашай краіне характарызаваўся няўстойлівым і ўмерана цёплым надвор'ем. Сярэднясутачная тэмпература паветра знаходзілася ў межах 17—22 цяпла, што блізка да нормы, а па ўсходзе краіны было на 1—2 градусы вышэй за яе. Перыядычна адзначаліся дажджы рознай інтэнсіўнасці, якія суправаджаліся навальніцамі і (месцамі) моцнымі ліўнямі. А ў выхадныя цёплае надвор'е будзе суправаджацца дажджамі рознай інтэнсіўнасці, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу цэнтр цыклона, які сёння прынёс пахмурнае і дажджлівае надвор'е, перамесціцца з нашай тэрыторыі на краіны Балтыі, і Беларусь будзе знаходзіцца ў яго тылавой зоне. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагназуюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 11—18 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 18—25 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў, у нядзелю пад уплывам зоны павышанага атмасфернага ціску чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па захадзе ёсць верагоднасць кароткачасовых дажджоў, магчымыя навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах краіны прагназуецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ўсяго плюс 8—15 градусаў. Удзень будзе ад плюс 22 да 29 цяпла.
А вось у пачатку наступнага тыдня ўмовы надвор'я будуць знаходзіцца пад уплывам няўстойлівых паветраных мас і малаактыўных атмасферных франтоў, якія паступаюць з Заходняй Еўропы. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы і будзе ўмерана цёпла. У панядзелак тэмпература паветра ўначы складзе плюс 11—18 градусаў. Удзень будзе плюс 21—28 градусаў, а па паўднёвым усходзе краіны — 29—31 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/dazhdzhy
[5] https://zviazda.by/be/tags/navalnicy
[6] https://zviazda.by/be/tags/peramennaya-voblachnasc