Сёння ў рамках адзінага дня прыёму грамадзян сенатарамі, які ўжо становіцца традыцыйнай формай работы, сустрэцца і расказаць ім аб сваіх турботах і праблемах пажадала больш за трыста чалавек. Большасць заяўнікаў, як звычайна, запісаліся на прыём да спікера верхняй палаты парламента: паведаміць асабіста аб тым, што хвалюе, выказалі намер 196 заяўнікаў.
Безумоўна, у рамках асабістага прыёму грамадзян сустрэцца з усімі ў гэты дзень Наталля Качанава фізічна наўрад ці змагла б. Аднак гэта не значыць, што чыясьці праблема застанецца па-за ўвагай заканадаўцаў: абавязкова ўсе заявы будуць узятыя на кантроль, а наступны прыём сенатарамі, як анансавала Старшыня Савета Рэспублікі, пройдзе таксама ў сталіцы. І каб не адкладваць гэтую падзею, як кажуць, у доўгую скрыню, наступную сустрэчу яна запланавала правесці ў верасні.
Аднак вернемся да цяперашніх турбот мінчан. З якімі праблемамі яны прыйшлі да Наталлі Качанавай?
Цёзку спікера Савета Рэспублікі — шматдзетную маці Наталлю Анатольеўну, якая нарадзіла шасцярых дзяцей і ўзнагароджана ордэнам Маці — хвалявалі адразу некалькі пытанняў. Па-першае, яна пажалілася на неканчаткова зроблены разлік папярэднім наймальнікам яе мужа-кіроўцы, які працаваў з 2015 па мінулы год па найме. «Шэрыя» схемы выплаты заробку ў канверце і махлярства з налічэннем камандзіровачных, пераканана жанчына, павінны быць ліквідаваны. Сям’я звярталася і ў дэпартамент па працы і нават у суд. У апошняй інстанцыі з-за прапушчаных тэрмінаў заяву не разглядалі, а вось дэпартамент знайшоў парушэнні ў разліках. Жанчына просіць прыспешыць гэты працэс.
Па-другое, Наталля Анатольеўна прасіла спікера Савета Рэспублікі, як упаўнаважаную Прэзідэнта па горадзе Мінску, паўплываць на здачу дома для шматдзетных у новым мінскім мікрараёне Чыжоўка-6А, маўляў, дом пабудаваны і пафарбаваны, а ключы забудоўшчык не аддае: хутка адпраўляць дзяцей у школу, а як, калі людзі тут яшчэ не жывуць і няма рэгістрацыі?! Трэба сказаць, што сям’я зараз жыве ў вёсцы пад Мінскам, а ў сталіцы іх чакаюць дзве двухпакаёвыя кватэры ў доме на вуліцы Карзюкі.
І нарэшце, апошняе пытанне, якое турбавала жанчыну — гэта лёс старэйшых сыноў. Абодва адслужылі ў войску, адзін застаўся служыць па кантракце, а другі хацеў бы працаваць разам з братам, але калісьці меў парушэнне хуткаснага рэжыму. Як любую маці ,Наталлю хвалюе будучыня яе дзяцей, таму прасіла Наталлю Качанаву пасадзейнічаць у вырашэнні пытання з працаўладкаваннем хлопца.
Спікер Савета Рэспублікі, запэўніла, што ні адна з узнятых праблем не застанецца па-за ўвагай улады і даручыла кампетэнтным органам падключыцца да вырашэння агучаных жанчынай тэм.
Мінчанку Алесю Мікалаеўну турбавала праблема даўгабуду на вуліцы Купрэвіча, які ўзводзіць мінскі домабудаўнічы камбінат. У прыватнасці, некалькі разоў пераносіліся тэрміны здачы гэтага дома па прычыне прасадкі фундамента і з’яўлення трэшчын на сценах. Многія дольшчыкі, якія ўжо цалкам разлічыліся з забудоўшчыкам за свае кватэры, не вытрымалі выпрабавання часам і вырашылі скасаваць дамовы і вярнуць свае грошы. Але, як высветлілася, не ўсё так проста. Разлічыцца адразу з усімі жадаючымі забудоўшчык не можа, людзі чакаюць і нервуюцца.
— На будаўніцтва гэтай кватэры мы бралі крэдыт у банку, зараз выплачваем працэнты. Атрымліваецца, што грошы вярнуць не можам і кватэры няма, — кажа ў роспачы жанчына.
Як патлумачыў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрый МІКУЛЁНАК, які прысутнічаў на прыёме, з каля сотні тых, хто заключыў дамову на долевае будаўніцтва, ужо адмовіліся ад кватэр па гэтым адрасе, з 65-цю разлічыліся, а 34 сям’і яшчэ чакаюць разліку. Разам з тым, дом рыхтуецца да здачы ў эксплуатацыю, на вызваленыя кватэры зараз шукаюць жадаючых іх набыць.
— Людзям грошы павінны вярнуць у тыя тэрміны, што абяцалі, — выказала безапеляцыйную пазіцыю Наталля Качанава. — Гэта маё даручэнне Кухараву (старшыні Мінгарвыканакама. — Аўт.) Па-другое, трэба ліквідаваць недахопы, каб дом быў уведзены ў эксплуатацыю ў нармальным стане.
Таму дадатковае даручэнне было дадзена Дзяржбуднагляду: правесці праверку якасці будаўнічых работ сумесна з Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры. Акрамя таго, паставіць пытанне на асаблівы кантроль у адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы.
Жыхарку гэтага ж раёна Наталлю Мікалаеўну з вуліцы Альшэўскага турбавала пытанне суседства: у іх жылым доме, пабудаваным яшчэ ў 1966 годзе, на першым паверсе «пасяліўся» арандатар, які прадастаўляе фізкультурна-аздараўленчыя паслугі насельніцтву. Усё б нічога, каб не бразганне «жалеза» разам з біццём спартыўным інвентаром па сценах — гэтыя шумы перашкаджаюць людзям спакойна жыць і паўнавартасна адпачываць.
Дарэчы, мясцовы цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, які рабіў замеры шуму, зафіксаваў яго перавышэнне. Шумаізаляцыю нібыта зрабілі, але людзей яе вынік не задавальняе.
Як патлумачыў кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Сяргей ШКУДНЕЎ, памяшканне знаходзіцца ў камунальнай маёмасці і арандуецца прыватнікам. Спікер Савета Рэспублікі прапанавала знайсці яму іншае прыдатнае памяшканне пад гэтыя мэты, а побач з кватэрамі пашукаць кандыдата аказваць паслугі больш спакойнага характару: ад цырульні да прадуктовай крамы.
Між іншым, з аналагічным пытаннем непрыемнага суседства да Наталлі Качанавай звярнулася і жыхарка Чэрвеня: Марына Васільеўна агучыла калектыўны зварот жыхароў вуліцы Барыкіна, у якіх пад вокнамі функцыянуе дыска-бар, што працуе да чатырох гадзін раніцы. Мясцовы РАУС заняў бок жыхароў, кажа жанчына, бо разнімаць п’яныя бойкі даводзіцца міліцыянерам, а вось выканкам пакуль не абмяжоўвае час працы «вясёлай» установы да 23-х гадзін, як гэта патрабуецца ў спальных раёнах.
Старшыня Савета Рэспублікі пераканана, што нармальнаму адпачынку людзей ва ўласным жыллі нішто не павінна перашкаджаць. Развіваць бізнес і стымуляваць прыватную ініцыятыву трэба, але не за кошт іншых. Таму даручыла старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаілу РУСАМУ дэтальна разабрацца з гэтым пытаннем, вывучыць, што было прадугледжана генпланам на гэтым месцы і праінфармаваць аб выніках разгляду.
Фактычна заканадаўчую калізію агучыла сёння маладая мінчанка Анастасія, якая прыйшла на прыём да Наталлі Качанавай з немаўляткам на руках. Яе сыну ўжо тры месяцы, але жанчына не можа яго зарэгістраваць у кватэры, дзе жыве сама, наймальнікам якой з’яўляецца яе маці. Як патлумачылі спецыялісты, калі статус жылля з’яўляецца сацыяльным, то ёсць абмежаванні па рэгістрацыі, згодна з Жыллёвым заканадаўствам.
— Так быць не павінна! Дзеці павінны быць зарэгістраваны разам з бацькамі, — пераканана Наталля Качанава і дадала. — Калі існуе заканадаўчая калізія — трэба змяняць заканадаўства, на тое мы і праводзім прыёмы грамадзян, каб ведаць аб такіх сітуацыях.
Спікер верхняй палаты парламента даручыла тэрмінова разабрацца ў гэтым пытанні, а адміністрацыі раёна не чакаць, пакуль праблема будзе канчаткова вырашана на заканадаўчым узроўні, зарэгістраваць малое разам з маці.
Каментуючы журналістам вынікі прыёму грамадзян, Наталля Качанава падкрэсліла, што адзіны дзень прыёму — як форма работы сенатараў — абраны невыпадкова: гэта дае дакладнае ўяўленне аб тых праблемах, з якімі сутыкаюцца жыхары таго ці іншага горада, раёна, вобласці. У дадзеным выпадку гэта сталіца і заўтра, 7 жніўня, пытанне работы мясцовых органаў улады будзе разгледжана на пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі.
— Пытанняў дастаткова шмат. Перш за ўсё яны датычацца будаўніцтва жылля, якасці яго ўзвядзення — гэта вельмі важныя пытанні, якія хвалююць жыхароў Мінска, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы пастараемся разабрацца ва ўсіх.
Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што разбор ўзнятых праблем будзе рабіцца комплексна з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў, каб у выніку можна было аказаць дапамогу людзям.
Акрамя таго, не менш важнымі з’яўляюцца і пытанні размяшчэння аб’ектаў па аказанні паслуг у жылых дамах:
— Пры здачы памяшкання ў арэнду, трэба думаць аб тым, што ў гэтым доме жывуць людзі. Адпаведна, павінны захоўвацца ўсе санітарныя і тэхнічныя нормы, — пераканана спікер Савета Рэспублікі. — Такія аб’екты не павінны перашкаджаць нармальнаму жыццю людзей. Таму мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы людзям і ўказаць мясцовым органам улады на пытанні і праблемы, якія існуюць у горадзе.
Між іншым, члены Савета Рэспублікі ў рамках адзінага дня прыёму грамадзян таксама далучыліся да работы са зваротамі.
Так, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА працаваў са зваротамі грамадзян у адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ — у адміністрацыі Заводскага раёна, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ — у адміністрацыі Савецкага раёна, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ — у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ — у адміністрацыі Маскоўскага раёна.
Член Савета Рэспублікі, абраны ад горада Мінска, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй ІВАНЕЦ вёў прыём грамадзян у адміністрацыі Першамайскага раёна, член Савета Рэспублікі, намеснік начальніка каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марына ІЛЬІНА — у адміністрацыі Партызанскага раёна. Член Савета Рэспублікі, дырэктар дзяржаўнай установы «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» Алег РУМО будзе прымаць грамадзян у адміністрацыі Маскоўскага раёна. Пачатак яго прыёму ў 18.00. Член Савета Рэспублікі, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар ЧАЙЧЫЦ правёў адзіны дзень прыёму грамадзян у Цэнтральным раёне.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-gramadzyan
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk