zviazda.by
Published on zviazda.by (https://zviazda.by)

Хатняя старонка > Дзе ў Беларусі ствараюць сапраўдны брэнд лёну?

  • 10.08.2021 19:19
    • Аўтар:
    • Наталля Капрыленка [1]
  • Грамадства [2], Рэгіёны [3]

Дзе ў Беларусі ствараюць сапраўдны брэнд лёну? За званне беларускай ільняной сталіцы гатовая паспрачацца Карма. Фестываль «Ільняная карусель» у пяты раз заклікаў у райцэнтр, што на паўночным усходзе Гомельшчыны, усіх, хто цікавіцца гісторыяй «паўночнага шоўку», шануе і любіць нацыянальную самабытную культуру.


Сапраўды, не так шмат райцэнтраў можа пахваліцца рэгіянальнымі святамі і фестывалямі, вядомымі і папулярнымі ва ўсёй краіне. Упершыню «Ільняная карусель» закруцілася ў невялікім гарадскім пасёлку ў 2017 годзе. Свята прайшло з поспехам, зарадзілася фестывальная традыцыя. Ды як жа інакш? Лён на Кармянчыне — сімвал і гонар раёна: амаль палова пасяўных плошчаў тут адведзена менавіта пад гэтую культуру, наладжана льноперапрацоўка.

У раёне актыўна працуюць над культурным складнікам папулярызацыі лёну, займаюцца вырабам рознай ільнопрадукцыі, заахвочваюць рамеснікаў. У сваю чаргу, развіццё льнянога брэнда пазітыўна адбіваецца на эканамічным становішчы раёна.

— Для Кармы гэта не проста брэнд, — адзначыў падчас адкрыцця фестывалю старшыня Кармянскага райвыканкама Андрэй Турук. — Гэта работа для людзей, для многіх-многіх соцень сем'яў добры прыбытак. Сёлета мы вельмі сур'ёзна ўклаліся ў вытворчасць лёну. Але гэтыя выдаткі акупяцца нават не ў разы, а ў дзясяткі разоў. І самае галоўнае — дастаткам для нашых жыхароў.

Сёлета «Ільняная карусель» красуецца ў цэнтральным парку і на галоўнай плошчы гарпасёлка. Фестываль распачало тэатралізаванае прадстаўленне з дэфіле ў строях з «паўночнага шоўку», далей былі прывітанні афіцыйных гасцей, канцэрт і ўзнагароджанне фальклорных калектываў. Акрамя таго, да свята ў раёне прымеркавалі цырымонію ўшанавання ветэранаў працы Кармянскага льнозавода, маладых сужэнцаў, якія адзначаюць сёлета «льняное вяселле», і віншаванне дзяцей-аднагодкаў фестывалю.

Традыцыйна папулярны сярод гасцей свята горад ільномайстроў з яго інтэрактыўнымі пляцоўкамі і майстар-класамі. Рамеснікі дэманстравалі гатовыя вырабы і аксесуары з лёну і прапаноўвалі ўсім жадаючым зрабіць сувенір сваімі рукамі. Наведвальнікі імпрэзы атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у стварэнні «льняной каруселі» — кампазіцыі з рушнікоў, вышытых традыцыйнымі кармянскімі ўзорамі.

— Лета гэтага года паказала, як можа быць горача, а выглядаць хочацца добра. І вось лён дазваляе вам выглядаць шыкоўна і пры гэтым не адчуваць на сабе адзення. Лён — гэта экалагічна, гэта лёгка, гэта эстэтычна. І наогул, гэта наш родны матэрыял — сімвал нашай роднай краіны, — натхняе на фестывалі ўпусціць лён не толькі ў сваё штодзённае жыццё, але і ў сэрцы майстрыха Вольга Ачарэтная.

Штогод на фестывалі не стамляецца зараджаць любоўю да льну і вядомая на Кармяншчыне майстрыха Таццяна Суглоб. Яе вобраз у народным строі — даніна павагі да роднага краю і яго традыцый.

— Вы самі ўбачце: ідзяце вы па выстаўцы — адразу ў вочы кідаюцца нашы рушнікі? Дзе б мы ні былі, заўсёды яны прыцягваюць увагу, людзі падыходзяць. Хтосьці цікавіцца — маўляў, прыгожа, а хтосьці купляе. На падарунак. Калі едзеце за мяжу, гэта наогул шыкоўны падарунак. Ручная работа. Маляўніча, прыгожа, ярка, — дзеліцца майстрыха.

Акрамя атмасфернай ільняной эстэтыкі, фестываль у чарговы раз здзіўляў гастранамічнай разнастайнасцю. На падворках «Ільняной карчмы» можна было пакаштаваць і купіць стравы на самыя розныя густы. Забаўляльную праграму забяспечылі інтэрактыўныя пляцоўкі са спартыўнымі гульнямі і беларускімі народнымі забавамі. Творчыя выступленні калектываў раёна, вобласці і гасцей фестываль аб'яднаў агульнай «ільняной» тэмай — народнымі песнямі і матывамі аб гэтай культуры і майстрах яе апрацоўкі.

У планах арганізатараў наступную «Ільняную карусель» на Кармяншчыне зрабіць ужо міжнародным фэстам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Лён — гэта роднае, наша...

Тэгі:
  • Андрэй Турук [4]
  • Карма [5]
  • лён [6]
  • свята [7]
Падзяліцца:
Нашы партнёры:
Publishing House Star
Падпіска
© 1998—2022 Усе правы належаць рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Пры выкарыстанні публікацый сайта актыўная гіперспасылка на крыніцу і аўтара абавязкова.
  • Газета "Звязда"
  • Рэклама
  • Праекты
  • Архіў
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • У свеце
  • Культура
  • Калейдаскоп
  • Спорт
  • Нашы выданні
  • Кнігі
Яндекс.Метрика (function(m,e,t,r,i,k,a){m[i]=m[i]||function(){(m[i].a=m[i].a||[]).push(arguments)}; m[i].l=1*new Date();k=e.createElement(t),a=e.getElementsByTagName(t)[0],k.async=1,k.src=r,a.parentNode.insertBefore(k,a)}) (window, document, "script", "https://mc.yandex.ru/metrika/tag.js", "ym"); ym(37842935, "init", { clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true });
Создание информационного сайта Создание сайта webxayc.by
Обслуживание в
weba.

Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-turuk
[5] https://zviazda.by/be/tags/karma
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyon
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyata