Цяпер і ў сельскай мясцовасці чалавек з касой — вялікая рэдкасць. А каб косы сапраўды звінелі, кладучы траву ў роўны пракос, як напісана ў класіка, — гэта ўжо зусім экзотыка.Такое хіба ў старых фільмах убачыш. Цяпер траву косіць тэхніка, а на прыватных сядзібах гудуць-трашчаць трымеры. Дык вось, фестываль «Спораўскія сенакосы» дае хоць раз на год магчымасць убачыць сапраўдную дзедаўскую касьбу.
Паўтара дзясятка гадоў таму фестываль быў задуманы як спроба прыцягнуць увагу да праблемы захаванасці беларускіх балот, адной з галоўных крыніц кіслароду. Раней балоты пачувалі сябе добра, бо людзі іх штогод абкошвалі. А як пакінулі гэтую справу, балоты пачалі зарастаць, хварэць, сталі знікаць іх традыцыйныя насельнікі — птушкі і жывёліны. Вунь і маленькая вяртлявая чаротаўка, паводле сцвярджэння спецыялістаў, на мяжы знікнення. Пра гэта на фестывалі зноў нагадаў дырэктар рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» Вадзім ПРАТАСЕВІЧ. На тэрыторыі заказніка побач з вёскай Высокае ў чатырнаццаты раз прайшоў фэст і чэмпіянат па ручным абкошванні балота.
Да гэтага спаборніцтва яго ўдзельнікі рыхтаваліся цэлы год. Выбраць найлепшых суддзям аказалася не так і проста. Дваццаць камандаў-удзельнікаў у выніку лёсавання атрымалі пракос, які складаў 100 метраў у даўжыню і паўтара метра ў шырыню. Вышыня пакосу павінна была скласці не больш за 7,5 сантыметра. Ацэньвалася хуткасць. Пры любых парушэннях налічваліся штрафныя секунды. Правілы вядомыя, шмат разоў апрабаваныя. Касцы іх ведалі і не падвялі.
У камандным спаборніцтве перамогу атрымалі Аляксандр Іваноў і Валерый Гайко з заказніка «Выганашчанскае». Георгій Равенька і Іван Равенька з ААТ «Спорава» занялі другое месца. Трэцімі сталі «Какорыцкія асілкі» — браты Аляксандр і Андрэй Шыкулы. У асабістым першынстве перамогу заваяваў Віктар Здановіч.
Быў, вядома, і любімы гледачамі футбол на балоце. Усе дзесяць камандаў удзельнікаў былі адзначаны граматамі і каштоўнымі прызамі. Арганізатары зрабілі ўсё, каб удзельнікі і госці фестывалю пабывалі на свяце і засталіся задаволеныя. Тут разгарнулі разнастайныя гандлёвыя палаткі, праходзілі выстаўкі, гучалі песні і музыка. Ахвотныя маглі паўдзельнічаць, напрыклад, у рабоце станцыі кальцавання птушак, і нават палятаць на дэльтаплане.
А ўжо што наконт касьбы — тут можна было і палюбавацца, і павучыцца. На пакосы выйшлі нават жаночыя дуэты, а таксама асобныя дзяўчаты ды жанчыны. Адзін з такіх дуэтаў, дарэчы, удзельнічаў у спаборніцтве. І хай сабе пакуль жанчыны не ўзялі прызавых месцаў, але заахвочвальныя прызы і падарункі яны атрымалі.
Гэтым разам узяліся за косы і ганаровыя госці аграэкафестывалю. У іх ліку старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. Губернатар прайшоў добры пракос разам з удзельнікамі, а затым падзяліўся ўражаннямі, якія назваў пазітывам ад спрадвечнай вясковай работы. А яшчэ расказаў, што паходзіць з сялянскай сям'і, што касіць у старэйшых класах яго навучыў бацька. Кіраўнік вобласці яшчэ раз нагадаў прысутным пра галоўную задачу фестывалю, яго асветніцкі напрамак. Паводле яго слоў, фестываль патрэбны для таго, каб захоўваць нізінныя балоты з іх разнастайнай экасістэмай, а яшчэ каб нагадваць цяперашняму пакаленню, якая нялёгкая заўсёды была сялянская праца, каб людзей, што працуюць на зямлі, усе астатнія паважалі і цанілі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/agraekafestyval
[4] https://zviazda.by/be/tags/sporauskiya-senakosy-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/byarozauski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/kascy
[7] https://zviazda.by/be/tags/vadzim-pratasevich
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-shuleyka