Творчасць у жыцці маёй гераіні была заўсёды. Займалася і вышываннем, і маляваннем, нейкі час нарошчвала пазногці і вейкі прыгажуням, рабіла букеты з цукерак. Усё гэта сумяшчала з працай медрэгістратара ў судмедэкспертызе. А калі пайшла ў другі дэкрэт, у інтэрнэце трапіла на ляльку, якая вельмі зацікавіла. «Самаробная, з тканіны. Я ведала, што гэтак змагу. Паспрабавала — атрымалася». З таго часу вось ужо дзесяць гадоў майстрыца-лялечніца Ірына Сазановіч стварае сваіх казачных прыгажунь.
Шыць яна ўмела з дзяцінства, гэтаму навучыла бабуля Ніна, у якой была швейная машынка. Удзячна рукадзельніца і сваёй школьнай настаўніцы працоўнага навучання Вераніцы Іосіфаўне, якая дала пэўны вопыт па швейнай справе. Пасля першай спробы стварэння лялькі адразу з'явіліся кліенты. «Спачатку, — расказвае лялечніца, — кліенткай была сяброўка. З самаацэнкай у мяне ўсё добра (смяецца), таму вырашыла: навошта шыць «у шуфляду». Адну, другую, трэцюю сшыла, па ўсёй кватэры такую колькасць не рассадзіш! Хочацца, каб і людзі бачылі, ацэньвалі».
У хуткім часе лялькі Ірыны Сазановіч з'явіліся на першай аўтарскай выставе. Адтуль адна лялька паляцела ў Парыж. Жанчыне гэта асабліва запомнілася, бо набываў цацку мужчына для сваёй каханай. Напачатку ўмеліца вырабляла ўсё па класічнай схеме, выкрайкі пазычала ў інтэрнэце. А пасля пачала выкарыстоўваць уласныя нарыхтоўкі. «Мне хацелася дадаць нешта сваё: каб лялькі рухаліся, каб гэта была мая ўласная выкрайка, аўтарская», — дзеліцца Ірына.
Хутка майстрыцу ўжо добра ведалі ў Беларусі, а тэкстыльныя лялькі пазнавалі па аўтарскім «почырку» — вялікіх вачах. Да гэтага часу Ірына зразумела, што стамілася ад аднастайнасці. На той момант яна аб'ездзіла ўжо вялікую колькасць выстаў, з аўтарскімі прэзентацыямі неаднаразова пабывала за мяжой — на Мальце, у Францыі, Італіі, Расіі, Чарнагорыі... Вырашыла паспрабаваць іншы матэрыял — самазацвердзявальную гліну. Тады ёй здавалася, што гэта вельмі складана. Таму вырашыла спачатку паспрабаваць стварыць свае работы з палімернай запякальнай гліны. Былі і маленькія зайчыкі, і звяркі розныя, а пасля перайшла да лялькі. Паступова знайшла для сябе два матэрыялы, з якімі працуе і цяпер: японскі La doll і бельгійскі Darwі Classіc.
У працэсе работы прыходзіцца цікавіцца многім, звяртацца да інтэрнэту, дзе можна знайсці нават кніжку па анатоміі, каб навучыцца адчуваць правільныя прапорцыі чалавечага цела і г. д. Ірына тлумачыць, што лялькі не павінны паўтараць правільныя прапорцыі чалавека. «Гэта ж фантазія мастака-аўтара! А калі ляпіць ляльку па чалавечых прапорцыях, яна будзе выглядаць недарэчна. Але калі ты хочаш зрабіць чалавекападобную, тады, вядома, стараешся адпавядаць гэтым правілам», — тлумачыць аўтар.
За дзесяцігадовы творчы лёс заказчыкамі Ірыны былі і славутыя спартсмены, напрыклад, Ала Цупер, Любоў Чаркашына, Марына Ганчарова, і вядомыя беларускія і расійскія артысты і тэлевядучыя Іскуі Абалян, Алеся Ярмоленка, Ірына Ханунік-Рамбальская, Эвеліна Блёданс... Адна лялька-марыянетка была адпраўлена ў падарунак для дочкі Філіпа Кіркорава Алы-Вікторыі. Гэта была лялька з калекцыі «Стары цырк», якую Ірына стварала для Парыжскага лялечнага салона Doll Rendez-Vous іn Parіs Chow. «Там былі чатыры лялькі: адна паляцела на Мальту, другая — у Вялікабрытанію, трэцяя — да Кіркорава, а чацвёртая засталася ў Парыжы. Зразумела, гэта заўсёды цікава, бо ты не ведаеш, куды цябе прывядзе твая творчасць і з якімі людзьмі пазнаёміць», — гаворыць майстрыца.
«Усе лялькі існуюць у адзіным экзэмпляры, — Ірына распавядае і адначасова дэманструе матэрыял, з якога будзе вылеплівацца будучая прыгажуня. — Лепіш, выгладжваеш, пасля ён высыхае... Усё з нуля. Гэта не фарфоравая адліўка. — Матэрыялу такога ў Беларусі няма — прыходзіцца замаўляць. Вочкі шкляныя, гэта з Японіі, валасы я набываю ў Расіі, там шмат, так бы мовіць, неабходных «кос», бо для лялечных валасоў я выкарыстоўваю шэрсць горнай казы. Матэрыял для лепкі — Бельгія, Японія, пастэль (фарба) — таксама Бельгія, то-бок, усё імпартнае, у Беларусі нічога гэтага не вырабляецца».
У сярэднім на выраб адной прыгажуні ідзе месяц. Аднак, па словах Ірыны, гэта гледзячы якая лялька. Над апошняй, «Фенікс», рупліўца працавала два месяцы. Але гэта не значыць, што яна з раніцы да ночы без выхадных сядзіць над лялькамі. «У мяне ёсць сям'я, я займаюся хатняй гаспадаркай, ваджу дзяцей на заняткі, таму працую, адцягваючы ўвагу на іншыя пытанні», — расказала рамесніца.
Ірына робіць нарыхтоўкі загадзя. Пакуль высыхае адна дэталь, стварае наступную — ручкі, ножкі, галоўку... Падрыхтаваныя часткі паскараюць працэс работы над цацкай. Жанчына паказвае матэрыял — мяккі і падатлівы. Ён можа і сам застыць, але, каб сэканоміць час, Ірына выкарыстоўвае стары хатні аэрагрыль.
"А калі раптам нешта не спадабалася ў ляльцы — што рабіць?" — пытаюся ў майстрыцы. Аказваецца, гэта не праблема. Матэрыял тым і шыкоўны, што назаўтра лішак можна зрэзаць і перарабіць неабходнае.
Валасы будучай прыгажуні, як ужо гаварылася, вырабляюцца з шэрсці горнай казы — гэта павінна быць пародзістая жывёла. Жанчына працягвае мне некалькі казіных шкурак з доўгай шэрсцю. Мяккая і сапраўды вельмі падобная да чалавечых валасоў. Ляльчына прычоска трымаецца на клеі — спачатку вычэсваецца, а пасля акуратна, па праборы прымацоўваецца пасмачка да пасмачкі. Фарбуецца ў неабходнае адценне звычайнай фарбай для валасоў. Вядома, гэтыя матэрыялы нятанныя. Таму, гаворыць аўтар, у пакупнікоў не ўзнікае пытання, чаму яе лялькі так дорага каштуюць.
Пяць гадоў таму, калі яна ўпершыню была запрошана ў Парыж на выставу Міжнароднага лялечнага салона Doll Rendez-Vous іn Parіs Chow і з'яўлялася там адзінай прадстаўніцай ад нашай краіны, зразумела: калі Сусвет табе нешта пасылае, гэта не проста так. «Памятаю, гэта было хвалююча, да таго ж у Еўропе панаваў вірус Эбола. Аднак я падцягнула сваю французскую і мы разам з мужам паляцелі ў Парыж. Атрымалася нават рамантычная вандроўка. Мора эмоцый, усё цудоўна. Праз год я вазіла яшчэ і сукенкі для дзяцей, у мяне была калекцыя — і лялькі, і сукенкі, аднолькавае адзенне ў лялек і такое ж — у дзетак-мадэляў», — дзеліцца ўспамінамі Ірына.
Увогуле, яна дамасед, лепш за ўсё адчувае сябе ў коле сям'і, а сапраўдную асалоду прыносіць цішыня. Цяпер Ірына свядома адмаўляецца ад удзелу ў кірмашах і мясцовых выставах — проста не бачыць у гэтым сэнсу. Арганізацыя падобных мерапрыемстваў, на жаль, не апраўдвае чаканняў, кірмашы — абсалютна не тое месца для калекцыйных лялек. Замест крамы ў рамесніцы ёсць старонкі ў сацыяльных сетках — Facebook і Іnstagram, дзе можна паглядзець на працэс стварэння ці забраніраваць упадабаную ляльку. На выставах у замежжы Ірына Сазановіч стараецца заўсёды выстаўляць сваю першую работу — гэта своеасаблівы наказ іншым майстрам, каб людзі бачылі, з чаго ўсё пачалося.
Цікава, а ці шкада аўтару развітвацца са сваімі лялькамі? «Не шкада. У мяне была лялька «Каламбіна» з калекцыі «Стары цырк», якая прасядзела год на камодзе. Я стварала яе для сябе. Аднак ёй пачалі цікавіцца. Думаю, калі людзі так актыўна хочуць яе забраць, навошта адмаўляць. Цяпер «Каламбіна» жыве ў Барысаве, — адзначае рамесніца.
Нягледзячы на тое, што Ірыніны лялькі не такія крохкія, як тыя, што зроблены з фарфору, маленькім дзецям іх лепш не даваць. Затое вырабы могуць цудоўна ўпрыгожыць любы інтэр'ер — майстар падбярэ для лялькі нават сукенку ў тон з колерам будучага пакоя.
Ірына ўдзячна мужу за яго цярплівасць, за тое, што падтрымаў яе лялечнае захапленне ў самым пачатку, ён жа быў і з'яўляецца першым крытыкам: «Ведаю, што муж ганарыцца мной. Дзякуй за яго падтрымку, што трывае гэта ўсё» (смяецца). Увогуле, сям'я для маёй суразмоўніцы — асноўная крыніца натхнення. Яна лічыць: калі ёсць лад у сям'і, тады і ў душы, і ў творчасці ўсё будзе добра. Сваіх дачок 13-гадовую Арышу і 10-гадовую Паліну яна не прымушае да рукадзелля. Мяркуе, што творчасць павінна ісці ад душы. «Паліна малюе і спявае, старэйшая Арыша сама нешта шукае, спрабуе. Калі я толькі пачала займацца ляпнымі лялькамі, навучыла Арыну рабіць кіта, ёй падабаецца. Ужо стварыла для адной сям'і кітоў-маму, тату і дзетак», — усміхаецца майстар.
У мастачкі — вялікая колькасць дыпломаў, і кожная ўзнагарода для яе важная. Яна лічыць, што чалавеку гэта даецца не проста так. «Значыць, — гаворыць лялечніца, — хтосьці збоку рэальна ўбачыў мае старанні, творчасць, мой унёсак у гэтую справу і ацаніў». Адна з самых запамінальных узнагарод для майстрыцы была ўручана ў Італіі падчас прэзентацыі калекцыі «Аліса». Тое, што італьянцы, сапраўдныя знаўцы моды і прыгажосці, прызналі майстэрства невядомага тады аўтара з Беларусі, для Ірыны вельмі каштоўна.
«У нас шмат таленавітых майстроў, і радуе, што людзі не баяцца праяўляць сябе, што ім гэта падабаецца, — гаворыць Ірына. — Я таксама працую ў сваё задавальненне. Хачу жыць у пазітыве і радасці, побач з «маімі» людзьмі. Вельмі рада, што сябе ў гэтым знайшла. Калі б шмат гадоў таму мне хтосьці сказаў, што я буду шыць лялек, пакруціла б пальцам ля скроні. А цяпер разумею, што гэта вельмі крута».
P. S. Асобны дзякуй Ірыне за гасціннасць, за смачную каву і за тое, што дазволіла пабываць у яе ўтульным доме і спрычыніцца да цуду стварэння казачнай лялькі!
Надзея ЗУЕВА
Фота з архіва гераіні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-zueva
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sazanovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyalki
[5] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc