20 жніўня прыёмная кампанія ў нашай краіне выйшла на фініш. У гэты дзень завяршыўся прыём дакументаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Але некаторыя прафтэхустановы, дзе не ўсе месцы пакуль запоўніліся, працягнуць набор да 15 верасня. Таму ў выпускнікоў школ, якія не паступілі на больш высокую ступень навучання, яшчэ ёсць шанц не губляць цэлы год, а атрымаць карысную ў жыцці рабочую прафесію. Інфармацыю аб вакансіях трэба шукаць на сайтах прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Пра гэта паведаміла журналістам начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА.
Спецыяліст міністэрства канстатавала, што інтарэс з боку моладзі да прафесійна- тэхнічнай адукацыі расце, і ёсць спецыяльнасці, дзе нават складваецца конкурс атэстатаў.
— Цікава, што ў розных рэгіёнах у абітурыентаў карыстаюцца папулярнасцю розныя спецыяльнасці, што звязана з асаблівасцямі рынку працы ў рэгіёнах, — заўважыла Аляксандра Пятрова. — Напрыклад, у Віцебскай вобласці папулярнымі ў моладзі з’яўляюцца прафесіі «слесар па рамонце аўтамабіляў», «электразваршчык ручной зваркі», «аператар тэхналагічных установак». У Гомельскай вобласці (а гэта прамысловы рэгіён) — «станочнік шырокага профілю». У Гродзенскай — «аператар сувязі», «агент па абслугоўванні аўтамабільных перавозак». У Брэсцкай — «цырульнік» і «трактарыст- машыніст сельгасвытворчасці». У Мінску — «памочнік машыніста цеплавоза», «памочнік машыніста электравоза» , «кухар», «кандытар». Лагічна, што ў сталіцы лідзіруюць прафесіі сферы паслуг.
18 жніўня завяршылася прыёмная кампанія ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Усяго на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прынятыя больш за 36 тысяч чалавек: з іх за кошт сродкаў бюджэту — 24,5 тысячы абітурыентаў. На ўзроўні базавай школы — 13 210 абітурыентаў на бюджэтныя месцы, на ўзроўні 11 класаў — 11 338 чалавек.
Традыцыйна высокі конкурс складваецца на спецыяльнасцях ІT-профілю, профілях «медыцына» і «мастацтва». «Радуе, што апошнім часам пачынаюць расці прахадныя балы на спецыяльнасцях па профілі «Тэхніка і тэхналогіі», такіх як «Аўтасэрвіс» і «Тэхнічная эксплуатацыя транспартных сродкаў», — падкрэсліла Аляксандра Пятрова. — Мы шмат гадоў працуем над абнаўленнем зместу адукацыйных праграм. Прыцягваем нашых сацыяльных партнёраў — вядучыя прадпрыемствы краіны, абсталоўваем рэсурсныя цэнтры, якіх у краіне зараз 51. Яны аснашчаны найноўшым абсталяваннем і арыентаваны на апераджальную падрыхтоўку кадраў, каб забяспечыць спецыялістамі, якія ўмеюць працаваць з інавацыйнымі тэхналогіямі, вытворчасці, якія зараз мадэрнізуюцца.
Трэці год вёўся набор на спецыяльнасць «Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання». Дзякуючы шырокай прафарыентацыйнай рабоце абітурыенты ўжо ведаюць, што гэта за спецыяльнасць. І ў моладзі фарміруецца новы вобраз спецыяліста, які працуе на вытворчасці. З радасцю канстатуем, што ў абітурыентаў абуджаецца цікавасць і да машынабудаўнічага профілю. Прахадныя балы пры паступленні павышаюцца. Сумесная праца з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў дае свой плён.
У вышэйшыя навучальныя ўстановы на ўсе формы атрымання адукацыі залічана больш як 48 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — каля 26,5 тысячы.
— У гэтым годзе практычна траціна ВНУ альбо аднавілі прыём па спецыяльнасцях, альбо адкрылі новыя, — паведаміла кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма ГЕРЛОЎСКАЯ. — І яны былі запатрабаваныя ў абітурыентаў.
Высокія конкурсы склаліся па тых жа спецыяльнасцях, што і ў папярэднія гады. Так, на спецыяльнасці «Стаматалогія» ў БДМУ прахадны бал быў 387, «Фармацыя» — 365. На спецыяльнасці «Дызайн» у Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы конкурс складаў больш як 8 чалавек на месца, у БДУ па гэтай жа спецыяльнасці — больш як 9 чалавек. Абітурыентаў па-ранейшаму цікавілі эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці. У лідарах традыцыйна і спецыяльнасці ІТ-сферы.
Нядрэнная сітуацыя склалася і на педагагічных спецыяльнасцях, куды ў апошнія гады актыўна паступаюць выпускнікі профільных педагагічных класаў. Напрыклад, сярэдні конкурс у БДПУ на бюджэтныя месцы — 2,1 чалавека на дзённым аддзяленні і 2,2 — на завочным.
Найбольш высокі конкурс назіраўся ў галоўным педагагічным універсітэце краіны на наступных спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі: «Псіхалогія» — 5,6 чалавека на месца, «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)» — 4,0.
На трох спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі («Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова») усе бюджэтныя месцы запоўніліся выпускнікамі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, медалістамі і ўладальнікамі дыпломаў з адзнакай, якія паступаюць без здачы ЦТ.
На пяці спецыяльнасцях прахадныя балы былі 300 і вышэй — "Псіхалогія (336), «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка (329), «Практычная псіхалогія» (324), «Лагапедыя» (315), «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» (304).
Рост прахадных балаў быў адзначаны ў БДПУ на 13 спецыяльнасцях дзённай і 6 спецыяльнасцях завочнай форм атрымання адукацыі.
Істотна палепшыўся і якасны склад абітурыентаў. У 2021 годзе ў БДПУ падалі дакументы 209 выпускнікоў педкласаў (у 2020 годзе — 197), 83 медалісты (у 2020 годзе — 51) і 133 ўладальнікі дыплома з адзнакай (у 2020 годзе — 120).
Таксама на працягу трох апошніх гадоў адзначаецца рост колькасці юнакоў, якія паступілі ў БДПУ. Сёлета на факультэце фізічнага выхавання 60 % першакурснікаў складаюць юнакі, на гістарычным факультэце — 56 %, а на фізіка-матэматычным — 33 %.
— Абітурыенты з педагагічных класаў досыць матываваныя, — падзялілася сваім меркаваннем загадчыца кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына КАРЛЮКОВА. — Наш універсітэт вылучаецца сваёй шматпрофільнасцю. Гэта класічная вялікая ВНУ з 15 факультэтамі. Адпаведна, мы набіраем абітурыентаў на 54 спецыяльнасці. Бюджэтны набор мы выканалі своечасова. Варта адзначыць, што шэсць факультэтаў у нас рыхтуюць па педагагічных спецыяльнасцях. Нас моцна парадавала, што там набор выкананы цалкам. Прычым члены прыёмнай камісіі адзначаюць, што абітурыенты з педагагічных класаў, якія паступаюць да нас, матываваныя. Партфоліа, якія яны падавалі ў прыёмную камісію, вартыя таго, каб абагульняць гэты вопыт. І мы спадзяёмся, што ў будучыні яны змогуць захапіць сваімі прадметамі школьнікаў.
Разам з тым у вышэйшых навучальных установах краіны ў гэтым годзе запоўніліся не ўсе бюджэтныя месцы, таму быў абвешчаны дадатковы набор на шэраг сельскагаспадарчых, тэхнічных і тэхналагічных спецыяльнасцеяў. Але і пасля гэтага 490 месцаў усё роўна так і засталіся незапатрабаваныя. Хоць на некаторых спецыяльнасцях балы ў абітурыентаў падчас дадатковага набору аказаліся нават вышэйшыя, чым падчас асноўнага набору. А на спецыяльнасць «Фізіка. інфарматыка» ў БДПУ ў рамках дадатковага набору паступіў адзін медаліст.
Што датычыцца выпускнікоў профільных аграрных класаў, а ў гэтым годзе адбыўся ўжо другі выпуск, то сельскагаспадарчыя спецыяльнасці выбраў з іх кожны трэці.
Як паведаміла Рэма Герлоўская, у гэтым годзе так званая «сляпая зона», калі заканчваецца інфармаванне абітурыентаў пра колькасць пададзеных заяў, звузілася з трох да адной гадзіны. Апошняе абнаўленне інфармацыі адбылося ў 17.00 — за гадзіну да закрыцця прыёмных камісій. Гэта крыху зменшыла ажыятаж, але на востразапатрабаваных у абітурыентаў спецыяльнасцях усё роўна напружанне захоўваецца літаральна да апошняй хвіліны — да закрыцця прыёмных камісій. Усе спрабуюць падлічыць свае шанцы паступіць на бюджэт. Дарэчы, у БНТУ ў сярэднім за кожны дзень прыёмнай кампаніі падавалася 500 заяў, выключэннем стаў апошні дзень, калі было пададзена адразу 1000 заяў. Але тут такі ажыятаж стаў ужо традыцыйным, бо аднолькавы набор сертыфікатаў можна падаць на мноства тэхнічных спецыяльнасцяў.
«Калі лакмусавай паперкай лічыць звароты, што паступілі на гарачую лінію Міністэрства адукацыі, то ў гэтым годзе скаргаў на недахоп інфармавання да нас не паступала, — канстатавала Рэма Герлоўская».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-pyatrova