Сёння ў беларускім знешнепалітычным ведамстве адбылася цырымонія адкрыцця Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая ў 2021-2022 гадах. Афіцыйнымі дыпламатычнымі нотамі абмяняліся намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн, перадае [2] БелТА.
У цырымоніі таксама прыняла ўдзел намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна. Абмен нотамі міністэрстваў замежных спраў сведчыць аб афіцыйным пачатку Года рэгіёнаў і ўступленні ў дзеянне плана мерапрыемстваў па яго рэалізацыі. Акрамя таго, прадугледжана магчымае прадаўжэнне Года рэгіёнаў на 2023 год.
Развіваць супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусь і Кітай не пачынаюць з нуля. Узаемадзейнічаць у такім фармаце ўжо стала традыцыяй. Кожная з шасці беларускіх абласцей і Мінск ўстанавілі пабрацімскія сувязі з дзвюма і больш правінцыямі Кітая. Паміж гарадамі дзвюх краін падпісана каля 20 пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Беларусь замацавалася не толькі ў Пекіне, дзе працуе пасольства рэспублікі. Таксама адкрыты генеральныя консульствы ў Гуанчжоу, Чунцыне і Шанхаі. У бліжэйшы час з’явіцца генконсульства ў Ганконгу.
«Па маім глыбокім перакананні, менавіта рэгіянальнае супрацоўніцтва стварае аснову рознабаковага шматузроўневага супрацоўніцтва паміж краінамі, асабліва з Кітаем. Гэта датычыцца і гандлёва-эканамічных сувязей — перш за ўсё, і навукова-тэхнічных, і сацыяльна-гуманітарных, і, самае галоўнае, чалавечых кантактаў. Адметнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва ў тым, што яно збліжае народы», — адзначыў Мікалай Барысевіч.
Дамоўленасць аб правядзенні сумеснага Года рэгіёнаў была дасягнута ў студзені ў час тэлефоннай размовы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. «У мэтах развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прапанавана аб’явіць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая», — паведамляла па выніках размовы прэс-служба беларускага лідара.
Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая з’яўляецца трэцім тэматычным годам паміж краінамі. У 2018 годзе прайшоў Год турызму, у 2019-м — Год адукацыі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://blr.belta.by/society/view/belarus-i-kitaj-adkryli-sumesny-god-regienau-103296-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/nikalay-barysevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/se-syaayun
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-regiyonau