У 2016 годзе Нацыянальнае агенцтва па турызме выпусціла брашуру «100 рэчаў, якія патрэбна зрабіць у Беларусі». «Звязда» вырашыла кінуць сабе выклік і выканаць як мага больш пунктаў з гэтага спісу. І расказаць чытачам, што з гэтага атрымалася.
У спісе рэчаў, якія неабходна зрабіць у Беларусі, пад пунктам 38 значыцца — «з’ехаць з ажыўленай трасы і пракласці маршрут праз некалькі беларускіх вёсак, каб пазнаць сапраўдную Беларусь». Такая вёска, у якую варта заехаць, знаходзіцца за 36 кіламетраў ад Баранавіч — гэта Моўчадзь, адна са шматлікіх частак «сапраўднай Беларусі». Завочную экскурсію па Моўчадзі для чытачоў «Звязды» правёў баранавіцкі гісторык Васіль Дубейка.
«Нягледзячы на тое, што сама Беларусь, на першы погляд, мае нейкі адзіны лёс з аднымі і тымі ж падзеямі, у кожнага паселішча, нават самага маленькага, ёсць свая гісторыя. Яно адрозніваецца ландшафтам, людзьмі, кожны чалавек — гэта асобная гісторыя. І з лёсу кожнага чалавека складваецца гісторыя паселішча. І Моўчадзь — адметнае месца», — адзначае Васіль Дубейка.
Летапісная гісторыя населеных пунктаў Баранавіччыны пачынаецца з канца XІV — пачатку XV-га стагоддзя. Акцэнт — на слова «летапісная». Васіль Міхайлавіч тлумачыць, што XІV-е стагоддзе гісторыкі лічаць непісьменным. Захавалася вельмі мала дакументаў, якія б давалі магчымасць праліць святло на гісторыю Беларусі, асабліва на гісторыю асобных паселішчаў. Са школьнага курса гісторыі вядома, што датай заснавання паселішча лічыцца яго першае згадванне ў гістарычных крыніцах. Хоць, зразумела, што людзі на гэтых тэрыторыях жылі і раней. Моўчадзь — не выключэнне.
«На сумежжы Наваградскага і Слонімскага паветаў (цяперашняя тэрыторыя Баранавіцкага раёна) у канцы XІV — пачатку XV стагоддзяў згадваецца пяць-шэсць паселішчаў, якія сёння можна лакалізаваць. Сярод іх і Моўчадзь, таму можна сказаць, што гэта самае старажытнае паселішча на тэрыторыі Баранавіцкага раёна», — падкрэслівае Васіль Дубейка.
Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў той час Моўчадзь была буйным населеным пунктам, цэнтрам вялікакняжацкай воласці, даходы ад якой атрымлівалі вялікія князі. А яны ў сваіх валасцях актыўна ўзмацнялі пазіцыі каталіцтва. Менавіта гэтым планам адпавядала будаўніцтва касцёла Святой Тройцы ў Моўчадзі, першага храма лацінскага абраду на тэрыторыі Баранавіцкага раёна.
«1 жніўня 1422 г. моўчадскі стараста выдае фундуш на забеспячэнне дзейнасці касцёла Святой Тройцы, Святых апосталаў Пятра і Паўла і Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Запісам надавалася нейкая маёмасць касцельным служкам. Менавіта 1 жніўня 1422 г. — першая дакладная дата, якая дае нам права казаць, што Моўчадзь заснаваная ў 1422 годзе», — звяртае ўвагу Васіль Дубейка. Так, у наступным годзе Моўчадзь адзначыць сваё афіцыйнае 600-годдзе.
Здавалася б, дата заснавання вядомая. Але гісторыя з характэрнай для яе іроніяй зрабіла Моўчадзь яшчэ больш адметным мястэчкам, даўшы вёсцы некалькі «дзён нараджэння». «Ёсць вельмі важны гістарычны дакумент — „Літоўскі дарожнік“, складзены ў Тэўтонскім Ордэне, які з’яўляецца найкаштоўнейшай крыніцай па гістарычнай геаграфіі. Ордэн часта ваяваў з Вялікім Княствам Літоўскім і жадаў дакладна ведаць абстаноўку на тэрыторыі суседскай дзяржавы. Ён меў тут сваю агентуру, якая даносіла пра дарогі, паселішчы ВКЛ. І ў адным са 100 маршрутаў па Жамойці і Літве тэўтонскі агент згадвае пераправу праз раку Моўчадзь. А ў той час паселішчы ўзнікалі пераважна на берагах рэк. Гэты дакумент быў складзены ў 1401–1404 гадах, і я думаю, што паселішча каля гэтай пераправы ўжо існавала», — расказвае гісторык. Магчыма, што Моўчадзі варта адзначаць свой 620-гадовы юбілей у 2021 годзе. Але, як вядома, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу.
Цікава, што дарога, якую згадваюць тэўтонцы, існавала стагоддзямі. «У 1501-м гэтай дарогай з пасольствам у Маскву ехаў дыпламат Свяшчэннай Рымскай Імперыі Зігмунд Гербенштэйн. У сваіх успамінах ён пісаў пра Молчар, адзначаючы, што гэта драўляны горад, якія звычайна будуюць у Літве. Такім чынам, і інфармацыя ў „Літоўскім падарожніку“, і ўспаміны еўрапейскага дыпламата гавораць нам, што гэта вельмі старажытнае і вельмі значнае паселішча», — упэўнены Васіль Міхайлавіч.
На жаль, моўчадскі касцёл не захаваўся. Пасля Вялікай Айчыннай вайны савецкія ўлады ператварылі яго ў клуб, а затым і ўвогуле разабралі. Старажылы ведаюць толькі месца, дзе стаяла святыня: акурат за праваслаўнай царквой святых апосталаў Пятра і Паўла, гісторыя якой вядзецца з XVІ стагоддзя. Магчыма, калі б касцёл выстаяў перад выклікамі часу, Моўчадзь сёння была б цікавая яшчэ і з пункту гледжання рэлігійнага турызму. Доўгі час тутэйшыя праваслаўныя і каталікі жылі ў згодзе, карысталіся агульнымі могілкамі. Але ў 1838 годзе каталікам загадалі знайсці іншае месца для пахавання сваіх блізкіх і забаранілі правіць службу па нябожчыках у капліцы на старых могілках. А ў той капліцы знаходзілася скульптура каталіцкага святога Антонія Падуанскага. Яе лічылі цудадзейнай і з малітвамі прыходзілі вернікі двух веравызнанняў. Культ святога моўчадскія хрысціяне шанавалі да пачатку ХХ стагоддзя, нават калі скульптуру замянілі на абраз Антонія Пячэрскага.
Сёння ў вёсцы ёсць каталіцкі храм, пабудаваны ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Ды, шчыра кажучы, такой цікавасці сярод турыстаў ён не выклікае, чаго нельга было б сказаць пра касцёл XV стагоддзя. (Але памятаем пра адносіны гісторыі і ўмоўнага ладу.)
Царква святых апосталаў Пятра і Паўла сёння — адна з галоўных славутасцяў Моўчадзі, якая можа прыцягваць да сябе турыстаў і вернікаў. У XVІ—XVІІ стагоддзях тут было дзве царквы — адну ў 1555 годзе заснаваў сам вялікі князь Жыгімонт Аўгуст ІІ. У 1852 годзе ў вялікім пажары царква згарэла. І набажэнствы сталі праводзіць у невялікай каплічцы на вясковых могілках. Пасля па загадзе губернскіх уладаў праваслаўным вернікам нават перадалі моўчадскі касцёл. Але з 1869 года пачалося будаўніцтва новай царквы, у якім удзельнічалі ўсе. І ў 1873 годзе ў Моўчадзі быў асвечаны новы храм і з таго часу ён ніколі не закрываўся. Сёння госці Моўчадзі могуць пазнаёміцца з унікальным абразом святога Аляксандра Неўскага 1861 года.
Лёс Моўчадзі звязаны з выдатнымі дзеячамі беларускай гісторыі. «Вядомы дакумент 1487 года, у якім вялікі князь ВКЛ Казімір выдае прывілей на атрыманне прыбыткаў з Моўчадскіх корчмаў вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Аляксандру Солтану, заснавальніку шляхецкага роду Солтанаў. Гэты род мае дачыненне да заснавання знакамітага Жыровіцкага манастыра. Згадка ў гістарычных крыніцах корчмаў або таргоў з’яўляецца доказам таго, што сяло ўжо было рэарганізавана ў буйное рамесна-аграрнае паселішча. Якраз Моўчадзь — гэта першае з вядомых мястэчак на тэрыторыі сучаснага Баранавіцкага раёна. І гэта вельмі адметна», — расказвае Васіль Дубейка.
У XVІ—XVІІ стагоддзях Моўчадзь заставалася ва ўласнасці вялікага князя. Мясцовы феадальны двор быў цэнтрам вялікай акругі са статусам староства, даходы з якога атрымлівалі прадстаўнікі найвядомейшых родаў Валовічаў і Сапегаў. У 1661 годзе за заслугі ў вайне Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай (1654–1667) староства з мястэчкам атрымаў ва ўласнасць Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі, рэлігійны, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ.
«У пачатку ХІХ стагоддзя маёнткам Моўчадзь з цэнтрам у двары Дабраполь валодае Ёсафат Булгак — апошні ўніяцкі мітрапаліт ВКЛ. Ён быў гарачы прыхільнік саюзу паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. Лічыў, што менавіта унія вядзе да сапраўднага саюзу паміж хрысціянамі розных канфесій. А калі той памёр, уніяцкая царква страціла ўплывовага абаронцу, што стала падставай для расійскіх уладаў актыўна працаваць над ліквідацыяй уніі», — паведамляе Васіль Міхайлавіч.
Мястэчка Моўчадзь заставалася буйным паселішчам да пачатку 20 стагоддзя. Лічылася значным месцам і ў 1930-я гады, калі ўваходзіла ў склад Польшчы. «Неабходна адзначаць, вылучаць такія паселішчы, каб разумець, што карані ў нас глыбокія. І гісторыя ў нас багатая. Гэта стварае падмурак, грунт, які дае права лічыць сябе народам з адметнай гісторыяй і культурай», — упэўнены Васіль Дубейка.
Юбілей Моўчадзі ў наступным годзе — адна з падстаў адзначыць гісторыю гэтай вёскі. Для таго каб сучаснасць Моўчадзі была не менш адметная, чым мінулае, плануецца пабудаваць трасу для заняткаў маўцінбайкам — гэта язда на роварах па няроўнай, гарыстай мясцовасці. Няроўны рэльеф дазваляе. Тым больш, прырода сама стварыла для гэтага ўсе ўмовы, і вялікіх, асабліва фінансавых, намаганняў для гэтага не патрабуецца, упэўнены мясцовыя актывісты.
Сёння папулярнасць набывае настальгічны турызм. Абмежаваныя пандэміяй людзі больш знаёмяцца з роднай краінай, вяртаюцца да сваіх каранёў. Моўчадзь з яе гісторыяй дакладна не згубіцца на «настальгічнай» карце Беларусі. Бо адзін з пунктаў святкавання 600-гадовага юбілею — распрацоўка турыстычных маршрутаў. Месцічы запэўніваюць, што прырода Моўчадзі — гэта адлюстраванне легендарнай беларускай прыгажосці. Але паколькі вёска знаходзіцца далёка ад раённага цэнтра, жыхароў з кожным годам становіцца ўсё менш. І гэта нягледзячы на наяўнасць інфраструктуры — школы, магазіна, бальніцы, Дома культуры.
«Моладзь заклапочаная не столькі асэнсаваннем таго, што было, колькі прадчуваннем таго, што будзе. І вельмі актуальна і сімвалічна ў Год народнага адзінства адчуваць сябе часцінкай дарагой і любімай малой радзімы», — упэўнены баранавіцкі гісторык і краязнавец Аляксандр Жук, адзін з ініцыятараў маштабнага святкавання юбілею Моўчадзі.
І нават пакуль у вёсцы няма трасы для маўцінбайку, а да афіцыйнага юбілею яшчэ год, пазнаёміцца з Моўчаддзю варта. «Адзначу адну парадаксальную і шчаслівую рэч. У нашых вёсках ужо амаль няма старажытнага вясковага каларыту. А вось у мястэчках Моўчадзь, Ішкалдзь, што побач, нейкая асаблівая атмасфера, якая паглыбляе ў стагоддзі. Мы цяпер усё руйнуем, спрабуем навесці парадак. І многае разбураецца ў гісторыі. Цэнтр Моўчадзі не зруйнаваны, у 18-19 стагоддзях ён быў забудаваны яўрэйскімі дамамі і крамамі, якія засталіся і да сёння. На вясковых вуліцах засталася шчыльная старажытная забудова, як у еўрапейскіх гарадах. У вёсцы захоўваецца каларыт старажытнага паселішча, яго планіроўка», — расказвае Васіль Дубейка. Гісторык называе Моўчадзь своеасаблівым этнаграфічным музеем пад адкрытым небам. Але ва ўсёй непаўторнасці Моўчадзь раскрыецца таму, хто ведае яе гісторыю, папярэджвае Васіль Міхайлавіч: «Вельмі добра, што людзі вандруюць па Беларусі. І Моўчадзь — тое паселішча, дзе можна ўбачыць шмат цікавага, калі, вядома, трошкі ведаць гісторыю. Калі чалавек не ведае гісторыі, ён не можа ўбачыць усяго каларыту і расшыфраваць гістарычны код. Каб адчуць сябе нашчадкам вялікай гісторыі, трэба знайсці ў сабе пэўны ключык».
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-mouchadz
[5] https://zviazda.by/be/tags/baranavicki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/gtstoryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/etnagrafiya