У пачатку новага вучэбнага года гаворым са святаром аб выхаванні дзяцей — аб задачах, якія стаяць перад бацькамі, аб заахвочванні і пакаранні, а таксама аб даверы і павазе да дзіцяці. Што думае царква аб найбольш распаўсюджаных «бацькоўскіх пытаннях», мы дазналіся ў настаяцеля храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, айца Аляксандра Пальчэўскага.
— Давайце пачнём з самага, напэўна, няпростага пытання: як правільна заахвочваць дзіця і якім павінна быць пакаранне, каб яно стала дзейсным, але не нанесла псіхалагічную траўму? Што пра гэта кажа царква?
— Гэта пытанне, хутчэй, да псіхолага. Але і ў мяне як у святара ёсць пазіцыя па гэтым пытанні, таму што яно датычыцца кожнага з бацькоў: і прыхаджан храма, дзе я служу, і мяне самога. Давайце пачнём з заахвочвання. Заахвочванні ў працэсе выхавання дзяцей неабходныя. Але часам яны ў сучасным свеце набываюць тыя формы і тую частату, якія робяць заахвочванне некарысным для дзіцяці. Гэта адбываецца, калі бацькі ператвараюць сваю працу па выхаванні дзяцей з жывога ўзаемадзеяння ў нейкія схемы, каб палегчыць яе і зняць з сябе частку адказнасці.
— Вы кажаце аб бацькоўскай практыцы плаціць свайму дзіцяці за добрыя ацэнкі або дапамогу ў дамашніх справах?
— У тым ліку. Калі казаць пра рашэнне некаторых бацькоў плаціць дзецям за добрыя ацэнкі, на мой погляд, гэтую меру можна выкарыстоўваць толькі ў самую апошнюю чаргу. Ёсць значна больш дзейсныя спосабы заахвочвання, якія залежаць ад узросту і асобы вашага дзіцяці. Тым больш што грашовае ўзнагароджанне дастаткова доўга не мае для дзіцяці той каштоўнасці, якую закладваюць у яго дарослыя: усё роўна грошы дзіця ператварае ў нейкія прадметы або забавы. Дык ці не лепш заахвоціць дзіця сваім часам і любоўю — займальна правесці разам вольны час, пагуляць ці кудысьці схадзіць? Гэта будзе значна больш карысна для ўзаемаадносін з уласнымі дзецьмі і фарміравання даверу, такога неабходнага ў кожнай сям’і. Праўда, гэта патрабуе большай разумовай працы і фізічных сіл, чым проста дастаць з кашалька купюру.
Цяпер вернемся да другой часткі пытання — аб пакаранні дзіцяці. Пра гэта сёння шмат спрачаюцца і бацькі, і спецыялісты — педагогі, псіхолагі. Многія кажуць аб тым, што караць дзіця недапушчальна ў прынцыпе. Не магу з гэтым пагадзіцца. Іншая справа, што падыход да самога паняцця павінен быць разумным. Прыгадаем рускае слова «наказание» — яно ад слоў «наказ», «настаўленне». А настаўляць, гэта значыць накіроўваць, выхоўваць, вучыць дзіця, — абавязак бацькоў. Але тут ёсць вельмі важны момант: пакаранне ні ў якім выпадку не павінна ажыццяўляцца ў стане раздражнення, злосці, унутранага напружання. Рухальнай сілай тут павінна быць бацькоўская любоў. Таму, перш чым караць дзіця, вельмі важна супакоіцца і толькі потым правесці гутарку, растлумачыць прычыны сваёй незадаволенасці і тое, як у такой сітуацыі паступіць дзіцяці было б правільна. Ці дапушчальна фізічнае пакаранне? Я сказаў бы — не. Хоць вельмі рэдка з гэтага правіла могуць быць выключэнні, калі ўчынак дзіцяці быў сапраўды небяспечны для яго. Знаёмы святар распавядаў мне, што ў дзяцінстве ён быў няўрымслівым і вельмі непаслухмяным хлопчыкам. І аднойчы ён здзейсніў крадзеж, за гэта бацька даў яму добрую аплявуху. І гэта стала для яго ўрокам на ўсё жыццё. Успамінаючы той эпізод, мой суразмоўца не адчуваў негатыўных эмоцый — злосці, крыўды. Ён прызнае, што бацька меў рацыю. І яшчэ аб пакаранні. У Свяшчэнным Пісанні гаворыцца пра першасвятара, які меў двух сыноў, што дапамагалі яму служыць у храме. Але сваё служэнне яны здзяйснялі нядбайна. І за тое, што іх бацька не праяўляў належнай строгасці і клопату аб сваіх дзецях, Гасподзь пакараў яго і дзяцей (1 Цар. 11, 2–17, 22–36). Слабахарактарнасць, абыякавасць, папушчальніцтва бацькоў прыводзяць да таго, што дзеці могуць здзяйсняць вялікія памылкі, здольныя адбіцца на ўсім іх жыцці. А гэта не даспадобы Госпаду. Але, звяртаючыся да пакарання, вельмі важна, паўтаруся, суаднесці яго з той правіннасцю, якую здзейсніў малы або падлетак.
— Як сумясціць уласнае жыццё і клопат пра дзіця? Дзе правесці мяжу?
— Кожны гэтую мяжу вызначае для сябе сам. Але чым больш мы абмяжоўваем сябе дзеля дзяцей, чым больш аддаём ім свайго часу і сіл, тым больш паўнавартасна яны развіваюцца. Аддаваць сябе дзецям — гэта правільна з пункту гледжання царквы. На гэтым прынцыпе пабудавана ўся сістэма хрысціянскай маральнасці: аддаваць нашмат больш каштоўна, чым атрымліваць. Так, у нас ёсць прафесійныя абавязкі, ёсць кар’ера і ўласныя інтарэсы. Але, напрыклад, калі казаць пра святара — як ён будзе выхоўваць паству, калі не ў стане выхаваць уласных дзяцей? У сваёй практыцы мне даводзіцца часам назіраць прыклады, калі бацькі цэлымі днямі працуюць, быццам бы клапоцячыся пра будучыню сваіх дзяцей, а ў выніку дзіця можа тыднямі знаходзіцца з няняй. Яны кажуць: цяпер такі час, трэба зарабляць грошы. Але час сыходзіць незваротна, а дзіця расце без іх. Яны паправяць матэрыяльнае становішча, а давер і любоў сваіх дзяцей страцяць.
— Ці можна ў прынцыпе кагосьці выхаваць?
— Словамі — наўрад ці. Дзіця фарміруецца з таго асяроддзя, у якім жыве. Асабісты прыклад — гэта і ёсць выхаванне і той уплыў, які мы аказваем на дзіця. Як мы можам чагосьці патрабаваць ад дзіцяці, калі самі гэтага не выконваем? Ведаю сям’ю, дзе бацькі адпраўляюць дзяцей у храм, а самі не прыходзяць. Яны лічаць, што ёсць царква, і там без іх удзелу з іх дзяцей вырасцяць добрых людзей. Але так гэта, на жаль, не працуе. Адзін пажылы святар неяк параіў маладому: калі будзеш накладваць епітым’ю на кагосьці з духоўных дзяцей, сам ты павінен двойчы выканаць тое, што будзе рабіць гэты чалавек. Той, хто дае настаўленне, сам павінен прайсці гэты шлях, і толькі тады ён мае маральнае права нешта патрабаваць ад іншага. Таму, на мой погляд, вельмі важнае пытанне ўнутранай адпаведнасці — калі бацькі завышаюць планку для свайго дзіцяці, але самі не імкнуцца дацягнуцца да яе. Асабісты прыклад — гэта той шлях, які дазваляе заваяваць бацькоўскі аўтарытэт у дзіцяці (аб дэфіцыце якога сёння прынята смуткаваць). Хочаш, каб твой сын ці дачка шмат чыталі, — чытай сам. Хочаш, каб займаліся спортам, правільна харчаваліся, вывучалі новыя дысцыпліны, — пачні з сябе. Тады і будзе натуральным чынам фарміравацца тое асяроддзе, каштоўнасці якога ўбярэ дзіця. У дачыненні далучэння дзяцей да веры часта чую меркаванне: «Вырасце — сам вырашыць, ці хадзіць яму ў царкву». Але калі ў дзяцінстве мы не падалі юнаму чалавеку прыклад, не паказалі, наколькі гэта важна для нас, дарослых — быць з Богам, наведваць храм, ён, сталеючы, не будзе адчуваць важнасць усяго гэтага.
— Ці трэба быць з дзіцем на роўных?
— Сям’я ў праваслаўі — гэта малая царква. У царкве існуе прынцып іерархічнасці. Ёсць ступені святарства і нават паняцце нябеснай іерархіі сярод анёлаў. Строй царквы, і зямной, і Нябеснай, іерархічны. І гэта толькі ўмацоўвае яе і напаўняе сэнсам, гармоніяй. Тое ж самае і ў сям’і. Прынцып іерархіі будзе фарміраваць гармонію і паразуменне паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Пры гэтым ступень асабістай свабоды дзіцяці паступова будзе расці, і гэта стане залогам яго правільнага развіцця.
— Ці можна выправіць сітуацыю, калі давер дзіцяці да бацькоў страчаны? Такое часта адбываецца ў падлеткавым узросце...
— Можна выправіць усё і заўсёды. Давер з’яўляецца з аўтарытэту бацькоў. І гэты аўтарытэт не ўзнікае проста так. Аўтарытэт зарабляецца працай. Ніколі не позна пачаць працаваць у гэтым кірунку. І дзецям, і асабліва бацькам неабходны пастаянны духоўны рост. Так, усе мы памыляемся. У такіх сітуацыях бацькам дарэчы прасіць прабачэння ў сваіх дзяцей — за раздражненне, праявы злосці, адсутнасць вытрымкі. З гэтага і складаецца паразуменне і давер.
— Як зберагчы падлетка ад памылак?
— Важна, каб у дзіцяці было дакладнае разуменне таго, што такое дабро і зло, што такое грэх і якую шкоду ён можа нанесці і самому чалавеку, і навакольным. Разам з фізічным і інтэлектуальным удасканаленнем вельмі важна закладваць у свайго дзіцяці і духоўныя асновы. Гэта пастаянны працэс, які не павінен спыняцца. Спосабы могуць быць рознымі. Прасцей за ўсё зрабіць гэта праз добрыя, мудрыя кнігі. І перш за ўсё гэта Евангелле — вечная кніга, якая дае прамыя адказы на складаныя пытанні. Ёсць царкоўны вопыт разумення Свяшчэннага Пісання, які мы даносім да вернікаў праз пропаведзі, таінствы, малітвы. Гэта спосаб фарміравання ў дзіцяці ўнутранага стрыжня, які па меры сталення будзе дапамагаць прымаць правільныя рашэнні і зберажэ ад памылак.
— З якімі праблемамі часцей за ўсё да святара прыходзяць бацькі?
— З самымі рознымі. Вось, напрыклад, распаўсюджанае пытанне: што рабіць з дзіцячымі істэрыкамі ў людных месцах — у гандлёвых цэнтрах, дзе дзіця патрабуе купіць яму нешта. Маё меркаванне: ні ў якім выпадку нельга саступаць дзіцяці. Такія формы дзіцячых істэрык — гэта часцей за ўсё маніпуляцыя, спроба дамагчыся свайго. Але разбор сітуацыі трэба перанесці туды, дзе не будзе старонніх і спадзе эфект «работы на публіку». Паводзіць сябе ў такой сітуацыі бацька або маці павінны з любоўю і без раздражнення, хоць гэта і складана. Але калі эмацыянальнае напружанне будзе і з боку дарослага, і з боку дзіцяці, ні да чога добрага гэта дакладна не прывядзе. Бацькі з любоўю павінны праяўляць цвёрдасць і стрыманасць. Гэта датычыцца ўсіх складаных сітуацый з дзецьмі, таму што часам бацькам даводзіцца шкадаваць аб сваіх словах і нават дзеяннях у стане эмацыянальнага напружання — пра гэта, бывае, кажуць людзі, якія прыходзяць у храм. Так, скінуць раздражненне складана. Святыя айцы рэкамендуюць у такой сітуацыі прачытаць пра сябе малітву. Можна звярнуцца да Бога сваімі словамі. Малітва, як паказвае практыка, здольная тварыць цуды. У любой сітуацыі важна памятаць, што ўзаемаадносіны дзяцей і бацькоў — гэта нястомная сумесная праца, пастаянны рух насустрач адзін аднаму. Часам бацькі вырашаюць, што яны заўсёды маюць рацыю, ніколі не памыляюцца, усё ведаюць і разумеюць. Як толькі такая думка закралася ў галаву — гэта знак, што нешта не так. Любому з бацькоў заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, што выпраўляць у сваім унутраным свеце. Бацькоўскую працу трэба ўспрымаць як пастаянную духоўную работу. Рабіць яе трэба ў стане ўнутранай сабранасці, каб правільна рэагаваць на любыя сітуацыі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyhavanne-dzyacey
[5] https://zviazda.by/be/tags/carkva
[6] https://zviazda.by/be/tags/religiya