У фестывалі прыняло ўдзел каля 130 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі з Магілёва, Бабруйска, Магілёўскага, Бабруйскага, Горацкага, Глускага, Дрыбінскага, Клічаўскага, Крычаўскага і Слаўгарадскага раёнаў. На працягу дня артысты з парушэннямі слыху, зроку і іншымі асаблівасцямі дэманстравалі свае таленты на сцэне Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. У фае ўстановы працавала выстаўка дэкаратыўна-прыкладных работ майстроў з інваліднасцю.
У фестывалю ёсць свае нюансы. Яго прыхільнікі ўжо ведаюць, што калі на сцэну выходзяць выканаўцы грамадскай арганізацыі «Беларускага таварыства глухіх», лепш перабрацца на галёрку — гук проста аглушальны. Але глядзець на выступоўцаў вельмі цікава. У іх гаворыць усё: вочы, твары, рукі. Наогул, творчасць асаблівых людзей заўсёды больш эмацыянальная і кранальная. Нездарма кажуць, што, калі Бог нешта забірае, ён кампенсуе чымсьці іншым. Фестываль «Разам мы зможам больш!» дазваляе ўбачыць гэтая «іншае» і яшчэ лепш зразумець сусвет людзей.
— Назва фестывалю «Разам мы можам больш» і вызначае яго значнасць, — звяртае ўвагу начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок. — Яго задача ў першую чаргу — даць роўныя магчымасці для ўсіх нашых грамадзян. Фестываль мае вялікі патэнцыял, я спадзяюся, што ўсё болей і болей таленавітых людзей будзе да яго далучацца.
На фестываль прыехала цэлая каманда ад Бабруйскай гарадской арганізацыі інвалідаў на чале з яе кіраўніком Таццянай Пукала.
— Я працую нядаўна і ўпершыню на гэтым фестывалі, але ён мне ўжо падабаецца, — усміхаецца яна. — У нас ёсць свая зорачка — вакалістка Святлана Атаханава, якая заняла адно з прызавых месцаў на «Славянскім базары».
На выстаўцы можна было ўбачыць вышытыя іконы 51-гадовай бабруйчанкі Ірыны Юшкевіч. Яна адна з актыўных наведвальніц гуртка, якіх пры арганізацыі працуе на любы густ. «Яе іконы мы асвячаем у храме», — звяртае ўвагу Таццяна Пукала і запрашае паглядзець на стыльны скураны куфэрак яшчэ адной сваёй падапечнай. Аўтар — інвалід другой групы Таццяна Нікіціна. За аснову яна ўзяла звычайную скрыню з-пад абутку. У руках майстра тая змянілася да непазнавальнасці.
— А яшчэ Таццяна шые экалагічныя сумкі, — заўважае суразмоўніца. — Іх усе да адной раскупілі на «Славянскім базары». А вось паглядзіце, якія цудоўныя ў яе атрымліваюцца вясельныя ўпрыгожванні з келіхаў. Праз сацсеткі іх ужо куплялі на вясельныя сталы. Гэта ідэя не з інтэрнэту — жанчына наогул не карыстаецца ім. Гэта — яе фантазія. Калі пойдуць заказы, зробім з яе індывідуальнага прадпрымальніка.
Сёлета ў Бабруйскую гарадскую арганізацыю інвалідаў прыйшлі навічкі з ліку моладзі, што натхніла кіраўніцтва стварыць інклюзіўны клуб.
— Гэта будзе нешта накшталт утульнай кавярні, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць абменьвацца думкамі, — кажа Таццяна. — Кавярня будзе знаходзіцца ў бабруйскім Палацы мастацтваў, бо гэтую ініцыятыву мы рэалізуем у партнёрстве з імі. Будзем рыхтаваць розныя забаўляльныя праграмы. Плануецца ўкараніць «хуткія спатканні». Насамрэч людзям з інваліднасцю цяжка пазнаёміцца, здаровыя мужчыны і жанчыны не заўсёды прымаюць нас у сваю кампанію.
Старшыня праўлення Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання Беларускага таварыства інвалідаў Алеся Цумарава некалькі гадоў таму перамагла ў краіне з сацыяльным праектам і стварыла ў Магілёве пляцоўку пад назвай «Тэрыторыя людзей». Тут свае магчымасці могуць развіваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі з усёй вобласці.
— Наш цэнтр узняўся на новы ўзровень, — дзеліцца яна поспехамі. — У нас з'явілася месца, дзе можна выпіць кавы, травяной гарбаты. Мы супраць пластыкавага посуду, таму напіткі падаём выключна ў папяровых кубачках. Яшчэ мы пачалі вязаць адзенне для жывёл. А нядаўна падпісалі дагавор супрацоўніцтва з «Магілёўлітфтмашам», будзем рабіць для іх сувенірную прадукцыю.
Карціны, іконы, адзенне, біжутэрыя, вышыўка, вырабы з цеста — выстаўка атрымалася вельмі насычаная, што яшчэ раз даказвала: творчасць асаблівых людзей не мае межаў.
— У фестывалі прымалі ўдзел работы майстроў 10 раённых арганізацый, — адзначыла Алеся Цумарава. — Клічаўская майстрыха, напрыклад, зрабіла свае работы ў моднай зараз тэхніцы поп-арт. І такіх свежых ідэй шмат. Нягледзячы на ўсе складанасці гэтага і папярэдняга года, мы працягвалі развівацца і творча расці.
А вось Раман Казлоў — дызайнер. На выстаўцы можна было ўбачыць створанае ім адзенне ў беларускім стылі з выкарыстаннем ільну. Малады чалавек мае праблемы са слыхам. Вучыўся ў магілёўскім эканамічным каледжы, працаваў на аршанскім прадпрыемстве «Нітка». Зараз развівае свае здольнасці па шыцці. Летась ён заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім этапе конкурсу WorldSkіlls у адпаведнай катэгорыі.
А колькі яркіх нумароў прадэманстравалі майстры сцэны! У складзе народнага фальклорнага калектыву «Квецень» Бабруйскага прадпрыемства «Святлопрыбор» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку ў Магілёў прыехалі 16 чалавек. У нацыянальных строях, задзірыстыя, пявучыя, яны звярталі на сябе ўвагу непасрэднасцю і мовай. На конкурсе яны дэманстравалі фрагмент «Масленіца гуляла — вясну сустракала».
— Мы гэтую праграму спецыяльна рабілі на беларускай мове, — прызналіся артысты. — Захоўваем нашы традыцыі і прасоўваем у масы. Фестываль для нас — добрая аддушына. Стасункі вельмі важныя. Хочацца, каб такіх сустрэч было болей. Яны даюць магчымасць падтрымаць знаёмствы, знайсці новыя.
Чатыры гады таму фестываль «Разам мы зможам больш!» праводзіўся ў Магілёве на міжнародным узроўні. Тады прыязджалі творчыя людзі з інваліднасцю з некалькіх абласцей Расійскай Федэрацыі. Гэтым разам было прыемна пачуць ад старшыні Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алега Хмялькова, што на наступны год зноў плануецца зрабіць яго міжнародным. «Прынамсі, Пасткамітэт Саюзнай дзяржавы ўжо зацвердзіў яго», — удакладніў ён.
Сёлетні фестываль рэгіянальны, але не стаў ад гэтага менш цікавым і насычаным. Усе яго канкурсанты — і артысты, і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці — атрымалі дыпломы: хто — пераможцаў, хто — прызёраў, хто — проста ўдзельнікаў. Нікога не пакрыўдзілі.
Найвышэйшую адзнаку атрымаў таксама народны хор народнай песні «Гасцінец» Магілёўскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» пад кіраўніцтвам Мікалая Варапая ( «Народныя спевы»).
Дыпломамі І ступені абласнога фестывалю творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш!» узнагароджаны ўдзельнікі ад магілёўскага Дома культуры прадпрыемства «Метыз» грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Уладзімір Ляпусцін (намінацыя «Выяўленчае мастацтва»), дуэт Наталлі Зайцавай і Рамана Харунжага ад народнага тэатра жэставай песні «Рукі, якія спяваюць» («Жэставыя спевы»), а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці «Універсальная сямейка» («Арыгінальны жанр») і Маргарыта Марахоўка («Харэаграфічнае мастацтва») Дома культуры прадпрыемства «Універсал Бабруйск» грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх».
У пераможцах — прадстаўнікі Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Любоў Пляскіна («Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»), Алена Краснянкова («Аўтарская паэзія і бардаўскае творчасць») і Святлана Перуноўская («Эстрадныя спевы»).
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[4] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[5] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/invalidy
[7] https://zviazda.by/be/tags/razam-my-zmozham-bolsh-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/terytoryya-lyudzey