...Новы курс развіцця ўніверсітэта абмеркавалі на Савеце БДУ з удзелам кіраўнікоў факультэтаў, інстытутаў, дырэктараў прадпрыемстваў, начальнікаў упраўленняў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і студэнцтва. Плануецца, што выніковы варыянт прадставяць і зацвердзяць на святочным Савеце БДУ з нагоды яго 100-годдзя.
Як адзначыў у сваім выступленні рэктар Андрэй КАРОЛЬ, у аснову прапанаванага праекта былі пакладзены вынікі выканання мэт БДУ за 2018—2021 гады і новыя выклікі часу з улікам трансфармацыі соцыуму і тэхналогій.
Для эфектыўнага развіцця Белдзяржуніверсітэта ключавымі стратэгічнымі напрамкамі на найбліжэйшыя гады заяўлены: павышэнне якасці адукацыі з арыентацыяй на персаніфікацыю, індывідуалізацыю, лічбавізацыю; развіццё прафесійнай кампетэнтнасці выкладчыкаў і супрацоўнікаў; павелічэнне долі высакакласных спецыялістаў і перадавых тэхналогій; развіццё выхаваўчай работы ў кантэксце трансфармацыі сацыякультурнага асяроддзя з выкарыстаннем новых формаў і метадаў работы для фарміравання каштоўнасцяў і самарэалізацыі моладзі; інтэрнацыяналізацыя і развіццё экспартнага патэнцыялу БДУ для яго інтэграцыі ў сусветную навуковую прастору; пабудова ўстойлівай эканамічнай мадэлі ўніверсітэта і дыверсіфікацыя крыніц даходаў.
Шмат у чым пазначаныя стратэгічныя напрамкі з'яўляюцца карэкціроўкай мэт развіцця БДУ апошніх гадоў, са стратэгічна важнымі вынікамі якіх таксама азнаёміліся ўдзельнікі Савета. Так, у галіне адукацыі эфектыўна рэалізоўваецца вектар на крэатыўнасць, якасць і канкурэнтназдольнасць. Адзначана эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для захавання якасці адукацыі.
Пра дасягненні ў навуковай сферы сведчыць рост колькасці публікацый у замежных часопісах і колькасці супрацоўнікаў з навуковымі ступенямі. Працягваецца работа па ўключэнні ў навукаметрычную рэфератыўную базу даных Scopus выданняў БДУ. Значным вынікам з'яўляецца ўваходжанне БДУ ў 1 % найлепшых ВНУ свету.
У сферы інфармацыйнай палітыкі важным стаў запуск абноўленай версіі афіцыйнага сайта БДУ на чатырох мовах і функцыянаванне адзінага інфармацыйна-камунікацыйнага комплексу, які ўключае 120 сайтаў структурных падраздзяленняў, студэнцкія анлайн-СМІ факультэтаў і групы ў сацыяльных сетках.
Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ўдалося нарасціць экспарт адукацыйных паслуг, атрыманы прыбытак дазволіў павялічыць сярэднюю заработную плату і ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Дарэчы, заработная плата кіраўнікоў і прафесарска-выкладчыцкага саставу «прывязаная» да прадукцыйнасці іх працы і выканання ключавых параметраў развіцця БДУ.
Вынесены на абмеркаванне праект па стратэгічных напрамках развіцця БДУ ў хуткім часе будзе прапрацаваны членамі Савета для наступнай распрацоўкі дарожных карт па рэалізацыі пастаўленых мэт.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-karol
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/savet-bdu