Васямнаццацігадовая, высокая, стройная шатэнка з карымі вачыма — гэта вобраз Дар'і Ганчарэвіч, якую ў мінулую пятніцу журы абрала эталонам жаночай прыгажосці і ўзнагародзіла каронай «Міс Беларусь — 2021». Пераможца самага жаноцкага конкурсу краіны працуе мадэллю і выкладчыкам дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці і марыць стаць арганізатарам Тыдня моды ў Беларусі.
Для пераможцы зрабілі новую карону з белага золата з россыпам тапазаў і брыльянтаў і са стылізацыяй кветкі валошкі. Карону Дар'я Ганчарэвіч атрымала, абышоўшы 29 фіналістак шоу. А яно на самой справе было чароўным. Упрыгожвалі фінал мілавідныя дзяўчыны на сцэне, дызайнерскія касцюмы, захапляльная сцэнаграфія, выступленні таленавітых айчынных і замежных артыстаў. Канцэпцыю шоу ў Палацы спорту «Міс Беларусь — 2021» задалі беларускія легенды і святы. Аўтары фіналу паказвалі прыгажосць беларускіх жанчын праз прыгажосць іх краіны.
Місію выбраць самую лепшую з роўных усклалі на журы. Старшынствавалі ў ім оперны спявак Уладзімір Громаў і дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая. У складзе таксама дэпутат, «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч, гендырэктар «Крышталь-Холдынг» Руслан Саракавы, старшыня Маладзёжнага савета Ягор Макарэвіч, рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская, дацэнт кафедры БДАМ Канстанцін Касцючэнка, кампазітар Яўген Алейнік, балерына Вольга Гайко, гандбаліст Сяргей Рутэнка і «Міс Сусвет» Аксана Фёдарава.
Выбраць найлепшую — задача амаль невыканальная. Гэта на пачатку фіналу пацвердзіў кампазітар Яўген Алейнік. Але назваў крытэрыі, якія дапамогуць яму вызначыцца з рашэннем. Прыгажосць будучай «Міс Беларусь» — гэта сукупнасць знешнасці і духоўных якасцяў. «З мяне так сабе член журы, бо беларускія дзяўчаты — прыгажуні. Як можна выбіраць? Наколькі я зразумеў па рабоце журы, прыгажуню выбіраюць па сукупнасці. Вельмі важны духоўны складнік асобы, сацыяльная дзейнасць. Многія дзяўчыны займаюцца грамадска карыснымі справамі і гэтым выбіваюцца з іншых», — сказаў Яўген Алейнік.
Пераможца конкурсу «Міс Расія» і «Міс Сусвет» Аксана Фёдарава адзначыла, што для кожнай з дзяўчат удзел у фінале ўжо вялікі крок, з якога можа пачацца выдатная будучыня.
«Усе дзяўчаты, якія выйшлі ў фінал, безумоўна, валодаюць бездакорнымі знешнімі вартасцямі. Але гэтага недастаткова. На сцэне павінна гучаць мелодыя душы. Дзяўчына павінна ўмудрыцца за кароткі час сваімі рухамі, сцэнаграфіяй, харэаграфіяй, пластыкай паказаць, што ў яе ўнутры. Каму гэта ўдаецца, хто можа пераадолець хваляванне, паказаць сваю харызму, той і выбіваецца ў лідары», — сцвярджае член журы.
Аздаблялі шоу акрамя дэфіле прыгажунь перабіўкі, што перадавалі атмасферу за кулісамі, размовы вядучых з удзельніцамі і залай. Дарэчы, з-за пандэміі новую ўладальніцу тытула «Міс Беларусь — 2021» давялося чакаць не два гады, а тры. Таму, верагодна, і білетаў на фінал не было ўжо за тыдзень да конкурсу.
Большасць гледачоў на трыбунах Палаца спорту ў пятніцу вечарам — балельшчыкі: бацькі, сябры і сакурснікі фіналістак шоу. Падтрымаць дзяўчат прыехаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Верагодна, самымі гучнымі і актыўнымі балельшчыкамі былі гледачы з Інстытута культуры і мастацтваў. Зразумела, іх рэктар у складзе членаў журы, а некалькі студэнтак — на сцэне.
Менавіта гледачы дапамаглі журы праверыць прамоўніцкія якасці і знаходлівасць дзяўчат. Пытанні разнастайнай тэматыкі: ад аб'ёму ВУП краіны да любімых літаратурных аўтараў прагучалі з залы. Былі яны загадзя зрэжысіраваныя альбо не — невядома. Але нават калі прыгажуні ведалі пытанні загадзя, патрэбна мужнасць, каб спакойна, упэўнена і без хвалявання адказаць.
Генеральным партнёрам мерапрыемства стаў «Банк развіцця», а арганізатарам конкурсу традыцыйна выступілі тэлеканал «АНТ», Міністэрства культуры і Нацыянальная школа прыгажосці.
Як паведамілі арганізатары, галоўная прыгажуня Беларусі ў падарунак атрымае салідную грашовую прэмію, аўтамабіль «Белджы» і права прадставіць краіну на «Міс свету» ў Пуэрта-Рыка.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2021
[4] https://zviazda.by/be/tags/darya-gancharevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-fyodarava